«Мігранцкія гульні» рэжыму: калі чакаць «жалезнай заслоны»?

Польшча і краіны Балтыі напрыканцы жніўня выставілі ўльтыматум Лукашэнку. Выглядае на тое, што апошні не зразумеў.

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

Генадзь Коршунаў працягвае аналізаваць дынаміку даных па колькасці спроб нелегальных перасячэнняў меж Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй для «Цэнтра новых ідэй». У дадзеным матэрыяле акцэнт робіцца на падзеях апошніх тыдняў.

— У суботу ў тэлеграм-канале «Што думаюць беларусы?» я пісаў, што на мінулым тыдні быў абноўлены рэкорд па спробах нелегальнага перасячэння беларуска-латвійскай мяжы. Дарэчы, тым, хто ў Беларусі, лепш на яго не спасылацца — у Бешанковічах тэлеграм-канал «Што думаюць беларусы?» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».


Глядзіце таксама

Прашу прабачэння, я не меў рацыі: рэкордную планку ў амаль 900 выпадкаў, устаноўленую на тыдні з 4 па 10 верасня, на мінулым тыдні перабіць усё ж не атрымалася.

На мінулым тыдні на літоўскім кірунку было адзначана крыху менш за 750 такіх кейсаў. На абсалютны рэкорд не цягне, але гэта амаль на 100 выпадкаў больш, чым было ў папярэдні тыдзень, калі латвійскія памежнікі зафіксавалі 648 спроб нелегальнага перасячэння іх мяжы.

Чаму гэта важна і чаму я гэта так падрабязна распісваю. Таму што — кантэкст і таймлайн. Проста нагадаю ход ключавых падзей.

У канцы лета на сумеснай польска-літоўска-латвійска-эстонскай сустрэчы быў сфармуляваны ўльтыматум двух «чырвоных сцяжкоў»: пры падзенні хаця б аднаго з іх будуць закрыты ўсе межы гэтых краін з Беларуссю (славутыя «сцяжкі»: інцыдэнт на межах з удзелам ПВК «Вагнер» і масавы прарыў мігрантаў праз мяжу адной з дзяржаў).

Пасля гэтага загадзя анансаванага мерапрыемства тыдзень на межах было амаль ціха. Ну, як «ціха»: сумарная колькасць спроб нелегальнага перасячэння меж з боку Беларусі ўпала больш чым удвая. Гэта істотнае і вельмі рэзкае зніжэнне.

Акрамя таго, роўна праз тыдзень пасля выстаўлення ўльтыматуму беларускія сілавікі раптам «накрылі» групу нелегальных мігрантаў у 40 чалавек. Рэдкая ўдача, папярэднія такія выпадкі ўспамінаюцца з цяжкасцю.

Зрэшты, імпульс, атрыманы ад выстаўлення ўльтыматуму аб сцяжках, пратрымаўся нядоўга. Ужо на наступным тыдні агульная колькасць нападаў на межы зноў падскочыла ўверх і зноў перакрыла планку ў 1000 выпадкаў.

Але тут выявіўся важны нюанс: практычна ўсе назапашаныя за «ціхі» час рэсурсы кінулі на Латвію. Менавіта тады колькасць спроб нелегальнага перасячэння беларуска-латвійскай мяжы стала біць усе рэкорды, і дзённыя (максімум — 256 спроб на дзень), і тыднёвыя (892 кейсы).

Латвія зрэагавала.


Глядзіце таксама

11 верасня Рыга заявіла пра намер закрыць адзін з двух існуючых памежных пераходаў на беларуска-латвійскай мяжы.

На беларускія ўлады гэта істотнага ўздзеяння не аказала. Колькасць спроб парушэння меж ледзь знізілася, але ўсё роўна засталася вялікай — амаль 650 кейсаў за тыдзень. Тады 18 верасня Латвія такі закрыла памежны пераход «Сілене — Урбаны». Гэта таксама ніяк не паўплывала на змяншэнне колькасці спроб парушэння яе меж. Наадварот, на мінулым тыдні, як пісалася вышэй, колькасць нападаў на яе мяжу нават трохі вырасла.

Што з гэтага вынікае. Гледзячы на лічбы, я б папярэдне — падкрэсліваю, папярэдне — выказаў здагадку, што беларускі рэжым праводзіць усё больш дыферэнцыраваную палітыку ў сваім фарміраванні мігранцкага крызісу.

Я б выказаў здагадку, што:

  • рэжым Лукашэнкі не ўспрымае сур'ёзна калектыўную польска-балтыйскую пазіцыю ў гэтым крызісе. Для яго Варшава, Вільня і Рыга (роўна як і Талін) — гэта асобныя гульцы, якія праводзяць свае адрозныя адзін ад аднаго знешнепалітычныя лініі. І на гэтым Лукашэнка спрабуе неяк гуляць;
  • з Польшчай, нягледзячы на ўсю сваю агрэсіўную антыпольскую рыторыку для ўнутранай аўдыторыі, рэжым Лукашэнкі спрабуе асцярожна намацваць шляхі для прымірэння. Асабліва рукамі і ратамі беларускага генералітэту (гл. прапанова №1, прапанова №2 і прапанова №3). Гэта тое, што трапляе ў медыя і аказваецца навідавоку. Тэарэтычна, восеньскае зніжэнне колькасці мігранцкіх нападаў тут павінна стаць станоўчым фонам для міратворчых патуг вайсковых перагаворшчыкаў з беларускага боку;


Глядзіце таксама

  • з Літвой складаней. Тут сітуацыю, верагодна, можна вызначыць як «імкненне да нейтралітэту». Такі кшталту дагавор, быццам «мы не пасылаем на вас мігрантаў, а вы не вельмі стараецеся лавіць нашу кантрабанду». Гэта такая сарамліва непрагавораная прапанова, таму што мігранцкая карта ўжо разыграна (у параўнанні з мінулым годам сярэднямесячная колькасць нападаў на літоўскую мяжу ўпала ў 5-6 разоў), а больш і няма прапанаваць чагосьці вартага;
  • а Латвіі нічога асабліва не прапануецца, таму што ад таго боку нічога не хочацца (добрага) і не чакаецца (дрэннага). Таму, мабыць, проста па рэшткавым прынцыпе ёй дастаецца роля мішэні для нелегальных мігрантаў, якія паступаюць у Беларусь і трапляюць пад апеку сілавікоў Лукашэнкі. Як гаворыцца, нічога асабістага, проста кудысьці ж іх накіроўваць трэба. Ну і вось, лавіце.

І ў выніку толькі адно пытанне: колькі застаецца часу да таго, пакуль упадзе мігранцкі «чырвоны сцяжок» і Беларусь акажацца з закрытымі межамі на поўначы, захадзе і поўдні?