На польскі шэнген — па месцы рэгістрацыі. Змяняюцца правілы падачы дакументаў на візу
Пра змены ў падачы дакументаў на шэнгенскія візы паведамляецца на сайце візавага цэнтра. Ужо з 2 кастрычніка грамадзянам Рэспублікі Беларусь трэба падаваць дакументы на шэнгенскія візы ў візавыя цэнтры па тэрытарыяльнай прыкмеце згодна з рэгістрацыяй па месцы жыхарства.
У візавых цэнтрах у гарадах Мінск, Магілёў і Гомель павінны падавацца грамадзяне РБ, зарэгістраваныя па месцы жыхарства ў Мінскай вобласці, Магілёўскай вобласці, Гомельскай вобласці і Віцебскай вобласці.
У візавых цэнтрах у Брэсце, Баранавічах і Пінску — грамадзяне, зарэгістраваныя ў Брэсцкай вобласці.
У візавых цэнтрах у гарадах Гродна і Ліда — грамадзяне незалежна ад месца рэгістрацыі.
Таксама паведамляецца, што ўладальнікам біяметрычных пашпартоў пры падачы дакументаў на шэнгенскія візы ў візавых цэнтрах Мінскай і Брэсцкай абласцей неабходна прадаставіць дакумент, які пацвярджае рэгістрацыю па месцы жыхарства ў адпаведнай вобласці.
Нагадаем, што з 4 верасня беларусы зноў могуць запісвацца на падачу дакументаў для атрымання польскай турыстычнай візы. Зрабіць гэта можна ва ўсіх польскіх візавых цэнтрах у Беларусі. Свабодныя даты ёсць на праз 1—2 месяцы.
Кошт візы — 35 еўра. Акрамя візавага збору спаганяецца сэрвісны збор у памеры 11 еўра.
Але трэба ўлічваць і «нацыянальныя асаблівасці» падачы на візу.
Паводле«Наша Ніва»