Карбалевіч: Сітуацыя ў Беларусі будзе замарожаная?
Перспектывы на наступны год для нашай краіны далёка не «вясёлкавыя» — прычым як унутры, так і звонку. І невядома нават, дзе горш.
Беларусь уступіла ў такі гістарычны перыяд, калі знешні фактар з'яўляецца дамінуючым. Менавіта ён аказвае найбольшы ўплыў як на ўнутрыпалітычныя працэсы, так і на знешнюю палітыку. Ніколі раней выжыванне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не залежала так моцна ад падзей і працэсаў, якія адбываюцца па-за межамі Беларусі — і перш за ўсё ад зыходу вайны ва Украіне. Гэты знешні фактар фармуе жорсткія абмежавальнікі, стварае эфект каляіны, з якой немагчыма выскачыць, піша Валерый Карбалевіч на «Позірку».
Важнай прыкметай крызісу знешняй палітыкі Беларусі ў адыходзячым годзе стала змена кіраўніка МЗС. Замест Сяргея Алейніка, які прапрацаваў на пасадзе ўсяго паўтара года, новым міністрам замежных спраў стаў Максім Рыжанкоў. Лукашэнка не хаваў незадаволенасці працай міністэрства: «МЗС трэба прыводзіць у пачуццё. Кажу адкрытай мовай: страсянуць МЗС трэба, каб яго пачало працаваць».
Знешнепалітычнае ведамства на чале з Алейнікам не змагло наладзіць адносіны з Захадам, не забяспечыла эканамічны эфект ад візітаў Лукашэнкі ў розныя экзатычныя краіны. Хоць карэнныя прычыны неэфектыўнасці знешняй палітыкі Беларусі крыюцца не ў дзейнасці міністэрства.
Новы міністр адрозніваецца хіба што больш агрэсіўнай антызаходняй рыторыкай. МЗС становіцца нейкім Міністэрствам прапаганды.
Узрасла залежнасць ад Расіі
Важным знешнепалітычным трэндам стала ўзмацненне залежнасці ад Расіі. На яе прыпадае каля 65% знешнегандлёвага абароту Беларусі. Яшчэ прыблізна 20% экспарту ў іншыя краіны ажыццяўляецца праз расійскую тэрыторыю. Уся лагістыка беларускага знешняга гандлю пераарыентавана на РФ.
Паводле ацэнак эканаміста Дзмітрыя Крука, «сёння да 10% рэспубліканскага бюджэту складаюць сродкі, якія паступаюць з Расіі праз механізм ускоснага акцызу ці іншымі спосабамі, таму бюджэтная і фінансавая стабільнасць краіны залежыць ад Расіі, якая можа яе падарваць ў любы момант».
Прычым калі ва ўнутранай палітыцы ў Лукашэнкі ёсць амаль поўная свабода рук, то ў замежнай, а асабліва ў ваеннай сферы, у афіцыйнага Мінска вельмі вузкае поле для манеўру, яно абмежаванае Масквой.
Сёлета Уладзімір Пуцін здзейсніў два візіты ў Беларусь, што бывае досыць рэдка. І абодва разы гэта суправаджалася пагрозамі на адрас Захаду з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.
У траўні гаворка ішла пра праверку гатоўнасці да ўжывання тактычнай ядзернай зброі, якая быццам бы завезеная ў Беларусь. У снежні Лукашэнка і Пуцін гаварылі пра ракеты «Арэшнік», якія плануецца размясціць на беларускай тэрыторыі ў другой палове 2025 года.
Гэта значыць Расія разглядае Беларусь як ваенны плацдарм у супрацьстаянні з NATO. Менавіта ў такой якасці наша краіна паўстае ў вачах Еўропы. Што рэзка абмяжоўвае суверэнітэт Беларусі. Падобна на тое, Лукашэнка гэта інтуітыўна адчувае, таму настойліва спрабуе даказаць сваю ролю і суб'ектнасць у выкарыстанні гэтай расійскай зброі.
Можа быць, самым знакавым сімвалам замежнай палітыкі Беларусі сёлета стаў кадр, дзе Лукашэнка ў непрывабнай позе схіляецца перад Пуціным, атрымліваючы Ордэн святога апостала Андрэя Першазванага. Добрая ілюстрацыя да сённяшняй стадыі беларуска-расійскіх адносінаў.
Мінск спрабаваў дыстанцыявацца ад вайны ва Украіне
Другім важным напрамкам знешняй палітыкі афіцыйнага Мінска стала імкненне схавацца ад вайны ва Украіне. Гэта тым больш актуальна з той прычыны, што вайна стала распаўсюджвацца ўшыркі.
Гаворка не толькі пра перанос украінскімі войскамі аперацыі ў Курскую вобласць. Беларусь сутыкнулася з новай з'явай — досыць масавым з'яўленнем у яе небе расійскіх дронаў, якія пераарыентуюцца ўкраінскай сістэмай радыёэлектроннай барацьбы.
Сітуацыя для беларускіх уладаў непрыемная з дзвюх прычын. Перш за ўсё, руйнуецца ідэалагічны канструкт, які абвяшчае, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайне, Лукашэнка — «гарант мірнага неба». Дроны над тэрыторыяй Беларусі сведчаць, што сюды прыйшла вайна і кіраўнік нічога гарантаваць не можа.
Другі момант. Беларускія ўлады саромеюцца прызнаць, што дроны расійскія. І не зусім зразумела, як з імі змагацца.
У сярэдзіне года Мінск паспрабаваў нармалізаваць адносіны з Украінай, каб прэтэндаваць на ролю пасярэдніка ў мірных перамовах. Але ўсё сапсавала «Курская аперацыя» УСУ.
Агулам вобраз Лукашэнкі як міратворца занадта відавочна ўступаў у дысананс з дапамогай агрэсару ў сферы палітыкі, дыпламатыі, ВПК і інш.
Лукашэнка прэтэндуе на ролю ідэалагічнага лідара глабальнага Поўдня
Беларусь працягнула стратэгічны разварот сваёй знешняй палітыкі ў бок Усходу і глабальнага Поўдня. Яна стала членам ШАС, атрымала статус дзяржавы-партнёра БРІКС.
Аднак пошукі новых рынкаў збыту на Усходзе і Поўдні не былі паспяховымі. Моцна ўпаў гандаль з Кітаем. За сем месяцаў года экспарт беларускай прадукцыі ў КНР скараціўся на 37%, а продаж калію зменшыўся ў два разы. Пекін выказваў публічную незадаволенасць тым, што Беларусь дрэнна рэалізуе ролю лагістычнага хаба для транзіту ў Еўропу кітайскіх тавараў, стварэннем ступару на мяжы з Польшчай.
На ўсіх міжнародных пляцоўках — ад ШАС і БРІКС да кліматычнага саміту ў Баку — Лукашэнкі і іншыя беларускія афіцыйныя асобы ўпарта і паслядоўна праводзяць антызаходні курс.
У яго рамках кіраўнік МЗС Рыжанкоў нават здзейсніў візіт у КНДР. Да гэтага часу Мінск не супрацоўнічаў з гэтай краінай. Ужо вельмі адыёзны там рэжым. Да таго ж, аніякіх эканамічных дывідэндаў ад такога супрацоўніцтва не прадугледжваецца. Але пасля таго, як Расія пайшла на цесны саюз з рэжымам Кім Чэн Ына, і афіцыйнаму Мінску можна не саромецца.
Пры гэтым беларускі ўладар прэтэндуе на ролю ідэалагічнага лідара глабальнага Поўдня. Праўда, без асаблівага поспеху. Таму што, па-першае, міжнародная вага Беларусі невялікая. Па-другое, большасць краін глабальнага Поўдня зусім не імкнецца да канфрантацыі з Захадам.
Навошта пасылаюцца сігналы Захаду?
Адносіны афіцыйнага Мінска з Захадам развіваліся супярэчліва. З аднаго боку, усё больш адчувальнай стала «жалезная заслона», якая апускаецца на заходнюю беларускую мяжу. Абвастрыліся адносіны Беларусі з Польшчай. Варшава пагражала зусім закрыць памежныя пераходы. У адказ Мінск палохаў суседзяў расійскай зброяй.
З іншага боку, беларускае кіраўніцтва спрабавала падаваць Захаду нейкія сігналы. Пачынаючы з ліпеня было памілавана і вызвалена больш за 200 палітвязняў. З вуснаў афіцыйных асоб гучалі прапановы аб дыялогу. Лукашэнка накіраваў незвычайна цёплае віншаванне Дональду Трампу ў сувязі з яго абраннем на пасаду прэзідэнта.
Чаму афіцыйны Мінск стаў мітусіцца?
Гэта ў прапагандысцкіх перадачах можна расказваць, што Еўропа нам не патрэбная, будзем прадаваць сваю прадукцыю ў Афрыку. У рэальнасці высвятляецца, што канфлікт з Захадам вельмі балючы.
Санкцыі не толькі блакуюць экспарт праз блізкія парты краін Балтыі, але балюча б'юць па транзітным статусе Беларусі. Кіраўнік мытнага камітэта Эдуард Данілавіч паведамляў, што грузапаток праз Беларусь скараціўся на 30% у параўнанні з мінулым годам праз санкцыйныя абмежаванні і закрыццё памежных пунктаў. Цяпер працуюць толькі 5 з 26 раней дзеючых пунктаў пропуску. І кітайцы незадаволеныя.
Таму Лукашэнка хацеў бы атрымаць дадатковую страхоўку, пашырыць поле для манеўру, магчыма, на ўсялякі выпадак мець «план Б». І паколькі для Захаду тэма палітвязняў досыць балючая, Мінск вырашыў пачаць з яе. Галоўнае — зачапіцца, а там можна пагаварыць і пра мігрантаў, а затым плаўна перайсці да пытання пра санкцыі.
Наколькі такія спадзевы і разлікі абгрунтаваныя?
Пакуль Захад ніяк не рэагуе на гэтыя сігналы. І справа тут не толькі ў тым, што галоўная праблема ў адносінах Беларусі з ЕС і ЗША — гэта падтрымка беларускім рэжымам расійскай агрэсіі супраць Украіны. Ёсць і іншыя моманты.
Перш за ўсё, прапанова аб дыялогу суправаджаецца агрэсіўнай рыторыкай, накіраванай на адрас краін, з якімі Мінск збіраецца весці перамовы. І самае галоўнае — за словамі няма аніякіх дзеянняў. Дакладней, дзеянні ёсць, але часта яны маюць процілеглую прыроду.
Працягваецца мілітарысцкая ліхаманка, не спыняюцца атакі на суседзяў з дапамогай мігрантаў і г. д. Пагрозы ядзернай зброяй, «Арэшнікам» і вызваленне палітвязняў — супрацьлеглыя трэнды. Яны нейтралізуюць адзін аднаго.
Беларусь рызыкуе застацца па расійскі бок жалезнай заслоны
Галоўны выклік для рэжыму Лукашэнкі ў 2025 годзе — як упісацца ў новую геапалітычную рэальнасць, звязаную з перспектывамі мірных перамоў па Украіне. Новы прэзідэнт ЗША Трамп разглядае пытанне пра спыненне вайны і заключэнне міру ў нашым рэгіёне як галоўны знешнепалітычны прыярытэт сваёй адміністрацыі. Трамп нават паставіў на карту свой прэстыж.
Але рэальны мір (а не проста часовае спыненне ваенных дзеянняў) магчымы толькі пры ўмове фармавання новай сістэмы бяспекі ў рэгіёне Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Такім чынам, гэта павінны быць нейкія дамоўленасці не толькі паміж Расіяй і Украінай, але паміж Расіяй і ЗША, наогул «калектыўным Захадам». Беларусь — важная дзяржава нашага рэгіёна, і яе ўдзел у перамоўным працэсе выглядае цалкам лагічным.
Аднак у гэтым кантэксце ў афіцыйнага Мінска ўзнікаюць прынамсі дзве праблемы. Першая — гэта абмежаваная суб'ектнасць Беларусі. Сёння еўрапейскія палітыкі разглядаюць нашу краіну як расійскую марыянетку.
Па-другое, пасля 2020 года Захад не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам. Збольшага для таго, каб паспець ускочыць у гэты перамоўны цягнік, і праводзяцца датэрміновыя прэзідэнцкія выбары.
З іх дапамогай Лукашэнка хоча аднавіць сваю легітымнасць, якая пахіснулася пасля выбараў 2020 года, «перагарнуць старонку» і стаць прызнаным на Захадзе прэзідэнтам. Маўляў, ЗША і ЕС давядзецца прызнаць новую рэальнасць, змірыцца з тым, што Лукашэнка застаецца на чале дзяржавы і што з ім трэба мець справу.
Лукашэнка лічыць, што пры рэалізацыі гэтых планаў ён атрымае гарантыі захавання свайго рэжыму не толькі ад Расіі, але і ад Захаду. Гэта для яго быў бы аптымальны варыянт. Тут вялікая геапалітыка выступае ў якасці тарана, з дапамогай якога вяртаецца міжнародная легітымнасць. Наколькі карэктныя такія разлікі — іншае пытанне.
Расія вуснамі дырэктаркі Дэпартамента інфармацыі і друку МЗС РФ Марыі Захаравай падтрымала ўдзел Беларусі ў перамовах аб міры па Украіне. Але Кіеў супраць, пра што заявіў пасол па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім. Захад таксама скептычна ставіцца да гэтай ідэі.
Самы рэалістычны сцэнар — замарозка вайны і доўгія, шматмесячныя перамовы, у выніку якіх Украіна страціць больш, чым РФ. Пры такім раскладзе сітуацыя ў Беларусі будзе замарожаная.
Паўстане паўнавартасная «жалезная заслона», якая аддзяляе Расію ад Захаду. І Беларусь акажацца па расійскі бок гэтай заслоны. З усімі сумнымі наступствамі.