Міністры МЗС Люблінскага трохкутніка: сітуацыя ў Беларусі — выклік для бяспекі ў рэгіёне

Міністры замежных спраў краін Люблінскага трохкутніка (Літвы, Польшчы і Украіны) вызначылі чатыры выклікі бяспецы ў рэгіёне — расійская агрэсія супраць Украіны, мілітарызацыя Чарнаморскага рэгіёну, сітуацыя ў Беларусі і пагрозы ад уводу ў эксплуатацыю газаправоду «Паўночны паток — 2».

lublin3ugla.jpg


«Украіна, Літва і Польшча будуць працаваць разам, каб наблізіць той момант, калі Беларусь замест “русского мира” абярэ Люблінскі трохкутнік — прастору дэмакратыі, свабоды і супольнай еўрапейскай будучыні». — заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, перадае Радыё Свабода.

Міністры Літвы, Польшчы і Украіны падпісалі дарожную мапу далейшага ўзаемадзеяння, дэкларацыю пра еўрапейскую спадчыну і супольныя каштоўнасці, а таксама ўхвалілі план супольных дзеянняў супраць дэзынфармацыі.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што разглядае рэзкае павелічэньне патокаў нелегальнай міграцыі праз Беларусь як адзін з інструментаў ціску Мінска на еўрапейскія краіны пасля ўвядзення санкцый. «Мы не павінны саступаць перад гэтым, але важны і адзіны адказ нашых партнёраў на гэтыя дзеянні гібрыднай вайны», — перакананы Габрыелюс Ландсбергіс.

Міністар замежных спраў Літвы паведаміў, што афіцыйны Мінск паштурхоўвае сябе да самаізаляцыі. «Пра гэта сведчыць выхад з праграмы “Усходняе партнёрства” і працяг дыпламатычнай вайны супраць дзяржаў Еўрасаюза, калі Літву другі раз папрасілі скараціць дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Беларусі, пакінуўшы ў Мінску толькі аднаго дыпламата. Мы шкадуем аб такім неадэкватным рашэнні, якое мы назіраем у апошні час», — заявіў Габрыелюс Ландсбергіс.

Люблінскі трохкутнік заснаваны 28 ліпеня 2020 года, калі міністры замежных спраў Літвы, Польшчы і Украіны падпісалі адпаведную дэкларацыю. Гэта была трэцяя сустрэча кіраўнікоў МЗС краін Люблінскага трохкутніка. У студзені ў іх сустрэчы ў дыстанцыйным рэжыме ўдзельнічала Святлана Ціханоўская.