«Справа 26-ці» — новая хваля палітычнага пераследу

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменнікаў патрабуюць спыніць рэпрэсіі, неадкладна вызваліць усіх зняволеных.

dzenvoli4_logo_1.jpg


Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменнікаў пратэстуюць супраць палітычнага пераследу грамадскіх актывістаў.
Пасля перыяду ўяўнай лібералізацыі і пачатку доўгачаканага дыялогу з дэмакратычнымі краінамі беларуская ўлада зноў пачала прымяняць гвалт у адносінах да мірных дэманстрантаў, грамадскіх актывістаў, дзеячаў культуры, практыкаваць арышты і збіццё ўдзельнікаў негвалтоўнага супраціву.
Сістэмны эканамічны крызіс, у якім сёння знаходзіцца Беларусь, а таксама шэраг непапулярных заканадаўчых захадаў з боку дзяржавы, самы спрэчны з якіх — Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», спарадзілі грамадскае напружанне, вынікам якога сталіся лютаўскія і сакавіцкія масавыя мірныя акцыі па ўсёй краіне.
Адказам з боку дзяржавы на такую рэакцыю грамадства, гарантаваную Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, сталі каля тысячы затрыманых, сотні асуджаных паводле адміністратыўных артыкулаў — у асноўным актывісты недзяржаўных грамадскіх арганізацый і журналісты.
Нечуваныя па сваіх маштабах і жорсткасці рэпрэсіі займелі працяг у фабрыкаванні крымінальнай справы па артыкуле “Арганізацыя масавых беспарадкаў” (КК РБ, арт. 293, ч.3) у дачыненні да 26 грамадзянаў, сярод якіх апынуліся палітыкі, грамадскія актывісты, распаўсюднікі беларускай кнігі, а таксама шараговыя грамадзяне. Усе яны былі затрыманыя прэвентыўна і не мелі ніякага дачынення да арганізацыі і правядзення ні папярэдніх акцый пратэсту, ні святкавання Дня Волі, што ладзілася 25 сакавіка.
Затрыманні па справе 26-ці праводзіліся гвалтоўна і нагадвалі выкраданні людзей невядомымі асобамі ў цывільным. Сваякі і адвакаты некалькі сутак не мелі інфармацыі пра месцазнаходжанне зняволеных, іх стан здароўя і прычыны арышту. Цяпер 26 затрыманым інкрымінуецца падрыхтоўка і навучанне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, за што ім пагражае да трох гадоў турэмнага зняволення. Перакананыя, што ўзбуджаная адносна іх крымінальная справа носіць выключна палітычны характар, з’яўляецца бяздоказнай і мае адзіную мэту — запалохаць грамадства і адцягнуць увагу ад сацыяльна-эканамічных праблем у краіне.

МГА “Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»” і грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” выказваюць абурэнне хваляй палітычных рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці.
Патрабуем ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі, неадкладна вызваліць усіх зняволеных і зняць несправядлівыя абвінавачанні, а таксама прыцягнуць да адказнасці тых службовых асобаў, якія парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян.

Заклікаем беларускае грамадства ў краіне і за яе межамі да праяўлення салідарнасці з затрыманымі і іх сем’ямі.
Заклікаем міжнародную грамадзянскую супольнасць і кіруючыя органы дэмакратычных краін свету рашуча адрэагаваць на рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі і запатрабаваць ад беларускага кіраўніцтва забеспячэння правоў чалавека і выканання нормаў законнасці.
Выказванне грамадзянскай пазіцыі і патрыятызм не з’яўляюцца злачынствам.

Паводле прэс-службы ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"