Лукашэнка паклаў Беларусь пад расійскі бот. Ці ён адзіны, хто можа выцягнуць краіну з «сяброўскіх абдымкаў» Расіі?

Дыялог з Захадам усё яшчэ магчымы — і патрэбны. Хаця б дзеля таго, каб Беларусь зноў не стала плацдармам для расійскага нападу.

Заходнія санкцыі — ключ да пачатку перамоў? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Заходнія санкцыі — ключ да пачатку перамоў? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Заходнія краіны відавочна страцілі цікавасць да нас на фоне вайны ва Украіне і праз Лукашэнку, якога не атрымліваецца ні дэмакратызаваць, ні прымусіць дзейнічаць у жаданым ключы, нягледзячы на самыя «ядзерныя» санкцыі ў беларускай гісторыі.

Што тычыцца такога варыянту развязання цяжкасцей, як дыялог з Лукашэнкам, то на яго лідары заходняга свету і ў больш спрыяльныя часамі не гарэлі жаданнем ісці, піша былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19»

У іх з ім неяк са старту не задалося. За 30 гадоў кіравання Аляксандр Рыгоравіч здзейсніў толькі тры афіцыйныя візіты ў заходнім кірунку: у штаб-кватэру ЕС у 1995-м, у Францыю ў 1996-м і ў Аўстрыю ў 2019-м.

Рабочых паездак на Захад у яго было больш, але афіцыйных візітаў — толькі тры. Менш на Захад, напэўна, не ездзіў ніхто з лідараў СНД — ні з цяперашніх, ні з мінулых. І гэта прытым, што даўжэй за Лукашэнку ва ўладзе на постсавецкай прасторы толькі Рахмон.  

З такой гісторыяй дыялогу выхад на новае кола зносін сам па сабе выглядае як заход на пасадку ў нялётнае надвор'е. Падзеі пасля 2020-га дадалі акалічнасцей, якія яшчэ больш ускладняюць тое, што і так было складаным.


Глядзіце таксама

Аднак дыялог непазбежны, калі Захад не збіраецца ператвараць Беларусь у зону адчужэння. Дыялог патрэбны — як мінімум з пункту гледжання хутчэйшага вызвалення людзей і змякчэння рэпрэсіўнага клімату ў нашай краіне. І дыялог можа быць эфектыўным па гэтай частцы, і не толькі.

За апошнія чатыры гады кантакты прадстаўнікоў заходняга свету з Лукашэнкам тычыліся, як правіла, вызвалення сваіх грамадзян з беларускіх турмаў, і ва ўсіх з іх, наколькі можна меркаваць, да яго прывялі. На жаль, гэтая эфектыўная практыка не маштабавалася на тых вязняў, у каго не было замежнага пашпарта, а толькі беларускі.   

Усё гэта шмат у каго не выклікае энтузіязму, а хутчэй нараканні, таму што пасадкі працягваліся і працягваюцца. Аднак рэпрэсіўны клімат у Беларусі не з'яўляецца з'явай прыроды, якую не адмяніць і не пазбегнуць. Прыпыненне рэпрэсій магчымае гэтак жа сама, як і вызваленне людзей. Пра гэта таксама сапраўды трэба дамаўляцца.

Справа ў тым, што рэпрэсіі выконваюць дзве функцыі: гэта інструмент для падаўлення пратэсту і пакарання ўсіх удзельнікаў і тых, хто спачувае, — але гэта і такі асіметрычны адказ на санкцыйны ціск з боку Захаду. Пакаранне тых, хто, як улады лічаць, заходнім краінам дарагі.

Пра гэта адкрытым тэкстам заявіў яшчэ ў красавіку 2021 года, калі санкцыі толькі разгортваліся, тагачасны кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. Цытую: «Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць».

Такім чынам, паслабленне санкцыйнага ціску з'яўляецца умовай паслаблення рэпрэсій. 

Пры гэтым афіцыйны Мінск могуць цікавіць не толькі і не столькі санкцыі. Гэта таму, што ёсць розніца паміж інтарэсамі рэжыму і інтарэсамі Беларусі, хоць супадзенні паміж імі здараюцца, асабліва ў перыяды адлігі.

Персанальна Лукашэнку можа турбаваць уласны выхад з заходняй ізаляцыі і прызнанне прэзідэнцтва. Адмена або замарозка санкцый — гэта тое, што важна перш за ўсё для Беларусі і ў плане развіцця, і для таго, каб знізіць залежнасць ад РФ. 


Глядзіце таксама

Пад уздзеяннем прамых і ўскосных эканамічных абмежаванняў Захаду адбылася пераарыентацыя на Расію нават тых галін беларускай эканомікі, якія традыцыйна былі завязаныя на заходнія краіны. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра лагістыку, нафтаперапрацоўку, дрэваапрацоўку і нават IT. 

Такі паварот і такую хуткасць не прадугледжвала аніводная, нават самая «казырная» інтэграцыйная карта з усёй калоды як узгодненых, так і адбітых Мінскам інтэграцыйных праграм. У чыіх інтарэсах, акрамя крамлёўскіх, такі ход падзей, незразумела.

Інтарэсы, па якіх аднаўленне дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і заходнімі краінамі важна для Беларусі, не абмяжоўваюцца толькі гэтым, але пералік усяго не з'яўляецца задачай, якая нешта вырашае. Куды больш важная ў дадзеным выпадку матывацыя Захаду, а яна перажывае востры дэфіцыт.

Заходнія інтарэсы датычацца ў першую чаргу бяспекі ў рэгіёне. Важнасць аднаўлення дыялогу для Захаду заключаецца якраз у тым, што працяг канфрантацыі не дазволіць гэтыя інтарэсы рэалізаваць і не дадасць матывацыі да пошуку развязак. 

Адным са следстваў гэтай канфрантацыі без аглядкі на наступствы з'явілася траплянне Беларусі ў такі ўзровень залежнасці ад Расіі, які зрабіў магчымым яе ўварванне ва Украіну з беларускай тэрыторыі ў лютым 2022-га. Гэта не здымае адказнасці з рэжыму як першапрычыны ўсяго.

Гаворка пра тое, што паўтарэнне гэтай гісторыі ў іншым кірунку — напрыклад, Літвы — не ўяўляецца чымсьці немагчымым, калі Расія і далей будзе мець магчымасць выкарыстання Беларусі ў сваіх ваенных мэтах.

Прытым, што ўсё гэта ніяк не адпавядае інтарэсам рэжыму, але, калі на коне будзе зноў стаяць выбар паміж захаваннем або ўмацаваннем улады і падтрымкай новай ваеннай авантуры Крамля, няма падстаў сумнявацца ў тым, якім будзе выбар Аляксандра Лукашэнкі.


Глядзіце таксама

Фокус у тым, што той, хто прадаставіў Крамлю тэрыторыю ў 2022-м, можа вярнуць яе з-пад расійскіга бота. Прынамсі, сам зацікаўлены ў гэтым.

У працэсу вяртання ёсць межы, звязаныя з узрослай залежнасцю Беларусі ад Расіі. Аднак сам факт аднаўлення дыялогу можа пачаць мяняць баланс у лепшы бок. 

Лукашэнка застаецца адзіным гульцом у палітычным полі Беларусі, ад якога гэта залежыць і з якім таму мае сэнс весці прадметны дыялог. Па частцы жадання пазбегнуць прамога ўключэння Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны ўсім па дарозе — і яму, і Захаду.

Цяпер падаецца дзіўным, але да 2020 года была камунікацыя Мінска з краінамі NATO ў ваеннай сферы, і яна нямала спрыяла зніжэнню градусу напружанасці ў нашым рэгіёне. Ужо нават вяртанне да практыкі ўдзелу заходніх ваенных назіральнікаў у вучэннях на тэрыторыі Беларусі магло б стаць значным крокам да зніжэння ваенных рызык, але ва ўмовах канфрантацыі нават такое запрашэнне, хутчэй за ўсё, будзе ўспрынята на Захадзе як правакацыя. Давер на нулі, і без аднаўлення дыялогу ён не з'явіцца.