Магда: NATO значна выгадней, каб Беларусь заставалася незалежнай, чым паглынутай Расіяй

На саміце NATO асудзілі не Беларусь, якая дала тэрыторыю для размяшчэння ядзерных узбраенняў і «вагнераўцаў», а Расію. Чаму?

nata_vilnja_1.jpg

Як ацэньваюць у Кіеве вынікі віленскага саміту NATO? Ці паўплывае ён на ход вайны? Як NATO ўспрымае Беларусь? І чаму Святлане Ціханоўскай і камандзе не варта піць шампанскае пасля сустрэчы з Байдэнам?

З дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам пагаварыла «СНплюс».

— Ці апраўдаў саміт NATO надзеі і чаканні афіцыйнага Кіева? Што атрымала Украіна па выніках саміту, а чаго не?

— Украіна не атрымала запрашэння ў NATO, але ў гэтым няма нічога дзіўнага: у цяперашніх умовах заходні істэблішмент баіцца запрашаць Украіну ў Альянс, бо апасаецца, што такі сцэнар будзе накіраваны супраць ягоных прадстаўнікоў.

Разам з тым я думаю, Украіна атрымала дастаткова: гэта і пэўная канкрэтыка ў пастаўках узбраенняў, гэта і абяцаная сума ў 500 мільёнаў долараў на год на падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў, і дэкларацыя «Вялікай сямёркі» аб будучай дапамозе Украіне. Я думаю, гэта досыць многа, і крыўдзіцца тут не даводзіцца: неабходна шмат працаваць, каб дамагчыся рэальных змен і прасоўвацца па гэтым шляху па магчымасці далей.

— Ці можна будаваць прагнозы пра ход вайны з улікам прынятых у Вільні рашэнняў?

— Я не бачу магчымасцей атрымання Украінай нейкай цудоўнай зброі ад Захаду, якая ў стане змяніць ход вайны. Пакуль Захад вельмі асцярожна перадае ўсё больш моцнае ўзбраенне; такое ўражанне, што на Захадзе баяцца, быццам Украіна з дапамогай гэтай зброі рыхтуецца арганізаваць генацыд рускамоўнага насельніцтва дзесьці, але не ведаю дзе.

Але ўсё не так. Украіна сёння ў першую чаргу зацікаўлена ў вызваленні сваіх зямель: 20 працэнтаў нашай тэрыторыі захоплены расіянамі, і мы проста абавязаны іх вызваляць. І чым хутчэй гэта здарыцца, тым хутчэй вайна скончыцца. Шкада, аднак, што на Захадзе гэтага не разумеюць. Сапраўды гэтак жа, як не разумеюць і таго факта, што, толькі разабраўшы Расію на запчасткі, можна забяспечыць стабільнасць і бяспеку ў Еўропе. Іншага выйсця, нават пасля аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, няма.

Глядзіце таксама

— Як ні дзіўна, адной з цэнтральных тэм віленскага саміту стала «беларускае пытанне». Як NATO ўспрымае сённяшнюю Беларусь?

— Я думаю, NATO ўспрымае Беларусь як дзяржаву, якая з'яўляецца адзіным вайскова-палітычным хаўруснікам Расіі. Зыходзячы з заявы прэзідэнта Наўседы аб тым, што Беларусь ператварылася ў расійскую губерню, можна ўявіць сабе, якія настроі пануюць у іншых дзяржавах-чальцах NATO, суседзях Беларусі.

Але ў любым выпадку незалежная Беларусь для NATO значна больш выгадная, чым Беларусь, якая цалкам афіцыйна паглынута Расіяй. Тут у мяне няма ніякіх сумневаў.

— NATO асудзіла размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі і «вагнераўцаў» у РБ. Але асуджана не Беларусь, якая дала тэрыторыю для відавочна варожых дзеянняў, а Расія. Чаму?

— Логіка абсалютна зразумелая: NATO асуджае Расію за дзеянні на тэрыторыі Беларусі. Асуджаць Лукашэнку — толькі падкрэсліваць яго ўмоўную легітымнасць. Але гэта не тая сітуацыя, у якой сёння зацікаўлены блок.

Глядзіце таксама

— Пад закрыццё саміту Джо Байдэн сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. Да якіх наступстваў можа прывесці гэтая сімвалічная сустрэча?

— Калісьці, пасля першага кроку чалавека па Месяцы, прагучала прыкладна такая фраза: маленькі крок для астранаўта і велізарны крок для ўсяго чалавецтва. Сустрэча Ціханоўскай і Байдэна, думаю — гэта крок, які дазволіць Святлане яшчэ нейкі час гаварыць пра рост сваёй знешнепалітычнай суб'ектнасці, пра тое, што яна з'яўляецца паспяховым прэзідэнт-электам.

Але будзе памылкай з боку Ціханоўскай і яе атачэння, калі гэтую кароткую сустрэчу з Байдэнам будуць успрымаць як сур'ёзнае ўзмацненне яе пазіцый, без нейкіх прадметных рашэнняў. Не, такім чынам дамагчыся сур'ёзных змен проста немагчыма.

Я думаю, Ціханоўскай і яе камандзе, ды і наогул усім дэмакратычным сілам, неабходна сур'ёзна актывізавацца: менш чым праз месяц споўніцца трэцяя гадавіна пасля падзей 2020-га года. І было б нядрэнна, калі б яны здолелі правесці аўдыт уласнай дзейнасці — чаго дамагліся за мінулыя гады. Думаю, гэта карысна і дэмакратычным сілам, і беларускаму грамадству.

Пераклад «НЧ»