Прамысловы альпініст: Была замова зняць бел-чырвона-белы сцяг, але я адмовіўся

«Я не прымаю таго, што цяпер адбываецца ў краіне», — распавёў прамысловы альпініст Дзмітрый Субач «Рэгіянальнай Газеце».

1_19_696x391.jpg

Дзмітрый Субач з Вілейкі некалькі гадоў працуе прамысловым альпіністам у Мінску. Апошнім часам Дзмітрыю паступаюць замовы: зняць або павесіць бел-чырвона-белы сцяг на нейкі будынак у сталіцы.

— Неяк была замова на мантаж бел-чырвона-белага сцяга на адзін з будынкаў у Мінску. Я, на жаль, не змог пад’ехаць, быў заняты іншай працай. Але перакінуў замову свайму калегу. І ён выканаў.

Па словах Дзмітрыя, звярталіся да яго і для таго, каб зняць сцяг. Але ён адмовіўся па ўласных перакананнях:

— Я не прымаю таго, што цяпер адбываецца ў краіне. Я вымушаны сядзець без інтэрнэту, не магу выйсці вечарам з дзяўчынай пагуляць, бо атрымаю па галаве.

Цяпер адно з міністэрстваў, з якім я не раз супрацоўнічаў, прапануе пафарбаваць дах будынка. Гэта лёгкія грошы. Тым больш, я нядаўна набыў неабходнае абсталяванне. Але я не вазьмуся за гэтую працу. Бо маю права вырашаць: рабіць гэта ці не рабіць. Я б зрабіў усё якасна, як заўсёды.

Але пасля таго, што робіцца ў краіне, я не хачу больш супрацоўнічаць з гэтымі людзьмі.

Акрамя асноўнай працы, Дзмітрый Субач з калегамі займаецца дабрачыннасцю: прамысловыя альпіністы ладзілі акцыі для хворых дзяцей, раздавалі дзецям навагоднія падарункі ў РНПЦ хірургіі. Дзмітрый Субач неяк распавядаў, што ў мінулым годзе яны мылі вокны ў РНПЦ анкалогіі, але “Мы не толькі мылі вокны. А праз шкло ўсміхаліся дзецям і бацькам, махалі ім. Для нас таксама гэта быў зусім новы досвед”.


Паводле rh.by