"Захад не адмовіцца ад прыгожай рыторыкі аб «падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі», але..."

Гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман у калонцы на «Deutsche Welle» падсумоўвае вынікі саміта NATO і гаворыць пра сумныя перспектывы для Беларусі.

11-12 ліпеня ў Вільні праходзіў саміт краін-удзельніц Паўночнаатлантычнага альянсу. Фота: LRT

11-12 ліпеня ў Вільні праходзіў саміт краін-удзельніц Паўночнаатлантычнага альянсу. Фота: LRT

11 ліпеня была апублікавана заява па выніках саміту NATO ў Вільні. Асноўным на ім стала пытанне ўзаемаадносін Украіны і Паўночнаатлантычнага альянсу, якое доўга і падрабязна абмяркоўвалася прадстаўнікамі краін-чальцоў арганізацыі. А вось беларускія аспекты заявы, відавочна, сур'ёзных спрэчак і дыскусій не выклікалі.

NATO традыцыйна заклікала афіцыйны Мінск «спыніць сваю зламысную дзейнасць супраць сваіх суседзяў, паважаць правы чалавека і фундаментальныя свабоды і выконваць міжнароднае права», а таксама адмовіцца ад падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны. Асаблівая ўвага была нададзеная пытанням вайсковай інтэграцыі Расіі і Беларусі, у якой NATO бачыць пагрозу «рэгіянальнай стабільнасці і абароны альянсу». Удзельнікі саміту, акрамя таго, рашуча асудзілі запланаванае размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, а таксама маюць намер адсочваць дзейнасць прыватных вайсковых кампаній у гэтай краіне.

Якія наступствы саміт NATO можа мець для Беларусі, рэжыму Лукашэнкі і для дэмакратычных сіл?

Удзел Ціханоўскай і маўчанне Лукашэнкі

Беларускія дэмсілы на чале са Святланай Ціханоўскай былі запрошаны да ўдзелу ў розных мерапрыемствах саміту NATO ў Вільні. І ўжо сам гэты факт можна лічыць сур'ёзным дыпламатычным поспехам. Ціханоўскай была прадастаўлена магчымасць данесці сваю пазіцыю да чальцоў альянсу і да заходняй грамадскасці. І яна гэтым шанцам скарысталася, выступіўшы за ўзмацненне жорсткасці санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама заклікаўшы Захад «даць міжнародныя гарантыі незалежнасці Беларусі, яе бяз'ядзернага статусу, яе будучай інтэграцыі ў еўрапейскія і трансатлантычныя структуры».


Глядзіце таксама

Афіцыйны Мінск, у сваю чаргу, разгарнуў небывалую прапагандысцкую актыўнасць напярэдадні форуму ў Вільні. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка, імкнучыся падкрэсліць сваю палітычную суб'ектнасць і незалежнасць, наўмысна нагнятаў абстаноўку, выкарыстоўваў агрэсіўную рыторыку, узяў на сябе адказнасць за размяшчэнне ядзернай зброі ў краіне і запрашэнне «вагнераўцаў» і нават пагражаў сваім вонкавым ворагам расійскай ядзернай зброяй, сігналізуючы адначасова гатоўнасць да дыялогу — на сваіх умовах.

Паводзіны Лукашэнкі выклікалі дыскусіі наконт магчымых правакацый з боку Мінска і Масква з мэтай сарваць саміт або паўплываць на яго вынікі. Асцярогі, аднак, не пацвердзіліся. Палічыўшы, відавочна, сваю місію застрашвання і ціску на NATO выкананай, Лукашэнка ў дні саміту дэманстратыўна адправіўся ў працоўную паездку па краіне і там да сваіх упадабаных замежнапалітычных тэм не звяртаўся. Адзіным сігналам беларускіх уладаў NATO стала, бадай, заява Міністэрства абароны Беларусі ад 11 ліпеня, у якой гаворка ішла пра перспектывы супрацоўніцтва Узброеных Сіл Беларусі і ПВК «Вагнер».

Беларусь як «губерня Расійскай Федэрацыі»?

Удзельнікі саміту ў сваіх выступах неаднаразова звярталіся да тэмы Беларусі. Генсакратар NATO Енс Столтэнберг і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўзнялі пытанні размяшчэння расійскай ядзернай зброі і з'яўлення «вагнераўцаў» у Беларусі, а прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і зусім заявіў, што суседняя дзяржава страціла рэшткі незалежнасці, фактычна з'яўляецца «губерняй Расійскай Федэрацыі» і ў гэтай ролі ўяўляе сур'ёзную небяспеку для ўсяго рэгіёну — як тэрыторыя, на якой будзе размешчана ядзерная зброя, і як плацдарм, што выкарыстоўваецца і кантралюецца расійскімі вайскоўцамі і з'яўляецца крыніцай нелегальнай міграцыі.

І хоць Наўседа па ўнутры- і знешнепалітычных прычынах наўмысна згушчае фарбы і перабольшвае ступень залежнасці Беларусі ад Расіі, яго пункт гледжання знаходзіць падтрымку і разуменне сярод іншых чальцоў NATO. Ускосна гэта пацвярджае і заява па выніках саміту. У ёй альянс хоць і звяртаецца да ўладаў Беларусі з патрабаваннем спыніць сваю дэструктыўную дзейнасць, аднак размяшчэнне ядзернай зброі і прыбыццё «вагнераўцаў» у Беларусь разглядае фактычна як расійскія праекты, у рэалізацыі якіх афіцыйны Мінск адыгрывае толькі дапаможную ролю.


Глядзіце таксама

Выпады Лукашэнкі перад самітам і яго ўдзел у мірным вырашэнні сітуацыі вакол бунту Яўгена Прыгожына падагрэлі цікавасць да кіраўніцтва Беларусі на Захадзе, але зусім не пераканалі заходніх кіраўнікоў у тым, што менавіта ён з'яўляецца гаспадаром становішча ў Беларусі і аказвае вызначальны ўплыў на прыняцце ваенных рашэнняў. На Захадзе Лукашэнку па-ранейшаму ўспрымаюць не столькі як кіраўніка незалежнай дзяржавы, колькі як хаўрусніка Крамля і, як выказаўся вядомы балгарскі палітолаг Іван Красцеў, частку «калектыўнага Пуціна», кіраўніка Расіяй пасля «вагнераўскага» бунту.

Туманныя перспектывы Беларусі

Становішча спраў у рэгіёне і развіццё ўкраінскага наступу пакуль не выклікаюць асаблівага аптымізму ў прыхільнікаў незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Краіны «Вялікай сямёркі» і шэраг іншых чальцоў Паўночнаатлантычнага альянсу хоць і абвясцілі аб сваёй гатоўнасці і далей усяляк падтрымліваць Украіну і ўзмацняць яе вайсковую моц, але шанцы на ваенную перамогу Кіева і стратэгічнае паражэнне Масквы на дадзены момант не здаюцца высокімі, а замарожванне канфлікту калі сусветнымі кіраўнікамі публічна і не абмяркоўваецца, але ўсё-ткі не выключана. Саміт у Вільні паказаў, што NATO рыхтуецца да доўгатэрміновага супрацьстаяння з Масквой, а Беларусь разглядае як падкантрольная Крамлю тэрыторыя.

Большасць аналітыкаў і экспертаў сыходзяцца ў меркаванні, што Украіна пасля завяршэння баявых дзеянняў уступіць у NATO. Будучыня Беларусі выглядае туманна. У сённяшніх умовах заходнія краіны наўрад ці прыслухаюцца да довадаў Святланы Ціханоўскай, якая не мае рэальных рычагоў уплыву на сітуацыю ў Беларусі, і ўжо тым больш не ўспрымуць сур'ёзна не падмацаваную рэальным зместам слоўную эквілібрыстыку Аляксандра Лукашэнкі. ЕС, ЗША і Вялікабрытанія не адмовяцца ад прыгожай рыторыкі аб «салідарнасці» і «падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі», за фасадам якой, аднак, усё выразней праглядаецца сумнеў у тым, што Мінск яшчэ нейкім чынам можна вырваць з лап Крамля.

У сітуацыі нарастаючай канфрантацыі NATO і Расіі пагроза ўключэння Беларусі ў канфлікты і войны будзе толькі ўзрастаць, а «жалезная заслона» на заходніх межах краіны можа апусціцца найбліжэйшым часам. Сёння Беларусь не з'яўляецца «губерняй Расійскай Федэрацыі», але цалкам можа стаць ёю ўжо ў хуткай будучыні.