«За справядлівыя выбары»: вынікі выбараў не адпавядаюць волевыяўленню грамадзян
«За справядлівыя выбары» выдалі грунтоўную справаздачу ў стылі міжнародных назіральнікаў.
Як паведаміў адзін
з каардынатараў кампаніі Віктар Карняенка, «Мэта кампаніі — паказаць, што выбары — не рытуал з савецкіх часоў, а тое, што ўплывае на іх
жыццё. І сабраць доказы фальсіфікацыяў, калі яны ёсць».
З гэтай мэтай вызначыліся доўгатэрміновае назіральнікі — 9 экспертаў, якія праводзілі маніторынг выбарчай кампаніі, аналізавалі заканадаўства. Назіранне падчас датэрміновага галасавання ажыццяўлялася на 54 участках, якія кампанія вызначыла з дапамогай сацыёлагаў. Гэтую працу зрабілі 108 назіральнікаў. Што тычыцца назірання ў асноўны дзень галасавання, то тут адна з задачаў кампаніі — заангажаваць у яе як мага больш людзей. І гэтая задача збольшага была выкананая: назіранне вялося на 811 участках, у ім удзельнічала больш за 1300 назіральнікаў.
Яшчэ адзін
каардынатар кампаніі, Валер Ухналёў адзначыў, што ўсе этапы кампаніі праходзілі
з парушэннем заканадаўства.
У датэрміновым галасаванні «паўсюдна» выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс і прымус да галасавання. Як прыклад, Ухналёў зазначыў: 76% студэнтаў БНТУ прагаласавалі датэрмінова.
Што тычыцца абяцанага паказу бюлетэняў назіральнікам, то іх паказвалі. У адзінкавых выпадках. Асабліва на адным з участкаў, на якім 90% выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова, а ў асноўны дзень галасавання прыйшло толькі 9 чалавек!
Найперш у справаздачы адзначаецца, што «ў краіне адсутнічаюць базавыя ўмовы функцыянавання палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і судовай сістэмаў, якія б маглі дазволіць правесці ў Беларусі свабодныя і справядлівыя выбары».
Таксама кампанія «За справядлівыя выбары» засяроджвае ўвагу на тое, што «нягледзячы на запэўніванні ўладаў», ніводная з рэкамендацыяў АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства выкананая не была. Унесеныя ж змены «не стварылі ўмоваў пра тое, каб выбары прайшлі ў роўнай і канкурэнтнай барацьбе».
Дарэчы, адзначаецца, што насуперак усім словам адказных чыноўнікаў ЦВК пра тое, што «правілы гульні на пераправе не мяняюць», гэтая структура абмежавала правы давераных асобаў кандыдатаў назіраць на ўчастках, чым «змяніла правілы назірання ў працэсе галасавання». Прычым, зроблена гэта было ўжо падчас датэрміновага галасавання: то бок, у самы разгар выбараў.
Нараканні на выбары стандартныя: непразрыстае фармаванне выбарчых камісій, цэнзура падчас агітацыі (адмова дзяржаўных выданняў друкаваць праграмы кандыдатаў, нявыхад у эфір выступаў шэрагу кандыдатаў), мелі месца выпадкі нападаў на агітацыйныя пікеты. У перыяд датэрміновага галасавання — прымус і завышэнне яўкі, падлік галасоў — непразрысты. Адзначаліся і факты перашкоды назіральнікам у працэсе іх дзейнасці.
Карацей, як адзначыў лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін: «Тое, што мы спрабуем аналізаваць, ніякіх адносінаў да волевыяўлення грамадзян не мае. Толькі на асобных участках лічылі галасы. Тое, што абвяшчаецца, не з’яўляецца вынікам выбару людзей. Тое, што зараз дэманструюць улады, — гэта пірава перамога. Усе праблемы, якія былі — засталіся. Сваімі дзеяннямі ўлада вядзе народ да вайны. Выключаючы мірныя перамены, яны вядуць краіну да сумнага выніку».
Пракаментаваў Калякін і трапленне ў Палату прадстаўнікоў двух прадстаўніц апазіцыі: па папярэдніх дадзеных у парламент прайшлі Алена Анісім, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы, і прадстаўніца АГП Ганна Канапацкая. «Ім пашанцавала. Яны патрапілі ў парламент і атрымалі дадатковыя магчымасці. Але яны патрапілі туды па волі гульні ўлады. Па Канапацкай — не было адкрытага падліку галасоў. За два дні да заканчэння выбараў прозвішча Канапацкай называлася, як асноўнай пераможцы. Былі ўкіды бюлетэняў за яе, да якіх яна не мела дачынення», — найперш адзначыў Калякін.
Па ягоных словах, гэты выпадак — гульня ўлады на прызнанне выбараў Еўропай. «Гэта не сістэма, гэта нельга расцэньваць як нейкія змены», — падкрэсліў кіраўнік «Справядлівага Свету».
Больш блізкі да АГП Віктар Карняенка адзначае: згуляў ролю фактар прыналежнасці Канапацкай да АГП. «Для кіраўніцтва партыі зараз складаная сітуацыя. Яны ўвесь час казалі, што патрапіць ва ўладу можна толькі па ўладных спісах. Магчыма, была задача паставіць на месца Таццяну Караткевіч, якая ішла па адной акрузе з Канапацкай. Але мы зазначаем, што на яе акрузе не было адкрытага падліку галасоў».
Што яшчэ канстатавалі назіральнікі «За справядлівыя выбары»? Найперш трэба адзначыць, што, згодна справаздачы, на 82,7% участках, на якіх былі назіральнікі ад гэтай кампаніі, працэс падліку галасоў і вызначэння вынікаў выбараў апынуўся абсалютна непразрыстым не толькі для назіральнікаў, але і для саміх сябраў выбарчых камісій. То бок, як звычайна, сябры камісій не агалошвалі вынікі свайго падліку, а пісалі лічбы на паперках і ўпотай перадавалі іх старшыні камісіі.
На 44,2% выбарчых участках былі праігнараваныя патрабаванні заканадаўства пра падлік галасоў і агалошванне вынікаў асобна па датэрміновым галасаванні і галасаванні ў асноўны дзень выбараў.
Такім чынам, гэтыя выбары ў Палату прадстаўнікоў праходзілі з сур’ёзнымі парушэннямі выбарчага заканадаўства, і няма ніякіх падставаў лічыць, што агучаныя афіцыйныя вынікі адпавядаюць рэальнаму волевыяўленню грамадзян.