Беларускае пытанне ў святле сусветных падзей: ці будзе месца беларусам у глабальнай павестцы 2025 года?

Расійска-ўкраінская вайна і вяртанне да ўлады Дональда Трампа хвалююць свет значна больш, чым тое, што адбываецца ў Беларусі. І цалкам магчыма, што і без таго нізкая ўвага да нас з боку развітых краін яшчэ больш знізіцца.

Ілюстрацыйная выява: ruslo.cz

Ілюстрацыйная выява: ruslo.cz

— Якія ў 2024 годзе былі асноўныя тэндэнцыі ў адносінах афіцыйнага Мінска з Захадам? Якія падзеі варта вылучыць? Ці прывялі яны да істотных змен у гэтых адносінах?

— Стратэгічна ў гэтым годзе, які адыходзіць, нічога не змянілася, — гаворыць у інтэрв'ю «Радыё Свабода» дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. —  Замежнапалітычная ізаляцыя мінскага рэжыму з боку заходніх краін працягваецца. Пры гэтым беларускае пытанне застаецца на перыферыі ўвагі еўрапейскіх краін. Беларусь пераважна ўспрымаецца як нейкі дадатковы сюжэт на фоне расійска-ўкраінскай вайны.

Нягледзячы на спробы мінскіх улад змяніць гэтую сітуацыю, істотных змен не адбылося. Мы назіралі некалькі трэкаў, на якіх Мінск спрабаваў гуляць і прыцягваць да сябе ўвагу.

Першы трэк — розныя інфармацыйныя кампаніі палітычнага ціску, звязаныя перш за ўсё са зброяй. А таксама абвінавачванне на адрас Захаду ў эскалацыі: адпаведна — заявы пра падрыхтоўку дзеянняў у адказ. Тут нельга дакладна сказаць, наколькі ў гэтым беларускія ўлады былі самастойнымі, а наколькі дзейнічалі разам з Крамлём. У любым выпадку, мэта была ў радыкалізацыі, рытарычнай эскалацыі.

Цяжка сказаць, наколькі гэта мела нейкі ўплыў на заходнія краіны. Паводле маіх назіранняў, не асабліва. Большасць заходніх экспертаў і палітыкаў глядзяць на тое, што адбываецца ў Крамлі, на тое, што робіць Пуцін. А Аляксандр Лукашэнка ўсё больш успрымаецца як падпарадкаваны суб’ект.

Другі трэк быў звязаны з магчымым узнаўленнем дыялогу з Захадам, імкненнем пачаць новую «нармалізацыю». Тут можна ўспомніць і вызваленне палітвязняў, і намёкі на тое, што Мінск гатовы пачаць перамовы. Адпаведна, Захад павінен быў бы пайсці на нейкія саступкі, найперш у справе санкцый. Трэба сказаць, што сярод палітычнай эміграцыі гэтая тэма выклікала вялікія дыскусіі, гэта нават змяніла пэўныя расклады ў дэмакратычных сілах.

Але пакуль не відаць прыкмет таго, што для ЗША і Еўропы гэтая тэма стала сапраўды важнай і актуальнай. Санкцыі не адмянялі, наадварот, уводзілі дадатковыя.

І трэці важны трэк — гэта міграцыйны крызіс. Летам гэтага года ён дасягнуў пэўнага піку, калі адбылося забойства польскага памежніка, і пасля гэтага мы назіралі дээскалацыю. Шмат у чым яна адбылася ад таго, што з'явіліся рэальныя пагрозы закрыцця памежных пунктаў.

У цэлым, калі казаць стратэгічна, то не варта чакаць істотных змен у адносінах Еўропы і афіцыйнага Мінска, пакуль не з'явіцца нейкай дынамікі ў расійска-ўкраінскай вайне. Няма аніякіх змен і ва ўнутранай палітыцы ў Беларусі — рэпрэсіі працягваюцца, правы чалавека парушаюцца. Адпаведна, няма аніякіх падстаў для перагляду палітыкі адносна Беларусі з боку заходніх краін.

— Але ў Мінску з нейкіх прычын спадзяюцца «перагарнуць старонку» пасля прэзідэнцкіх выбараў у студзені. Таксама з розных бакоў гучаць меркаванні, што пасля выбараў могуць зменшыцца рэпрэсіі. Ці ёсць падставы для такіх чаканняў? Што можа змяніцца пасля таго, як Лукашэнка пачне адлічваць свой новы прэзідэнцкі тэрмін?

— Пакуль працягваецца расійска-ўкраінская вайна, «перагарнуць старонку» будзе немагчыма. Калідор для магчымага паляпшэння адносінаў для Мінска вельмі вузкі, прынамсі пакуль рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Расію ў яе агрэсіі супраць Украіны.

Ці можна чакаць чагосьці новага пасля выбараў? Моцных прыкмет гэтага я не бачу. Так, прадстаўнікі ўлады кажуць, што пасля выбараў будзе замацаваная новая палітычная сістэма і можна будзе крыху «расслабіцца». Але мне здаецца, у вялікім маштабе гэтага не будзе — менавіта таму, што працягваецца вайна.


Глядзіце таксама

Таму сам калідор для магчымай «нармалізацыі» вельмі вузкі. Большасць санкцый уведзеныя за тыя крокі, якія немагчыма адмяніць або выправіць бяз выхаду з саюзніцкіх адносінаў з Расіяй. А тыя рэчы, якія можна абмяркоўваць, занадта малыя, улады не бачаць неабходнасці ісці ў іх на кампраміс (напрыклад, спыненне рэпрэсій). Яны ўжо пабудавалі новую сістэму, знялі ўсе праблемы з выбарамі і апазіцыяй — здаецца, ім падабаецца, як гэта працуе. Калі адмяніць рэпрэсіі, пратэсты і нестабільнасць могуць зноў з'явіцца.

Нават не так і важна, чаго хочуць беларускія ўлады. Але з вялікай ступенню імавернасці яны проста не наважацца нічога мяняць, бо многія выклікі і рызыкі не зменяцца. Выбарчая кампанія тут нічога не мяняе.

— А як Захад ставіцца цяпер да беларускай дэмакратычнай супольнасці? Ці не зменшыцца падтрымка, асабліва з гледзішча таго, што «кадэнцыя» Святланы Ціханоўскай заканчваецца ў 2025 годзе і гэта можа актуалізаваць пытанне яе паўнамоцтваў.

— Час ідзе, і цікавасць да беларускай дэмакратычнай супольнасці не павялічваецца: хаця б таму, што няма аніякіх істотных інфармацыйных нагод, няма аніякіх «перамог». І няма ўпэўненасці, што гэтая падтрымка будзе мець рэальны ўплыў на сітуацыю ў краіне. Таму пэўнага зніжэння цікавасці і розных фарматаў падтрымкі можна чакаць.

Але я б не чакаў нейкіх радыкальных змен, прынамсі налета. Бо такія рэчы плануюцца ў еўрапейскіх структурах на гады наперад. Асноўныя праграмы падтрымкі будуць працягваць дзейнічаць. Па вялікім рахунку, гэта вельмі невялікія сумы, кроплі ў параўнанні з тым, што выдаткоўваецца на іншыя рэгіёны.


Глядзіце таксама

Ёсць кансэнсус, што варта дапамагаць беларускім дэмакратычным сілам. У пэўным сэнсе з гэтай дапамогай стала нават прасцей, бо многія яе атрымальнікі знаходзяцца ў краінах Еўропы. А значыць, гэтыя грошы і застаюцца ўнутры Еўрасаюза. Напрыклад, адукацыйныя праграмы, стыпендыі — частка грошай ідзе на пакрыццё выдаткаў на адукацыю і застаецца ў еўрапейскім універсітэце, а частка ідзе на стыпендыі студэнтам, якія трацяць іх пераважна ўнутры краін Еўрасаюза. Думаю, у такім фармаце гэта і застанецца.

— Ці можна чакаць перамен у стаўленні да беларускага пытання пры новай адміністрацыі ЗША, прэзідэнцтве Дональда Трампа? Ці гэтае стаўленне будзе пераважна звязанае з вынікамі расійска-ўкраінскай вайны?

— Мне здаецца, што інтарэс адміністрацыі Трампа да Беларусі будзе значна меншы, чым у адміністрацыі Байдэна. Тэма дэмакратычных каштоўнасцей, пратэстаў у Беларусі — гэта тое, што мела рэзананс пераважна сярод ліберальных медыя, блізкіх да Дэмакратычнай партыі.

Пры гэтым ёсць небяспека, што ў адміністрацыі Трампа можа запанаваць прагматычны падыход: маўляў, трэба дамаўляцца з той асобай, якая ўсё вырашае. А не з тымі, хто не з'яўляецца самастойнымі суб’ектамі. Так што магчыма, што Лукашэнку Вашынгтон будзе разглядаць менавіта ў такім аспекце — як другаснага актара, на якога можна не звяртаць увагі.


Глядзіце таксама

Ці знізіцца падтрымка дэмакратычных сіл з боку Вашынгтона? Магчымыя варыянты. Планаванне такіх пытанняў робіцца загадзя, пэўныя праграмы могуць быць скарочаныя.

Трэба разумець, што беларускае пытанне — на сёння гэта пытанне ў лепшым выпадку чыноўніка сярэдняга ўзроўню Дзярждэпартамента. Відавочна, што адзін з намераў Трампа — скарачэнне рознага кшталту замежнай дапамогі ва ўсім свеце, і гэтага можна чакаць на самых розных узроўнях. Але тыя фінансы, якія выдаткоўваюцца на Беларусь — гэта мінімальныя грошы ў параўнанні з тым, што выдаткоўваецца на Украіну ці іншыя рэгіёны.

Таму цалкам можа быць, што ніякага скарачэння не адбудзецца, калі ў Дзярждэпартаменце і Кангрэсе будзе паспяховае лабіяванне беларускага пытання. Аднак, хутчэй за ўсё, дынаміка будзе негатыўная. Пытанне толькі ў тым, наколькі.