Правацэнтрысты: Можна казаць пра прызначэнне ўсіх 110 дэпутатаў

Правацэнтрысты заявілі, што выбары не адбыліся, і маюць намер ствараць форум дэмакратычных кандыдатаў.

img_2937_novyj_razmer_logo.jpg

 

 
Лідары Руху «За Свабоду», АГП і БХД, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкую кааліцыю, заявілі аб тым, што ўсе 110 дэпутатаў парламента былі прызначаныя, а выбары адбываліся пад поўным кантролем уладаў і суправаджаліся шматлікімі фальсіфікацыямі.

 

Па словах намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, выбары праходзілі па ранейшым сцэнары. Улада працягвае цалкам кантраляваць выбарчую сістэму. Камісіі сфарміраваныя без удзелу апазіцыі, адсутнічае свабода СМІ, абмяжоўваецца свабода аб’яднанняў, а таксама правы грамадзян на арганізацыю мітынгаў і сходаў. Улічваючы шматлікія парушэнні якімі суправаджаўся выбарчы працэс, правацэнтрысцкая кааліцыя не можа прызнаць выбары ў Палату прадстаўнікоў.

 

Назіральнікі фіксавалі шматлікія парушэнні: па-першае, прыпіскі выбаршчыкаў да 30% і болей. У дзень галасавання на некаторых акругах яўка была прыпісана на 100% (Каліноўская выбарчая акруга 108). Камісіі былі сфармаваны без удзелу апазіцыі. Да падліку галасоў назіральнікаў у большасці выпадкаў не дапускалі. Нягледзячы на анансаванне дазволу назіральнікам бачыць бюлетэні і пазнакі ў іх, падлік галасоў праходзіў па ранейшай завядзёнцы.

 

«Можна казаць пра прызначэнне ўсіх 110 дэпутатаў. Адсутнасць прагрэсу толькі закансервуе сітуацыю», — адзначыў Юрась Губарэвіч.

 

«Нашыя патрабаванні: зрабіць адкрытымі спісы і адкрыта лічыць галасы не былі выкананыя. Адсюль сталі магчымымі і актыўна выкарыстоўваліся маніпуляцыі з боку камісій з яўкай і прыпіскі галасоў. Улады забіралі галасы ў моцных кандыдатаў і прыпісвалі іх праўладным. Насамрэч на ўсіх акругах Мінска яўка выбаршчыкаў не дасягнула неабходных 50%. Беларусы выказалі сваё стаўленне да спектакля пад назвай «выбары», — адзначыў сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі.

 

Праавацэнтрысты ставяць перад сабой задачу па дэлегітымізацыя незаконнага парламенту як у Беларусі, так і за яе межамі.

 

«У народа адзіная магчымасць уплываць на ўладу — грамадскі ціск і пратэст. Каб мянялася выбарчае заканадаўства і практыка яго прымянення, а таксама заканадаўства ў іншых сферах», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

 «Правацэнтрысцкая кааліцыя працягвае сваю дзейнасць. Пераходзім на другі этап сучаснай працы. Мы лічым, што трэба ствараць пляцоўку, на якой будзем аб’ядноўваць высілкі ўсіх дэмкандыдатаў (своеасаблівы дэмакратычны форум — форум дэмакратычных кандыдатаў). Будзем працягваць працу з выбаршчыкамі. Зараз нелегітымнасць парламента ўнутры Беларусі будзе вызначальным фактарам для працы з людзьмі», — адзначыў лідар АГП Анатоль Лябедзька.

 

Пры гэтым, у Палаты прадстаўнікоў прайшла кандыдатка ад АГП Ганна Канапацкая. Але гэты факт не ўплывае на ацэнку выбараў правацэнтрыстамі: паводле супольнага меркавання ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі, улада кантралявала сітуацыю на ўсіх акругах. На адным яна дазволіла прайсці дэмакратычнаму кандыдату.

 

«На акрузе Ганны Канапацкай паводле звестак правацэнтрыстаў таксама не было яўкі», — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.