НІСЭПД: Калі б выбары прайшлі заўтра, за Лукашэнку прагаласавала б толькі траціна беларусаў

 Калі б выбары прэзідэнта Беларусі адбыліся заўтра, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала б крыху больш за 30 % жыхароў Беларусі — такія дадзеныя нацыянальнага сацыялагічнага апытання, праведзенага ў снежні Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва).



lukashenko_moskow4_245.jpg

Фота: БелаПАН

Было апытана 1 503 чалавека, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3 %, паведамляе НІСЭПД.

Па дадзеных апытання, на прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку гэтага года прагаласавала 70,2 % выбаршчыкаў, у тым ліку 50 %  — у асноўны дзень галасавання 11 кастрычніка, 20 %  —  датэрмінова. Свядома байкатавалі выбары, выказваючы свой пратэст, 4 % выбаршчыкаў.

Як адзначаюць сацыёлагі, ідэя байкоту згуляла на руку не столькі апазіцыі, колькі ўладам, бо тыя, хто праігнараваў галасаванне, падтрымалі б хутчэй Таццяну Караткевіч (актывістку кампаніі "Гавары праўду", якая прадстаўляла апазіцыю), чым Аляксандра Лукашэнку.

Па дадзеных НІСЭПД, за Лукашэнку прагаласавала 35,6 % ад агульнага ліку выбаршчыкаў, за Караткевіч  —  15,7 %, за старшыню Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча  — 5,2 %, за старшыню Беларускай патрыятычнай партыі Мікалая Улаховіча  — 1,9 % . Калі ж улічваць толькі тых, хто прагаласаваў, то падтрымка Лукашэнкі ў кастрычніку склала 50,8 %, Караткевіч  —  22,3 %, Гайдукевіча — 7,4 %, Улаховіча  — 2,7 %.

Нагадаем, па афіцыйных дадзеных ЦВК, яўка выбаршчыкаў на выбарах склала 87,2 %, Лукашэнка набраў 83,5 % выбаршчыкаў, Караткевіч — 4,4 %, Гайдукевіч — 3,3 %, Улаховіч — 1,7 %.

Калі б прэзідэнцкія выбары адбыліся заўтра, то, па выніках снежаньскага апытання НІСЭПД, за Лукашэнку прагаласавалі б 33,3 % выбаршчыкаў, за Караткевіч — 9,9 %. Такім чынам, электаральны рэйтынг дзейнага прэзідэнта за два месяцы пасля выбараў знізіўся на 2,3%, яго галоўнага суперніка — на 5,8 %.

Гэта трывожны сігнал для тых, хто незадаволены цяперашняй уладай, лічаць сацыёлагі. Як паказвае мінулы досвед, калі дзеючаму прэзідэнту да моманту галасавання ўдавалася дамагацца неабходнага ўзроўню падтрымкі за кошт канцэнтрацыі дзяржрэсурсамі, то падтрымка яго супернікаў хутка памяншалася. Таму, лічаць эксперты НІСЭПД, камандзе Караткевіч давядзецца знаходзіць новыя, экстраардынарныя спосабы ўтрымання рэйтынгу.

У той жа час, адзначаюць сацыёлагі, Лукашэнка таксама ёсць пра што задумацца: цяперашні паказчык галасавання за яго  —  самы нізкі за ўвесь перыяд маніторынгу НІСЭПД (у снежні 2010 года за яго прагаласавалі 58%, у сакавіку 2006  — 63 %, у верасні 2001 - 57 %). У параўнанні з вераснем знізіўся і рэйтынг даверу прэзідэнту: калі тады яму давяралі 47 % і не давяралі 37,1 %, сёння — 45,4 % супраць 41,9 % адпаведна.

На пытанне: "Пайшлі б Вы асабіста абараняць Аляксандра Лукашэнкі ад якой-небудзь пагрозы?" зараз станоўча адказваюць 17,1 %, адмоўна — 63,5 %.

Вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў беларусы ў цэлым ацэньваюць даволі стрымана, адзначаюць сацыёлагі. Толькі 35,6 % апытаных сказалі, што прэзідэнтам стаў той кандыдат, за якога яны прагаласавалі, адмоўна адказалі 22,7 %, не змаглі адказаць 41,7 %.

З тым, што выбары прэзідэнта былі свабоднымі і справядлівымі, пагадзіліся 41,4 %, не пагадзіліся — 33 %. На думку 52,1 % рэспандэнтаў, вынікі выбараў, абвешчаныя ЦВК, з'яўляюцца "адназначна / хутчэй сапраўднымі", 34,4 % расцэньваюць іх як "хутчэй / адназначна сфальсіфікаванымі".

Сяргей Каралевіч, БелаПАН