Палітолаг: У 2016 годзе апазіцыя наўрад ці будзе ўяўляць рэальную пагрозу для ўлады
Развіццё ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі ў 2016 годзе будзе залежаць ад таго, ці будзе ўлада бачыць пагрозу для сябе з боку апазіцыі. Такое меркаванне выказаў у прагнозным каментары БелаПАН палітолаг Валер Карбалевіч.
"Калі ўзнікнуць сацыяльныя пратэсты, працоўныя канфлікты, забастоўкі на прадпрыемствах, патрабаванні павысіць зарплату, і на гэтым фоне апазіцыя пачне актыўнічаць (напрыклад, Мікалай
Статкевіч стане заклікаць людзей выходзіць на вуліцу), тады трэба чакаць узмацнення рэжыму ўнутры краіны", — лічыць палітолаг. Цяперашні ўзровень вулічнай актыўнасці, калі на акцыі
збіраюцца каля 100 чалавек, сур'ёзнай пагрозы ўладзе не нясе, дадаў ён.
Паводле прагнозаў Карбалевіча, з улікам таго, што адбываецца размарожванне адносінаў Беларусі з Захадам, істотных зменаў ва ўнутранай палітыцы краіны чакаць не даводзіцца.
Нават пагаршэнне эканамічнай сітуацыі наўрад ці прывядзе да пратэстаў, лічыць палітолаг. У пацвярджэнне гэтаму ён прывёў вынікі снежаньскага даследавання Незалежнага інстытута
сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва), якія паказваюць: сацыяльнае незадавальненне ў беларускім грамадстве не нарастае, а, хутчэй, адаптуецца да пагаршэння ўзроўню
жыцця.
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, прагназуючы развіццё ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі ў гэтым годзе, адзначыў, што актыўным удзельнікам падзей стане
эканамічны і фінансавы крызіс.
"Крызіс становіцца асноўным апанентам і выклікам беларускіх уладаў. Пакуль, мяркуючы па праекце бюджэту, Лукашэнка ніякіх дзейных рэцэптаў па пераадоленні крызісу не
прапаноўвае", — сказаў палітык.
На яго думку, падобная сітуацыя "стварае вялікія магчымасці для прыхільнікаў перамен, бо ўлады, каб атрымаць крэдыты міжнародных фінансавых арганізацый, вымушаныя будуць максімальна
ўстрымлівацца ад шчыра жорсткіх рэпрэсій".
Адной з асноўных палітычных падзей 2016 года лідар АГП назваў парламенцкія выбары, якія пройдуць восенню. "Прыхільнікам перамен неабходна выступіць з моцным палітычным і
сацыяльна-эканамічным пасланнем. Калі гэта адбудзецца, падтрымка прадстаўнікоў улады на выбарах складзе ад 15 да 20%. Хаця выніковыя лічбы галасавання ўлады, канешне ж, могуць напісаць
любыя", — адзначыў Лябедзька.
Паводле прагнозаў экс-кандыдата ў прэзідэнты, былога палітзняволенага Мікалая Статкевіча, развіццё сітуацыі ўнутры краіны сёлета будзе залежаць ад узроўню палітычнай напружанасці ў грамадстве.
"Да нейкага моманту ўлада будзе сябе стрымліваць, але як толькі ўзровень напружанасці ў грамадстве пачне зашкальваць і прарывацца на вуліцу, усе намёкі на лібералізацыю знікнуць",
— лічыць Статкевіч.
Паводле БелаПАН