«За Свабоду» вызначылася, каго падтрымае на выбарах

На апошнім у гэтым годзе пасяджэнні Рада Рух «За Свабоду» зацвердзіла папярэдні спіс, у які ўвайшлі 36 кандыдатаў. Рух акажа ім падтрымку на парламенцкіх выбарах.



preview.jpg

Фота pyx.by

Акрамя таго, кіруючы орган Руху ўхваліў работу ў межах дамовы пра супрацу правацэнтрысцкіх сіл.

Спіс патэнцыйных кандыдатаў, прадставіў Радзе першы намеснік старшыні Руху Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, жаданне атрымаць заходнія крэдыты для ўратавання эканомікі прымусіць беларускія ўлады пераглядзець падыходы да арганізацыі выбарчых кампаній. «Наўрад ці, можна казаць, што выбары будуць цалкам сумленнымі і дэмакратычнымі, але магчымасцяў для працы з выбарцамі і па прасоўванні супольнага паслання мусіць стаць болей», — падкрэсліў Губарэвіч.

Агулам у папярэдні спіс увайшлі кандыдаты з шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Сярод іх кіраўніцтва арганізацыі — намеснікі старшыні Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец — і сябры Рады — напрыклад, Хрыстафор Жаляпаў з Віцебску, Дзяніс Турчаняк з Брэста, Андрэй Юркоў з Магілёўскай вобласці, Галіна Краўчанка з Гомеля, Юры Меляшкевіч з Мінску. Актывісты з Руху з Мінску, Слуцка, Барысава, Баранавічаў, Ганцавічаў, Маларыты, Віцебска і Віцебскай вобласці і г.д.

Рух «За Свабоду» гатовы дапамагчы кандыдатам адукацыяй, інфармацыйнай падтрымкай, а таксама падрыхтоўкай праграмных пасланняў, у тым ліку з дапамогай напрацовак «Народнай праграмы».

Губарэвіч падкрэсліў, што спіс яшчэ будзе карэктавацца.

Рада Руху «За Свабоду» большасцю галасоў падтрымала працу правацэнтрыстаў па падрыхтоўцы агульнага спісу на парламенцкіх выбарах і распрацоўцы агульнага паслання.

У завяршэнні паседжання Рада прыняла 15 новых сябраў арганізацыі.

Вольга Быкоўская, pyx.by