Пасля мітынгу клічуць на «размову» ў міліцыю — што рабіць?

Апошнім часам некаторым людзям, якія ўдзельнічалі ў мітынгах і маршах, тэлефануюць супрацоўнікі міліцыі і запрашаюць «зайсці на размову». «Наша Ніва» пацікавілася ў адваката, што рабіць у такіх выпадках.

img_2725_1_logo_1.jpg

«Тут у чалавека ёсць тры варыянты паводзінаў: не ісці ўвогуле, ісці аднаму ці ісці з адвакатам, — кажа адвакат Антон Гашынскі.
Варыянт першы: не ісці. Павесткі не было, адпаведна, адказнасць за няяўку не прадугледжаная, можаце ігнорыць. Але ж да вас могуць прыехаць у кватэру. У такім выпадку трэба пазваніць адвакату, растлумачыць, што адбываецца і чакаць яго. Пакуль чакаеце, дзверы можаце не адкрываць — ламаць іх, хутчэй за ўсё не будуць, бо для гэтага патрэбная санкцыя пракурора. Калі адвакат прыедзе, ён раскажа, што рабіць.
Варыянт два: ісці ў міліцыю аднаму. Варыянт кепскі. Бо на вас могуць аказваць ціск, вы можаце даць паказанні не на сваю карысць: пад пагрозамі ці проста выпадкова. У выніку вас могуць і затрымаць. Ды і калі будзе жаданне, супрацоўнікі могуць проста прыдумаць «непадпарадкаванне работнікам міліцыі», а гэта ўжо значыць пасадку на суткі. Калі вас затрымаюць, то і сваякам, і адвакату пасля будзе цяжка вас знайсці.
Варыянт тры: адразу скарыстацца паслугамі адваката. Гэты варыянт найлепшы. Калі вам тэлефануе міліцыянт, запішыце яго імя, прозвішча, пасаду і месца працы. Пасля тэлефануйце адвакату. Калі і ісці ў міліцыю, то лепш з адвакатам. Ён нейтралізуе ціск на вас і, калі што, зможа аператыўна падняць трывогу, падаць скаргу на дзеянні міліцыі.
Не трэба баяцца. Кожны грамадзянін мае канстытуцыйнае права на юрыдычную дапамогу».