Карбалевіч: На смерці Макея сістэма дала збой

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч для сайта «Свободные новости плюс» разважае над тым, чаму за адданую службу рэжым не спяшаецца дзякаваць.

Ілюстрацыйнае фота: «БелТА»

Ілюстрацыйнае фота: «БелТА»

З усіх безабаронных стварэнняў зямных мярцвяк безабаронны за ўсіх.


Рэдзьярд Кіплінг


Калі памірае вядомы палітык, то цалкам лагічная ацэнка яго дзейнасці. У гэтым плане цікава, што дыскусія пра палітычную спадчыну Уладзіміра Макея разгарнулася ў незалежных СМІ. Асноўнае дыскусійнае пытанне зводзіцца да ацэнкі яго дзейнасці па размарожванні адносін Беларусі з Захадам, ролі міністра ў палітыцы адноснай лібералізацыі і «мяккай беларусізацыі», якая праводзілася рэжымам у 2014-2020 гадах.
Наколькі тут была важкай роля самога Макея? Ці быў ён толькі выканаўцам волі Лукашэнкі? І ці перакрыла яго пазіцыя поўнай падтрымкі палітычнага тэрору ўнутры краіны і ўдзелу ў вайне ва Украіне ў апошнія два гады тое добрае, што ён зрабіў для Беларусі ў папярэдні перыяд?
Парадокс сітуацыі ў тым, што вынікі дзейнасці аднаго са слупоў кіруючага рэжыму абмяркоўвалі яго апаненты. У дзяржаўных СМІ гэтыя пытанні не падымаліся, вакол іх не было аніякай дыскусіі.
Больш за тое, раптоўная смерць міністра замежных спраў Беларусі стала галоўнай палітычнай навіной, якая аказалася ў цэнтры ўвагі менавіта беларускіх незалежных СМІ.


Смерць Макея таксама стала падзеяй міжнароднага значэння. Бо былы міністр быў самым вядомым палітыкам у Беларусі пасля Лукашэнкі. Да таго ж, гэтая навіна трапіла ў інфармацыйную хвалю на стадыі ўздыму. Справа ў тым, што 25 лістапада на адным з амерыканскіх паліталагічных сайтаў (Інстытут Роберта Лансінга) з'явіўся артыкул, у якім сцвярджаецца, што «Крэмль задумаў ліквідаваць Лукашэнку», таму што той адмаўляецца ад паўнавартаснага ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны. А на наступны дзень, 26 лістапада, нечакана памірае Макей. Гэтая смерць была раптоўнай, што надало ёй адценне загадкавасці. Адразу ж з'явілася мноства канспіралагічных версій. Маўляў, вось яна — «чорная метка».
Але рэакцыя органаў дзяржаўнай улады на смерць Макея аказалася, скажам так, своеасаблівай. Што шмат у чым спрыяла з'яўленню і шырокаму распаўсюджанню міфаў у сувязі з гэтай смерцю.
Смерць вядомага палітыка не стала галоўнай навіной на сайтах дзяржаўных СМІ і ў тэленавінах. На сайце МЗС інфармацыя пра смерць міністра не з'яўлялася на працягу сутак. Не было апублікавана медыцынскае заключэнне, афіцыйны некралог з'явіўся ў прэзідэнцкай газеце «СБ. Беларусь сёння» толькі амаль праз двое сутак, прычым пад ім не было подпісу Лукашэнкі. Можна было чакаць жалобны мітынг у дзень развітання з міністрам, але яго не было. Афіцыёзная жалоба аказалася досыць халоднай.
Той факт, што на пахаванне не прыехаў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў, таксама ўзмоцніў падазрэнні.


У чым прычыны такой дзіўнай рэакцыі беларускіх уладаў?
Перш за ўсё, усё гэта можна расцэньваць як збой сістэмы. Так яна рэагуе на нестандартную падзею, якой стала смерць высокапастаўленага чыноўніка.
Тут варта адзначыць, што дзяржаўныя СМІ і ўся прапагандысцкая машына заўсёды ўпадаюць у ступар, калі адбываецца падзея, якая выходзіць за рамкі нормы. Бо яны прывыклі працаваць па строгіх інструкцыях, правілах, указаннях зверху. Іх свабода моцна абмежаваная. І калі ад начальства няма выразных тлумачэнняў, як асвятляць тую ці іншую нечаканую падзею, то рэдакцыя звычайна лічыць за лепшае прамаўчаць, каб не «сесці ў лужыну». Менавіта таму дзяржаўныя СМІ заўсёды спазняюцца ў крызісных сітуацыях.
Напрыклад, у першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі людзі масава выйшлі на вуліцы, БТ рабіла выгляд, што нічога экстраардынарнага не адбываецца. Ці больш свежы выпадак: беларускія дзяржаўныя СМІ амаль не адрэагавалі на вызваленне Херсона.
А смерць высокапастаўленага чыноўніка — больш далікатная сітуацыя. Бо, вобразна кажучы, беларуская дзяржава — унітарнае прадпрыемства. У палітычнай сістэме, дзе ёсць толькі адзін палітык, адзінаўладны ўладар, усе астатнія чыноўнікі — толькі шрубкі, інструмент, сродак для ажыццяўлення яго волі. І наданне палітычнай вагі аднаму чыноўніку, нават мёртваму, у большай ступені, чым гэта неабходна, можа стаць грахом, недаравальнай памылкай. Праблема якраз у тым, што гэтую ступень ніхто дакладна не ведае, пакуль яе не вызначыць сам Лукашэнка. І ён, мабыць, доўга вырашаў, як на гэта рэагаваць.
Справа яшчэ і ў тым, што ў Беларусі пры Лукашэнку было мала прэцэдэнтаў смерці высокапастаўленых чыноўнікаў у момант знаходжання на пасадзе. Можна ўспомніць скон кіраўніка Гродзенскай вобласці Аляксандра Дубко ў далёкім 2001 годзе і сыход з жыцця міністра фінансаў Андрэя Харкаўца ў 2015 г.
Але фармальны і нефармальны статус Уладзіміра Макея істотна вышэйшы, чым у гэтых згаданых чыноўнікаў. І таму перад Лукашэнкам паўстала дылема. З аднаго боку, яго апорай з'яўляецца вышэйшая наменклатура, што яскрава выявілася ў крытычныя дні 2020 года. Таму да людзей, якія выказалі яму асабістую адданасць, было б дарэчы ставіцца з пэўнай павагай, асабліва пасмяротна. Каб усе бачылі: вернасць узнагароджваецца. Менавіта таму пасля адпаведнай «адмашкі» праз два дні пасля смерці, «БелТА» ўсё ж пачало друкаваць спачуванні ад асноўных дзяржустаноў і ведамстваў.
Важна не перабраць у пераліку заслуг чыноўніка — каб не засланяць вобраз Адзінага палітыка, нязменнага і незаменнага. Бо ў такой сістэме няма і не можа быць фігуры №2 у палітычнай іерархіі.


Менавіта таму мы бачым такую асцярожную, супярэчлівую лінію ў асвятленні смерці былога міністра замежных спраў.
Што тычыцца канспіралагічных версій пра магчымую гвалтоўную смерць Уладзіміра Макея, то няма ніякіх фактаў для іх пацвярджэння. Вопыт паказвае, што ў большасці выпадкаў самае простае тлумачэнне палітычных падзей з'яўляецца самым блізкім да рэальнасці.