Фонд Эміля Чэчкі: грошы для прарасейскіх прапагандыстаў
«Міжнародны дабрачынны фонд імя Эміля Чэчкі», імя польскага перабежчыка, які ўцёк у Беларусь, а потым скончыў жыццё вельмі загадкавым самагубствам, быў зарэгістраваны ў лістападзе 2022 года. З два гады можна паглядзець, чым ён займаецца.
Старшынём праўленьня фонду імя Чэчкі стаў Дзьмітры Бялякоў, засноўнік прапагандысцкіх суполак «Інфаспецназ» і «Сістэмная праваахова».
Задачы гэтага фонда пералічаныя ў тэлеграм-канале «Сістэмнае правааховы», сярод іх — «інфармаваньне грамадства», «маніторынг судовых працэсаў» і «лабіраваньне на ўзроўні зьменаў у законах».
Але самае цікавае, што судовыя працэсы і зьмены ў законах, пра якіх гаворыцца — не беларускія, як тэарэтычна можна было б падумаць. Яны замежныя.
Поўны склад праўленьня фонда невядомы. Удалося знайсьці інфармацыю толькі пра аднаго чальца праўленьня фонду — гэта Вюсал Джафараў. Ён называе сябе вастоказнаўцам і прадстаўніком цэнтра «Сістэмная праваахова» ў Іране, Азербайджане і Турцыі. У сацсетцы «Укантакце» Вюсал Джафараў зарэгістраваны пад псэўданімам «Enzo Tagliafico».
А прадстаўніком фонда Чэчкі ў Расеі зьяўляецца расеянка Аксана Карнілава — гэта менавіта тая асоба, якая нядаўна прыязджала ў Беларусь, каб распаўсюджваць хлусьню пра Курапаты.
Пачынаючы з 2023 года фонд Эміля Чэчкі выплачвае грошы замежным прарасейскім прапагандыстам. У 2023 годзе гэтыя выплаты ўяўлялі сабой грашовы сэртыфікат, а ў 2024-м прыйнялі форму грантавай падтрымкі.
Выплаты фінансуюць няназваныя «мецэнаты». У адной з крыніцаў згадваецца, што гаворка ідзе пра камерцыйныя арганізацыі. Належаць яны да беларускага бізнэса або да расейскага, невядома.
У відэа ад сакавіка 2023 года на ютуб-канале «Сістэмнае правааховы» Дзьмітры Бялякоў кажа, што «гэта спонсары, памочнікі нашага фонду, якія пагадзіліся і з намі зараз супрацоўнічаюць».
У «правілах падачы заяўкі на грантавую праграму», якія былі разьмешчаныя ў тэлеграм-канале «Сістэмнае правааховы» ў верасьні 2024 года, сказана, што прэтэндэнт мусіць прадставіць праект, пра выкананьне якога ў выпадку атрыманьня гранта ён будзе даваць справаздачу кожны квартал.
Паводле гэтых правілаў, агульны памер фінансаваньня на 2025 год складае 30 тысячаў даляраў. У 2023 годзе агульная сума грашовых сэртыфікатаў складала 18 тысячаў даляраў.
Першае ўручэньне грошай ад фонду адбылося 18 сьнежня 2023 года. Пераможцамі былі аб'яўленыя прадстаўнікі аб'яднаньня «KriegsKinder» («Дзеці вайны») зь Нямэччыны Вераніка Найдзёнава і Марк Брыль. Праект, які яны прадставілі — фестываль «Дзеці міру», які зьбіраліся правесьці ў горадзе Мюнстэр у Нямэччыне ў ліпені 2024 года. На гэты фестываль ініцыятары плянавалі запрасіць 30 дзяцей, якія прыбылі ў Нямэччыну з краінаў, дзе, паводле словаў Веранікі Найдзёнавай, «NATO нешта натварыла».
Для дзяцей было задуманае правядзеньне майстар-клясаў, дзе яны пад кіраўніцтвам прарасейскіх арганізатараў прыдумвалі б варыянты будучыні для сваіх краінаў. На завяршальным этапе мерапрыемства плянавалася скласьці ад імя дзяцей публічны зварот да ААН і іншых міжнародных арганізацыяў.
Але спачатку фестываль быў перанесены зь ліпеня на жнівень 2024 года, як было сказана ў тэлеграм-канале арганізатараў, з нагоды таго, што ўзгодненае мейсца зачынілася, а потым згадкі пра яго магчымае правядзеньне зьніклі. Хутчэй за ўсё, ён не адбыўся ўвогуле.
Другое ўручэньне грошай адбывалася 11 лістапада 2024 года. Як было напісана ў тэлеграм-канале «Сістэмнае правааховы» днём раней, «зараз будзе падтрымка лаўрэатаў, якія займаюцца дзейнасьцю на тэрыторыі краінаў Эўразьвяза і ЗША». Паводле інфармацыі з таго ж тэлеграм-канала, «ўручаліся ганаровыя прэміі і прэміі з грантавай падтрымкай».
Судзячы з той канцэпцыі, якая праглядваецца з усіх выказваньняў і зь дзейнасьці фонда, «ганаровыя» прэміі — гэта тыя, якія былі ўручаныя, напрыклад, вядомай расейскай прапагандыстцы Маргарыце Сіманьян або вядомай беларускай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай, а «прэміі з грантавай падтрымкай» прызначаныя для грамадзянаў краінаў Захаду, кожны з каторых мае канкрэтны праект па ўплыву на заходнюю аўдыторыю, за які агоны аўтар будзе даваць справаздачу праўленьню фонда.
Сярод такіх асобаў у 2024 годзе — Драгана Трыфкавіч зь Сербіі і Эва Бартлет з Канады. Абедзьве яны, апроч супрацоўніцтва з прарасейскімі прапагандысцкімі СМІ, ўдзельнічалі ў верасьні 2022 года ў якасьці назіральнікаў на псэўдарэферендумах, арганізаваных Расеяй на захопленых на той момант тэрыторыях Украіны.
Эва Бартлет у мінулым годзе згадвалася як адна з удзельніц новага плянуемага інтернет-СМІ, мэтай якога названа «пахіснуць машыну прапаганды Захаду». Каманда для такога СМІ была падабраная зь людзей, якія ў працэсе ачышчэньня грамадскае прасторы іх краінаў ад расейскага ўплыву перабраліся ў Расею. Гэтае інтэрнет-выданьне зьявілася напрыканцы 2023 года і атрымала назву «International Reporters». Дарэчы, сярод чальцоў каманды новага медыя ёсьць яшчэ адна лаўрэатка прэміі фонда Чэчкі, толькі за 2023 год — Соня ван дэн Эндэ зь Нідэрландаў.
Такім чынам, «Міжнародны дабрачынны фонд імя Эміля Чэчкі» мае мала агульнага з дабрачыннасцю. Беларускі, па тэрытарыяльнай прыкмеце, фонд зьяўляецца забесьпячальным іструмэнтам расейскай прапаганды ў краінах Захаду.
А што тычыцца Дзьмітрыя Бялякова, які фармальна зьяўляецца арганізатарам мерапрыемстваў фонда Эміля Чэчкі, то ён, гледзячы з усяго, ня больш чым падстаўная фігура.