Лукашэнка заявіў, што прапаноўваў Захаду варыянт урэгулявання сітуацыі ва Украіне

Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў Захаду варыянт урэгулявання сітуацыі ва Украіне. Пра гэта ён заявіў 8 жніўня на сустрэчы з лідарамі камуністычных партый Расіі і Украіны Генадзем Зюганавым і Пятром Сіманенкам, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.



140327062141_original_russia_ukraine_west.jpg

"На жаль, мір ва Украіне нікому не патрэбны. Я ў свой час прапанаваў варыянт, і з ім Захад пагадзіўся — тыя, хто са мною размаўляў, — што гэта нармальны варыянт. Але я ім сказаў: улічыце, гэта будзе для вас лакмусавай паперкай, і калі вы хочаце, каб ва Украіне быў мір, вы з гэтым планам пагодзіцеся. Тым больш ад іх не трэба было ніякіх затрат. І тады я лішні раз зразумеў, і пра гэта казаў сваім калегам-прэзідэнтам, што нас проста ўцягваюць у гэту бойню, і чым больш, тым лепш", — расказаў Лукашэнка.


У сваю чаргу Генадзь Зюганаў выказаў удзячнасць Лукашэнку за магчымасць сустрэчы. "Для нас яна носіць вельмі прынцыповы характар, таму што разгараецца пажар вайны, які балюча ўдарыць па ўсіх нашых народах", — сказаў кіраўнік расійскіх камуністаў. 


Зюганаў падкрэсліў, што беларускія, расійскія і ўкраінскія народы цесна звязаны паміж сабой сваяцкімі сувязямі, разам змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку пры вызваленні Беларусі і Украіны, Крыма і Севастопаля, пры зняцці блакады Ленінграда. 


"Нам здавалася, што ўжо фашызм пахавалі назаўсёды, а ён раптам уваскрэс у асобе бандэраўшчыны, нацысцкіх праяўленняў, у тым ліку і такога варварства, якое сёння адбываецца на паўднёвым усходзе Украіны. Мы вельмі спадзяемся на вашы пасрэдніцкія намаганні, ведаем, наколькі вы аўтарытэтны, у тым ліку і ў многіх колах Украіны, і максімальна будзем садзейнічаць прымірэнню і вырашэнню гэтай праблемы", — сказаў Генадзь Зюганаў.


У гутарцы з Аляксандрам Лукашэнкам лідар КПРФ таксама распавёў пра планы наведаць у Мінску новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У сувязі з гэтым Лукашэнка зазначыў, што музей з'яўляецца важным сімвалам і ў першую чаргу закліканы садзейнічаць таму, каб новыя пакаленні памяталі пра Вялікую Перамогу. "Апошнім часам не проста хочуць сказіць гісторыю, а наўмысна хочуць забраць Перамогу ў нашага народа. Моладзь ужо паціху не тое што забываць стала, але неяк адыходзіць ад гэтага", — зазначыў беларускі лідар.


"Яны нас прасуюць ужо некалькі гадоў — заходнікі, амерыканцы і еўрапейцы — і санкцыямі, і іншым. Я заўсёды кажу: за подзвіг Беларусі ў той страшнай вайне вы павінны на каленях стаяць і дзякаваць беларусам", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Арцём Шрайбман, БелаПАН