«Вайна аказалася не такой жыватворчай для расійскай эканомікі, як многія пра гэта думалі»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» падзяляе турботы Уладзіміра Пуціна з нагоды вайсковых выдаткаў. І ў той жа час гэта вельмі актуальныя турботы. Бо мы ведаем, што калі ў эканоміцы Расіі з’яўляецца насмарк, беларуская эканоміка ўжо хварэе на грып.

Фота з iz.ru

Фота з iz.ru

Учора Пуцін паскардзіўся на ваенныя выдаткі. У тым духу, што з такімі выдаткамі так далей жыць нельга. І калі паглядзець узброеным вокам, то сапраўды ёсць на што скардзіцца. Вайна аказалася не такой жыватворчай для расійскай эканомікі, як многія пра гэта думалі.

Ваенныя выдаткі дадалі, вядома, працэнтных пунктаў да ВУП. Таму што працэнтных пунктах ВУП усё роўна, што да сябе дадаваць. Яны могуць дадаваць да сябе новыя бальніцы, а могуць дадаваць новыя ракеты. У графіках усё выглядае аднолькава.

Ваенныя выдаткі таксама дадалі грошай да дабрабыту расійскага народа. Некаторай часткі расійскага народа яны, праўда, дадалі грошай пасмяротна. Але для фінансавага рынку ўсе грошы выглядаюць аднолькава.

І толькі аднаго ваенныя выдаткі не дадалі. Яны не дадалі карысных для расійскага народа тавараў. Вось грошай у расійскага народа сярэднестатыстычна стала больш, а карысных для жыцця тавараў больш не стала. Можа нават стала трошкі менш. Таму што людзей, якія робяць што-небудзь карыснае для жыцця ў расійскай эканоміцы, дакладна стала менш.

Таму інфляцыя ў Расіі ўжо ў два разы абагнала аптымістычныя прагнозы. Цяпер яна якраз рыхтуецца абагнаць песімістычныя. Таму расійскі Цэнтрабанк задраў стаўкі да гістарычных рэкордаў і ў бліжэйшую пятніцу рыхтуецца гэтыя рэкорды абнавіць. 

А эканоміка без танных крэдытаў не працуе. За кастрычнік расійскі ВУП вырас на 0,2 адсотка, а ў верасні ён рос на 0,7. Прыбытак расійскіх кампаній у верасні ўпаў на 19 адсоткаў. Доля расійскіх кампаній з высокай рызыкай банкруцтва, наадварот, вырасла да 25 адсоткаў. Заўваж, гэта не я табе палічыў. Гэта палічылі спецыяльна навучаныя эканамісты з асабліва набліжаных да Крамля. Яны лічаць, што калі не здарыцца нічога дрэннага, то бліжэй да канца вясны ў Расіі пачнецца хваля банкруцтваў.

Глядзіце таксама

Карацей, калі так пойдзе далей, то ў наступным годзе эканоміка, — прынамсі яе карысная для жыцця частка, — пачне падаць, расійскі рубель працягне падаць, а кошты будуць расці. І тады дабрабыту расійскага народа не атрымаецца, вядома, рабіць выгляд, што ніякай вайны ў яго няма.

Таму, калі паглядзець такім узброеным вокам, то можа падацца, што Пуцін шчыра перажывае за свае вайсковыя выдаткі. Але вось чаму я не веру ні адзінаму пуцінскаму слову? 

Можа таму, што ён хлусіць, як дыхае? Таму, што я сумняюся, што расійскія ўлады адмовяцца ад вайны дзеля дабрабыту расійскага народа? Вось калі трэба будзе выбіраць паміж дабрабытам расійскіх грамадзян і забойствам украінскіх, то мы ж з табой не сумняваемся, што менавіта выберуць расійскія ўлады.

А публічны неспакой за ваенныя выдаткі Пуціна насамрэч ні да чаго не абавязвае. Ну патурбаваўся і пайшоў сабе расходаваць далей.

А мне застаецца толькі нагадаць табе пра сакалоў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.