Лукашэнка хоча паказаць сваім адвакатам на Захадзе, што з ім можна мець справу
Як Лукашэнка не гатовы дараваць тым, хто пратэставаў супраць яго, так і сілавікі абсалютна не гатовыя адмовіцца ад вядучай ролі, якую яны зараз атрымалі. Навошта тады гэта ўсё?
Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі расказаў «Новаму Часу», якія прапагандысцкія мэты ў кампаніі па вяртанні «беглых» дадому.
— У гэтай гісторыі ёсць некалькі чыннікаў. Найперш афіцыйнаму Мінску трэба даваць нейкія аргументы сваім адвакатам у заходнім свеце, якія паказваюць, што з Лукашэнкам можна мець справу, выгадна мець справу ці яго трэба зараз адцягнуць ад Расіі — кожны раз прыдумваюцца новыя аргументы. Але гэтыя аргументы цяжка выкарыстаць, калі ў Беларусі шырацца рэпрэсіі, калі з краіны ўцякаюць людзі, якія страшацца гэтых рэпрэсій. Зараз нібыта падаецца сігнал, што пачынаецца нейкая нармалізацыя.
Калі не ўчытвацца ў сэнс і не ўглядацца ў дэталі кампаніі нібыта па вяртанні «беглых», то падаецца, што рэжым трошкі змяніў вектар і стаў больш чалавечным, больш гуманным.
А што насамрэч сказаў Лукашэнка і які сэнс заклаў у свой указ? Эмігранту трэба прызнаць сябе злачынцам, зрабіць на сябе данос, і пасля гэтага твая справа будзе разгледжана, цябе пакараюць і ты зможаш вярнуцца. Гэтая кампанія не з’яўляецца ні палітычнай амністыяй, ні іншым актам гуманнасці, як гэта могуць паднесці адвакаты Лукашэнкі на Захадзе. Гэты сэнс якраз неабавязкова трапіць у сусветныя медыя, бо ніхто не стане так падрабязна пісаць пра Беларусь, калі ва Украіне ідзе вайна, на планеце адбываюцца землятрусы і іншыя катаклізмы. А вось зацікаўленыя могуць выкарыстаць гэтую кампанію як аргумент: ёсць указ, прагучаў заклік вяртацца. Адпаведна, уся гэтая кампанія арганізавана для таго, каб пераканаць, што з Лукашэнкам можна мець справу.
— Гэта адзіная мэта, больш ніякіх «сэнсаў» няма?
— Ёсць яшчэ бюракратычныя сэнсы, бо вельмі часта бюракратыя поўнасцю перакручвае і ператварае першасную ідэю (ці план дзеянняў) у нешта зусім супрацьлеглае. Дэкрэт па барацьбе з дармаедамі задумваўся, бо ў Беларусі не хапала працоўнай сілы; да ягонай рэалізацыі прыйшлі фактычна ў той момант, калі пачаўся эканамічны крызіс і беларусы вярнуліся з заробкаў у Расіі, дзе стала менш працоўных месцаў, дый у Беларусі не асабліва былі запатрабаваны працоўныя рукі. І задумку, каб той, хто не працуе, плаціў болей за людзей са схаванымі даходамі, перанеслі на людзей, якія якраз згубілі працу, — у выніку гэтыя дзеянні спрацавалі супрацьлеглым чынам. Сэнс перакруціўся, хаця і першапачатковая ідэя не абавязкова была добрай: задзейнічаць людзей на той працы, дзе ім скажуць, а не ў шэрай эканоміцы ці за межамі Беларусі.
Цалкам магчыма, што нехта ў кіроўным рэжыме выступаў за нармалізацыю сітуацыі. Але як Лукашэнка не гатовы дараваць тым, хто пратэставаў супраць яго, так і сілавікі абсалютна не гатовыя адмовіцца ад вядучай ролі, якую яны зараз атрымалі; у выпадку нармалізацыі на першыя пазіцыі выйдуць тыя, хто будзе ратаваць эканоміку, а сілавікам давядзецца пасунуцца. У цяперашняй сітуацыі яны зусім не згодныя адысці на другі план.
— Значыць, ніякага паслання ні да беларусаў унутры Беларусі, ні да эміграцыі ва ўсім гэтым няма?
— Паўтаруся, гэта сігнал нейкім заходнім адвакатам, заходнім патэнцыйным партнёрам Лукашэнкі, якія могуць вырашыць, што найменшае зло — супрацоўніцтва з беларускім рэжымам, што ад супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам можна атрымаць нават карысць, нейкую нацыянальную выгаду.
Па-другое, туманная назва ўказа і пасланне ў значнай ступені не супадаюць у дзяржаўнай прапагандзе. Лукашэнка, як і пракурор Швед, які ўзначальвае спецкамісію, дакладна тлумачаць: гаворка ідзе пра «злачынцаў», якія прызнаюцца ў сваіх «злачынствах». Гэта ніяк не стымулюе вяртанне беларусаў, бо калі ты ўжо прызнаеш сябе злачынцам, то, значыць, гатовы даваць паказанні супраць сябе і, адпаведна, атрымліваць пакаранне. Гэта ніякі не сігнал, што ты можаш вяртацца дадому.