Расія разгортвае аперацыю па дыскрэдытацыі новай адміністрацыі ЗША

Расійскія прапагандысты не пакінулі без увагі рашучыя планы новаабранага прэзідэнта ЗША што да заканчэння расійска-украінскай вайны. Ужо сёння ў асобных СМІ з'явіліся публікацыі, якія інспіраваныя Крамлём.

deepfake.png

РФ разгарнула аперацыю, накіраваную на дыскрэдытацыю новай адміністрацыі ЗША, маніпуляцыю грамадскай думкай грамадзян ЗША і дыскрэдытацыю вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Украіны, піша польскае выданне Nowiny Polskie. Іх мэта — падарваць міратворчыя намаганні новаабранага прэзідэнта Дональда Трампа, пераказваюць публікацыю «Белнавіны».

«Гэтая спроба дэзінфармацыі закліканая пераканаць міжнародную супольнасць у тым, што прэзідэнт Трамп даручыў кандыдату на пасаду дырэктара ФБР Кэшу Патэлу расследаваць меркаванае злоўжыванне амерыканскай дапамогай прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Паведамляецца, што аперацыя прадугледжвае публікацыю архіўных відэаматэрыялаў для пацвярджэння наратываў расійскай вайсковай выведкі», — адзначае Robert Lansing Institute.

Па даных The Washington Post, такія кампаніі ўзначальвае першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Кірыенка. Пад яго кіраўніцтвам фактычна былі створаны дзве групы па дэзінфармацыі.

Акрамя яго, да кампаніі па дыскрэдытацыі, у прыватнасці да стварэння медыякантэнту і яго распаўсюджвання ў СМІ і сацыяльных сетках пад агульнай каардынацыяй Сяргея Кірыенкі, актыўна прыцягнутыя АНО «Дыялог», «Студыя Арцемія Лебедзева», асобныя расійскія спецыялісты па ІПСА, медыйшчыкі, піяршчыкі і праўладныя блогеры.

Крэмль і расійскія прапагандысты выкарыстоўваюць некалькі метадаў працы з артыкуламі міжнародных СМІ — вырываюць фразы з кантэксту, ствараюць маніпулятыўную інтэрпрэтацыю, скажаючы сэнс публікацый, крытычны аналіз або каментар ператвараюць у адкрытыя абвінавачванні, а таксама, фабрыкуюць фэйкі.

Глядзіце таксама

Метадамі барацьбы з расійскім замежным умяшаннем і маніпуляваннем інфармацыяй (FIMI) з'яўляюцца ўнясенне ў санкцыйныя спісы юрыдычных і фізічных асоб, уцягнутых у дэзінфармацыйную дзейнасць Крамля, маркіроўка недакладнай інфармацыі ў сацыяльных сетках і развянчанне фэйкаў.

На жаль, у цяперашні час Расіі ўдаецца паспяхова выкарыстоўваць ва ўласных інтарэсах адзін з асноўных прынцыпаў дэмакратыі — свабоду слова.

Спробы ўмяшання РФ у замежную інфармацыйную прастору з мэтай уздзеяння на грамадскую думку ажыццяўляюцца праз свае агентурныя магчымасці, якія не асацыююцца з Расіяй наўпрост. У такіх умовах адсочванне выпадкаў падрыўной дзейнасці РФ у інфармацыйнай прасторы, супрацьдзеянне фэйкам і маніпуляванню інфармацыяй застаецца амбіцыйным выклікам, з якім даводзіцца сутыкацца Захаду.

Паколькі найбольш паспяховыя прапагандысцкія кампаніі Крамля могуць мець пагрозлівыя наступствы для сацыяльных, палітычных і дыпламатычных працэсаў у цэлых краінах, рызыкі ўплыву дэструктыўнай дзейнасці Расіі ў інфармацыйнай прасторы цяжка пераацаніць, адзначае Nowiny Polskie.