Лукашэнка: У выпадку смерці прэзідэнта ўлада пяройдзе да Рады бяспекі
Аляксандр Лукашэнка плануе падпісаць дэкрэт аб пераходзе прэзідэнцкіх паўнамоцтваў да Рады бяспекі ў выпадку, калі ў краіне паўстане такая неабходнасць, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на БелТА.
Тыдзень таму, падчас рэспубліканскага суботніка, Лукашэнка
анансаваў падпісанне важнага дэкрэта. Тады ён казаў, што гэты дакумент павінен
стаць адным з найважнейшых рашэнняў за гады яго знаходжання ва ўладзе.
«Скажыце, калі заўтра няма прэзідэнта, вы гарантуеце, што
ўсё будзе нармальна? Не. Таму на гэты выпадак я падпішу ў найбліжэйшыя дні
дэкрэт, як будзе выбудаваная ўлада ў Беларусі.
Прэзідэнта застрэлілі — на заўтра Рада бяспекі будзе надзелена
паўнамоцтвамі. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна, аж да ваеннага,
калі хтосьці на мяжы варушыцца. І Рада бяспекі павінна прымаць рашэнне, —
патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму я казаў, што падпішу гэты дэкрэт і
вызначу, хто будзе кіраваць краінай «калі раптам».
«Я павінен прадугледзець усе. Таму будзе падпісаны гэты дэкрэт. У нас будзе фактычна калектыўны прэзідэнт у выглядзе Рады бяспекі. Так, старшыня будзе: калі няма прэзідэнта, выконвае абавязкі прэм'ер. Ён будзе старшынстваваць, але ўсе рашэнні будуць прымацца таемным галасаваннем, каб не было ціску.
Калі будуць прэзідэнцкія выбары прызначаныя, уводзіць ці не
ўводзіць надзвычайнае становішча, як дзейнічаць і гэтак далей — вось цывільныя
і вайскоўцы ў Радзе бяспекі вырашаць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У склад Рады бяспекі сёння ўваходзяць Аляксандр Лукашэнка (старшыня), прэм'ер Раман Галоўчанка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, міністр абароны Віктар Хрэнін, старшыня КДБ Іван Церцель, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, генеральны пракурор Андрэй Швед, старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр, старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара, міністр замежных спраў Уладзімір Макей, міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, міністр фінансаў Юрый Селівестраў, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў, старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл, першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч.