«Бачу свае сцягі на акцыях і вельмі ганаруся». Мінчука будуць судзіць за шыццё бел-чырвона-белага сцяга
21 верасня ў Эканамічным судзе Мінску адбудзецца суд над чалавекам, які шые і прадае бел-чырвона-белыя сцягі, паведамляе «Свабода».
Цяпер ён працуе як рамеснік, але
на момант кантрольнай закупкі гэтага статусу не меў. Судзіць
Аляксандра будуць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Сам ён з гэтым не згодны.
«Пазнаю свае сцягі на вуліцах»
«Пашыў некалькі сцягоў, раздаў сябрам і размясціў аб’яву, што пашыю на замову. І тут да мяне прыйшлі», — кажа Аляксандар.
Аляксандр расказаў, як праходзіла кантрольная закупка, вынікам якой стала позва ў суд.
«Напярэдадні пазваніў мужчына, сказаў, што ім у фірму трэба 10 такіх сцягоў. Мне б насцерагчыся, што за фірма такая, але не падумаў.
Паспеў пашыць толькі адзін сцяг, як 28 жніўня яны прыйшлі ўтрох, паглядзелі на мой сцяг, заплацілі 25 рублёў і тады дасталі „корачкі“.
Потым павезлі мяне на сваёй машыне ў райаддзел, а па дарозе патрабавалі, каб узяў на сябе выраб яшчэ 10 сцягоў, якія былі ў іх у машыне.
Казалі, што іх пашыла нейкая цяжарная дзяўчына, і калі я не хачу, каб цяжарную судзілі, дык мушу ўзяць на сябе яе віну. Адмовіўся. Пачалі пагражаць, што падкінуць наркотыкі, адправяць на Акрэсціна.
Пратрымалі ў РУУС 6 гадзін, хоць у пратаколе запісалі, што 15 хвілін. Усё ж выпусцілі, але цяпер будзе суд. Пагражае вялікі штраф», — сказаў Аляксандр.
Паводле Аляксандра, цяпер ён працуе ў статусе рамесніка. Да візіту міліцыі ён не афармляў рамесніцтва, бо, як кажа, «не ведаў, што за шыццё сцягоў можа быць нейкая адказнасць».
Частку сваіх вырабаў ён прадае, частку дорыць сябрам і знаёмым.
Аляксандр кажа, што пазнае свае сцягі на вуліцах.
«Па натуры я перфекцыяніст, дамагаюся, каб усё было ідэальна: швы роўныя, без хваляў, каб усе памеры цалкам вытрымліваліся. Таму, як убачу блізка свой сцяг, абавязкова яго пазнаю. Ну і, натуральна, ганаруся тым, што зрабіў сваімі рукамі», — кажа Аляксандр.
«Попыт у канцы жніўня быў шалёны»
Вырабам сцягоў Аляксандар заняўся толькі сёлета ў жніўні. Раней ён працаваў у банку, потым займаўся наглядам за хатнімі жывёламі, але той малы бізнес спыніўся з прычыны эпідэміі каронавірусу.
У жніўні, як пачаліся масавыя пратэсты, пашыў для сяброў бел-чырвона-белы сцяг і ўбачыў, што такія сцягі карыстаюцца велізарным попытам.
«У канцы жніўня быў час, калі знік шоўк, патрэбны для сцягоў, такі быў шалёны попыт. Цяпер рынак больш-менш насычаны, але ўсё роўна сцягоў трэба шмат і самых розных памераў», — кажа Аляксандр.
Чаму бел-чырвона-белы сцяг вернецца як дзяржаўны
Уласны бел-чырвона-белы сцяг Аляксандр набыў яшчэ ў 2013 годзе ў Таварыстве беларускай мовы. Кажа, што добра ведае гісторыю сцяга і не бачыць ніводнай падставы, каб грамадства яго не прыняло.
«Чырвона-зялёны мне не падабаецца з прычыны несумяшчальнасці колераў. І тыя падзеі, якія пад ім адбываюцца, я не ўхваляю. А бел-чырвона-белы — гэта прыгожа і для мяне напоўнена зусім іншым сэнсам — барацьбой за свабоду», — тлумачыць Аляксандр.
«Для некаторых гэты сцяг стаў папулярным з сітуацыйных прычын як сімвал пратэсту супраць таго, што ў іх скралі галасы. Але ён пра больш глыбокія рэчы — пра свабоду і незалежнасць краіны, у якой цяпер ёсць уласны народ. Таму веру, што ён абавязкова вернецца і на дзяржаўныя флагштокі», — мяркуе Аляксандр.