«Трымаюць на кручку». У гамяльчанкі міліцыя забрала пашпарт з атрыманай напярэдадні польскай візай
У жыхаркі Гомеля Святланы 28 траўня прайшоў вобшук. Разам з тэхнікай, тэлефонамі і рознымі рэчамі міліцыя забрала пашпарт, піша «Свабода». Напярэдадні жыхарка Гомеля акурат атрымала польскую візу.
«Мне наўпрост сказалі міліцыянты, што пашпарт забіраюць, каб я „нікуды не дзелася“. Яны пыталіся, куды я ездзіла напярэдадні, якія ў мяне планы», — патлумачыла Святлана.
Яна абурылася, што пашпарт забралі без падстаў. «Тады мне міліцыянты сказалі: „Ці з пашпартам — на ІЧУ, ці без пашпарта — дома, выбірай“. І пагражалі, што могуць змяніць статус сведкі на статус падазраванай», — кажа жыхарка Гомеля.
Вобшук праходзіў у межах крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да аднаго з жыхароў Гомеля. Святлане міліцыя патлумачыла, што вобшук праводзіцца, бо яна сведка па той справе. Апроч тэхнікі і тэлефонаў, міліцыя знайшла і забрала ў яе адзенне, сонечныя акуляры і фітнес-бранзалет.
Потым яе выклікалі на допыт у Следчы камітэт. «Следчы патлумачыў, што пашпарт патрэбны для следчых дзеянняў. Я сказала, што буду скардзіцца, а ён: "Гэта ваша права"», — дадала жыхарка Гомеля.
«Мне цяпер бяз пашпарта нікуды — ні на пошту, ні ў банк, ні атрымаць медыцынскія паслугі. Трымаюць на кручку», — кажа Святлана.