Караеў папрасіў абараніць сведак-сілавікоў. А давайце наогул суды адменім?

Караеў накіраваў у пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў Нацсходу зварот, у якім гаворыць пра неабароненасць сваіх супрацоўнікаў, якія выступаюць сведкамі падчас адміністрацыйных працэсаў, і прапануе змяніць закон, каб абраніць іх і іх сем’і.

marsz_herojau.jpg


Скрыны дакументу з’явіліся 15 верасня ў тэлеграм-канале блогера Антона Матолькі. Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава пацвердзіла Onliner іх сапраўднасць. Шырэйшы каментар яна абяцала даць пазней.

У дакуменце гаворыцца, што пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу часцяком узнікаюць складанасці з абаронай тых, хто ў ім удзельнічае, у тым ліку службоўцаў дзяржаўных органаў. Для іх выкананне сваёй працы «можа быць спалучана з замахам на бяспеку іх, іх блізкіх альбо разгалошванне службовай інфармацыі, персанальных даных», — адзначае Караеў.

«Асобна неабходна адзначыць неабароненасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у ходзе разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да асобаў, якія ўдзельнічалі ў незаконных масавых мерапрыемствах (мітынгі, шэсці, пікеты), якія з’яўляюцца ўдзельнікамі нефармальных абʼяднанняў і рухаў, якія аказваюць групавое непадпарадкаванне органам улады», — піша Караеў.

У тэксце адзначаецца, што сілавікі часцяком выступаюць у працэсах сведкамі, пры гэтым судовыя пасяджэнні з’яўляюцца адкрытымі, і «прадстаўнікі дэструктыўных сіл», СМІ і іншыя вядуць аўдыё-, фота- і відэафіксацыю працэсу. Пасля персанальныя даныя сілавікоў з іх фатаздымкамі размяшчаюць у інтэрнэце «з заклікамі аказання псіхалагічнага і фізічнага ціску на службовых асоб органаў унутраных спраў і іхных семʼяў».

З улікам сказанага Караеў прапануе шэраг захадаў дзеля забеспячэння бяспекі тых, хто выступае сведкамі на судах:

   - неразгалошванне іх асабістай інфармацыі,

   - вызваленне ад яўкі ў суд,

   - закрыты разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні,

   - забарона на выдачу звестак.

Адпаведныя змены ён прапануе ўнесці ў праект Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.

А давайце яшчэ і зробім для такіх нібыта "сведак" наогул праграму абароны? Чаго ж там! За нашы грошы нас жа хапаюць, б'юць, супраць нас ілжэсведчаць. Хай яшчэ за нашы грошы дзесьці пажывуць у цёплых краях.

Можна наогул адмяніць суды. Бо тое, ува што яны зараз ператварыліся, нават здалёк не нагадвае правасуддзе. Таму можна скараціць ланцужок да двух аб'ектаў: чалавек у балаклаве — ЦІП.

А калі сур'ёзна, то апошнія падзеі ў судах даводзяць: тых, хто гатовы лжэсведчыць, сярод супрацоўнікаў сілавых структур засталося не так шмат, і таму адныя і тыя ж людзі пад рознымі імёнамі працягваюць здзяйсняць крымінальныя злачынствы. Рана ці позна яны за гэта адкажуць. І выглядае, што хутчэй рана, чым позна.