Кур’ёзы палітычнай астралогіі

Час навагодніх святаў — таксама час для прагнозаў, часам вельмі экстравагантных. Прапануем падборку неверагодных палітычных сцэнараў на год Вогненнай (або Залатой) Малпы.



126680875_3085196_1g.jpg

Французскі часопіс “Nouvelle Observateur” дае трыбуну аматарам версіі пра тое, што 2016 стане пачаткам аб’яднання Францыі і Германіі. На думку прыхільнікаў такой канцэпцыі, зліццё згаданых краінаў — адзіны варыянт для выратавання еўра і  Еўрапейскага саюзу, чыя будучыня пад пытаннем праз міграцыйны крызіс, рост нацыяналізму і запланаваны у Вялікабрытаніі плебесцыт аб выхадзе краны з ЕС. У выпадку аб'яднання Францыі і ФРГ эканоміка ў абодвух краін атрымае моцны імпульс, што адродзіць у вачах еўрапейцаў пазітыўны імідж праекту еўраінтэграцыі.

Распрацоўка формулы франка-нямецкай дзяржавы зайшла так далёка, што ўжо называюцца гарады, якія могуць стаць сталіцамі новага аб’яднання. Гэта Бонн — былая сталіца ФРГ, які знаходзіцца акурат пасярэдзіне на шляху з Парыжу ў Берлін або Ахен — сталіца старадаўняй дзяржавы Карла Вялікага, якая уключала цяперашнія французскую і нямецкую тэрыторыі.

Да выбараў прэзідэнта Францыі яшчэ паўтара года, аднак ужо зараз шмат спекуляцый наконт таго, як будзе выглядаць краіна ў выпадку перамогі Марын Ле Пэн (Нацыянальны фронт). Найбольш радыкальны прагноз прапанаваў Мануэль Вальс — французскі прэм’ер. Ён лічыць, што ў апараце Нацыянальнага фронту распрацоўваецца сцэнар ліквідацыі ў краіне рэспубліканскага ладу, рэстаўрацыі манархіі і вяртання каталіцкай царкве статусу дзяржаўнага органу. Праўда, асобу, якая дакладна можа заняць каралеўскі трон у 2017-м, Вальс не ўдакладняе. Варта дадаць, што ўсё кіраўніцтва Нацыянальнага фронту дэ-факта кантралююць сябры сямейства Ле Пэн, што дазваляе прэсе называць згаданую структуру “дынастыяй”.   

У расійскай прэсе можна натыкнуцца на прагнозы паводле якіх у 2016-м мы станем сведкамі прыходу да ўлады камуністаў Зюганава. Падставамі для такіх заяў ёсць зафіксаванае на апошніх мясцовых і рэгіянальных выбарах плаўнае зніжэнне рэйтынгаў пуцінскай партыі «Адзіная Расія» і павелічэнне ўплыву Кампартыі і партыі Справядлівая Расія. Апытанні сацыёлагаў паказваюць, што расіянам надакучыла тэма ўкраінскага крызісу, а спробы пераключыць фокус грамадскай увагі на сірыйскі крызіс выклікае не прыліў аптымізму, а хутчэй  фобіі і нядобрыя гістарычныя ўспаміны. Калі ж сітуацыя з канфліктамі на Украіне, у Сірыі, Прыднястроўі ці якіх-небудзь іншых месцах абвострыцца, то карусель палітычных падзей можа істотна паскорыцца. У такім выпадку прызначаныя на восень выбары ў Дзярждуму стануць трыумфам камуністаў, якія з часам могуць не абмежавацца толькі фармаваннем свайго ураду.

Што тычыцца нашай паўднёвай суседкі, то большасць экспертаў прагназуюць ва Украіне сацыяльны выбух увесну, які таксама будзе мець палітычныя наступствы. Найбольш радыкальны варыянт развіцця падзей у кіеўскага палітолага Міхаіла Пагрэбінскага, які бачыць будучыню Украіны у выглядзе новай Самалі з элементамі Трэццяга Рэйху. Аптымісты спадзяваюцца, што ўсё закончыцца адстаўкай ураду, максімум сыходам у адстаўку Пятра Парашэнкі з улікам чаго называюцца новыя, у тым ліку самыя неверагодныя кандыдатуры на пасаду будучага прэзідэнта Украіны.

Так паводле львоўскага выдання “Эспресс” найбольш перспектыўным кандыдатам на вакансію прэзідэнта з’яўляецца лідар папулярнай рок-групы “Океан Ельзи” Вячаслаў Вакарчук. Пра палітычныя амбіцыі музыканта, як піша “Экспресс”, сведчыць тое, чым ён займаецца апошні час. Прыкладна чатыры апошніх месяцы Вакарчук наведвае ў Ельскім універсітэце ў ЗША лідарскія курсы, якія па сутнасці ёсць падрыхтоўкай для публічнай палітыкі. Таксама трэба адзначыць рост палітычнай актыўнасці адэскага губернатара Міхаіла Саакашвілі, які ў тым ліку пачаў крытыкаваць урад.

Амерыканскае агенцтва “Fox News” не мае сумневаў, што ў новым годзе мы пабачым незвычайную трансфармацыю публічнага вобразу Мішэль Абамы. Пакуль імя Мішэль хутчэй звязваюць з рознымі дабрачыннымі праектамі накшталт кампаній супраць расавай дыскрымінацыі, дапамогі ветэранам  або супраць атлусцення. Мішэль нават запісала песню ў стылі рэп з вядомым чарнаскурым музыкантам, у якой заклікае вучняў атрымліваць вышэйшую адукацыю. Падобныя акцыі, а таксама абавязкі маці, якім яна надае вялікую ўвагу, вельмі падабаюцца амерыканцам, пра што сведчыць высокая папулярнасць Першай ледзі ( 60-70 працэнтаў). “Fox News” сцвярджае, што высокі рэйтынг Мішэль Абамы вельмі добры падмурак для пачатку палітычнай кар'еры. Тым больш прыклад перад вачыма — Хілары Клінтан, якая лічыцца фаварытам прэзідэнцкіх выбараў гэтага году.

Кансерватыўная прэса ЗША між тым б’е ў набат. На яе думку, менавіта ў наступным годзе напружаныя міжрасавыя адносіны ў ЗША могуць выліцца ў адкрыты канфлікт паміж афраамерыканцамі і белымі амерыканцамі. Гэтыя беспарадкі выйдуць за межы простых вулічных разборак. У выніку на мапе краіны паступова сфармуюцца зоны, якія будуць мець асобныя адміністрацыі. Па сутнасці гэта значыць рымейк грамадзянскай вайны ў ЗША сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Хаця ўвогуле для амерыканскай кансерватыўнай прэсы апакаліптычныя настроі, асаблівы ў год выбараў, вельмі характэрныя.

Спіс незвычайных палітычных прагнозаў далёка няпоўны і хутчэй за ўсё на працягу года іх стане больш. Глабальная нестабільнасць, пад знакам якой відавочна пройдзе 2016-ы, стварае добрую глебу для падобнага прадукту.