Пакуль у Вільні NATO — у Мінску слухалі, як расце рапс
Вось раз'едзецца NATO з Вільні як мага далей — гаранту беларускай стабільнасці можна будзе і адказаць ворагам, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Пакуль Святлана Ціханоўская сустракалася з Байдэнам, сёй-той слухаў, як у полі расце рапс. А ўсялякую дробную мітусню, якая адбываецца ў яго па перыметры, не слухаў. Таму што яму ні кропелькі не цікава было, што там пра яго казаў Байдэн ці якімі словамі абзываўся літоўскі прэзідэнт.
Але я ўпэўнены, што ўсе гэтыя гнюсныя выпады без адказу не застануцца. Вось раз'едзецца NATO з Вільні далей — і можна будзе адказаць.
Пакуль не раз'ехалася, дык лепей, вядома, не адказваць. Яны ж глабалісты. Дзікі народ. Жартаў ды гумару, можа, наогул не разумеюць. А ўжо як раз'едуцца як мага далей, дык можна будзе адказаць. Ды так адказаць, што мала не падасца. Усё ім прыпомніць! Кожны цэнтр прыняцця рашэнняў на ваенных картах.
Таму што ў гэтым жа і ёсць сутнасць беларускай стабільнасці. Каб кожны адказаў. А інакш стабільнасць можа і не выжыць.
Вось у саюзніка здарыўся бунт, за які ніхто не адказаў. Ну гэта значыць, невінаватых пакаралі, недатычных узнагародзілі, але тых, хто бунтаваў, адпусцілі. Таму што тых, якія бунтавалі, юрыдычна, аказваецца, наогул не існуе. Так Пуцін сказаў. Пуцін ведае. А калі не існуе, значыць — і адказваць няма каму. Лагічна? Лагічна.
І што ты сабе думаеш? Пасля таго, як ніхто не адказаў, у іх цяпер здарыўся новы бунт. Ну ведаеш, рускі бунт, які бессэнсоўны і бязлітасны. Гэта калі яны ўстануць, бывае, на калені ў панскім доме і бунтуюць. Галоўнае, ведаюць, падлы, што бунтуюць, а ўсё роўна бунтуюць.
Вось нейкі генерал Папоў днямі якраз узбунтаваўся. З усёй генеральскай шчырасцю (але ў парламенцкіх выразах) сказаў, што яго начальнік не мае рацыі. А ён, генерал Папоў, меў рацыю. Таму яго, генерала Папова, звольнілі. І вось калі яго звольнілі — генерал Папоў узбунтаваўся і сказаў, што начальнік не меў рацыі. Карацей: любяць усё ж такі рускія людзі бунтаваць.
P.S. Мне тут нагадалі, што сёння тры гады з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Маглі б яны ўжо там у сябе і паспяшацца.