«Тое, чаго не жадае рабіць "старэйшы брат", зробіць "малодшы"». Лукашэнка «наехаў» на Пашыняна — той адказаў

За падтрымку Азербайджана ў карабахскім канфлікце Арменія пакрыўдзілася на чальцоў АДКБ. Але калі Расіі адкрыта пра гэта не гаворыцца, то ў дачыненні да Беларусі армяне могуць сабе гэта дазволіць.

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Фота: dw.com

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Фота: dw.com

— Звычайна пасяджэнні розных інтэграцыйных постсавецкіх структур не выдзяляюцца чымсьці адметным. Аднак падчас апошняга саміту Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета 26 снежня паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам адбыўся абмен даволі з'едлівымі рэплікамі.

Лукашэнка выказаў здзіўленне, чаму дэлегацыя Арменіі не прыехала на саміт у Санкт-Пецярбург. Пашынян адказаў і пацвердзіў, што прадстаўнікі Арменіі не прыедуць у Мінск на наступны саміт гэтай структуры.

— Я думаю, тут два чыннікі. Па-першае, Лукашэнка сапраўды пакрыўдзіўся, — гаворыць Аляксандр Фрыдман у інтэрв'ю «Радыё Свабода». — У яго складаныя адносіны з Пашынянам. Пашынян не хавае сваёй пагарды да Лукашэнкі і досыць жорстка пра яго выказваўся. І калі стала зразумела, што армянскай дэлегацыі не будзе, Лукашэнка проста не здолеў стрымацца.

З аднаго боку, гэта былі эмоцыі Лукашэнкі, а з другога — кіраўнік Беларусі вырашыў зрабіць прыемнае Пуціну. Мы не можам ведаць, ці сапраўды Пашынян хварэў або гэтая гісторыя з каронавірусам цалкам прыдуманая, але так ці іначай гэта было зроблена з армянскага боку дастаткова відавочна і ўдала. Маўляў, мы з вамі канчаткова не разрываем, але на вашы саміты не прыедзем.

Расіі гэта, відавочна, не спадабалася. І Лукашэнка вырашыў укалоць Пашыняна, каб адпомсціць за Пуціна і зрабіць прыемнае Пуціну. Маўляў, вы, расійцы, самі не можаце так сказаць, а я магу. Тое, чаго не жадае рабіць «старэйшы брат», зробіць «малодшы».

— У наступным 2025 годзе Беларусь будзе старшыняваць у ЕАЭС, і гэты канфлікт перанясецца далей, бо ўжо ў траўні запланаваны саміт гэтай структуры ў Мінску. І падчас абмену рэплікамі з Лукашэнкам армянскі прэм’ер пацвердзіў, што армянская дэлегацыя ў Мінск не паедзе. Давайце нагадаем, ад чаго сапсаваліся адносіны паміж афіцыйным Мінскам і Ерэванам?

— Адносіны сапсаваныя даволі даўно праз пазіцыю рэжыму Лукашэнкі, які традыцыйна падтрымлівае Азербайджан, а не Арменію. Ад пачатку прыходу да ўлады ў Лукашэнкі ўстанавіліся добрыя адносіны спачатку з Гейдарам Аліевым, а потым з яго сынам. Тут супрацоўніцтва эканамічнага, палітычнага характару і ідэйная блізкасць аўтарытарных рэжымаў.

Лукашэнка ніколі асабліва не хаваў, што ён на баку Азэрбайджана ў Карабахскім канфлікце. У траўні сёлета Лукашэнка наведаў Карабах — пасля таго, як яго канчаткова заняў Азербайджан. У выніку ў чэрвені Пашынян заявіў, што ніколі не наведае Беларусь, пакуль там кіруе Аляксандар Лукашэнка. І калі армянскае кіраўніцтва вымушана маўчаць пра Расію, бо шмат ад яе залежыць, то ў выпадку Беларусі ў Ерэване вырашылі не стрымлівацца.


Глядзіце таксама

Думаю, тут прысутнічае і ўнутрыпалітычны армянскі чыннік. Пашынян вымушаны дэманстраваць, што ён жорсткі палітык, які абараняе армянскія інтарэсы. Адносіны з Расіяй даволі небяспечна канчаткова сапсаваць, а ў выпадку Лукашэнкі навошта стрымлівацца? Як мы бачым, у Пашыняна няма аніякага жадання неяк ісці насустрач Лукашэнку.

— На саміце 26 снежня Лукашэнка, як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, асобна сустракаўся з Пуціным. Традыцыйна пра вынікі і тэмы гэтай сустрэчы нічога не паведамляецца. Можна адзначыць, што за 2024 год гэтыя два палітыкі сустракаліся рэкордную колькасць разоў. Выглядае так, што ўсё ў іх цудоўна?

— Думаю, у іх сапраўды ўсё нядрэнна. Лукашэнка робіць усё тое, чаго патрабуе ад яго Масква. Для Расіі ён зараз вельмі патрэбны, значэнне Беларусі велізарнае. Таму яны досыць спакойна ставяцца да ўсіх «асаблівасцей» характару Лукашэнкі.

Асаблівага ціску на яго я не назіраю. Крамлю важна захаваць шчыльныя саюзніцкія адносіны. Бакі вельмі залежныя адзін ад аднаго. Расіі важна, каб у такой геапалітычна важнай краіне ва ўладзе знаходзіўся блізкі рэжым, на якога пры жаданні можна націснуць і дасягнуць сваіх мэт.

Калі ўявіць, што вайна ва Украіне спыніцца, тады сітуацыя можа змяніцца не на карысць Лукашэнкі. Цяпер расійская пазіцыя прыкладна такая: «Беларусь у нас у кішэні, мы там стратэгічна ўсё кантралюем. Так, Лукашэнка часам можа сказаць тое, што нам не падабаецца. Але галоўнае, што ён робіць для нас усё, што нам трэба. А калі ён раптам пачне рабіць тое, што нам не падабаецца, мы яго паставім на месца».

— Падчас саміту Лукашэнка сказаў расійскім журналістам, што Беларусь можа размясціць у сябе хоць дзясятак «Арэшнікаў», але падышоў Пуцін і выказаўся ў тым сэнсе, што гэта зашмат. Для чаго Лукашэнка ўвесь час падымае гэтую тэму напоўненасці Беларусі расійскай зброяй? (Хаця многія адмыслоўцы дагэтуль выказваюць сумнеў у тым, што ў Беларусі сапраўды размешчаная расійская ядзерная зброя.)

— Лукашэнка ўспрымае расійскую зброю ў Беларусі як чыннік, які падвышае яго замежнапалітычную вагу. Ён любіць падкрэсліваць, што менавіта ён прымае рашэнне аб яе выкарыстанні. Уся гэта гісторыя, аднак, мае вельмі выразны прапагандысцкі чыннік, бо арыентаваная на Захад.

Што тычыцца ядзернай зброі, то пытанне, ці размешчаная яна ў Беларусі, для Захаду нічога прынцыпова не мяняе. Але сама гэтая рыторыка — спроба Лукашэнкі звярнуць на сябе ўвагу.


Глядзіце таксама

Што да таго, як Лукашэнка размаўляе з расійскімі журналістамі з пуцінскага пулу, то там заўсёды назіраецца з яго боку пэўнае лёкайства. Імкненне дагадзіць, зрабіць так, каб ім спадабалася.

І кпіны Лукашэнкі на адрас Пашыняна яўна спадабаліся расійскім праўладным журналістам. Лукашэнка ў Расіі заўсёды дакладна адчувае, што падабаецца расійскім лідарам і журналістам. І калі ён пачынае ім падыгрываць, то яго нясе, схіляе да розных імправізацый.

Дарэчы, варта звярнуць увагу, што беларускі праўладны тэлеграм-канал «Пул Первого» падрэзаў гэтую дыскусію Лукашэнкі і Пашыняна. Бо там апошняе слова засталося за Пашынянам. І гэта не тое слова, якое магло спадабацца Лукашэнку.