Леанід Краўчук назваў Лукашэнку васалам Пуціна
Першы прэзідэнт Украіны і кіраўнік дэлегацыі Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па Данбасе Леанід Краўчук заявіў, што не паедзе ў Мінск на перамовы, таму што Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца васалам Уладзіміра Пуціна.
«Я туды не паеду. Думаю, і дэлегацыя туды не паедзе. Таму што сёння Лукашэнка з'яўляецца васалам Пуціна. Ён зрабіў Беларусь падпарадкаванай Расіі, і мы не можам весці перамовы ў краіне, якая фактычна з'яўляецца калі не тэрыторыяй, то палітычнай структурай, фактычна падпарадкаванай Расійскай Федэрацыі», — сказаўЛеанід Краўчук у эфіры ўкраінскага «4 канала».
На думку Краўчука, Лукашэнка хоча зрабіць Беларусь залежнай ад Расіі.
Каментуючы заявы адносна прадухіленага замаху спецслужб ЗША на жыццё Лукашэнкі і яго сыноў, першы прэзідэнт Украіны заявіў, што не бачыў ніякіх дакументаў, якія б гэта даказвалі.
«А проста заявы, якія робіць чалавек і не падмацоўвае іх ніякімі дакументамі, — гэта гульня ў замахі», — зазначыў Леанід Краўчук.
Украіна выступае супраць правядзення вочных пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы ў Мінску, бо не давярае беларускім уладам праз шчыльныя кантакты з Расіяй. У сваю чаргу, Расія не дапускае змены перамоўнай пляцоўкі.