«Ябацек» нідзе не любяць. Перад пасольствам Беларусі ва Украіне адбылася бойка

Пасольства Беларусі ва Украіне накіравала ноту ў МЗС краіны. У ёй выказваецца сур’ёзная занепакоенасць сітуацыяй, што выклікана нібыта недастатковымі мерамі, якія прымаюцца ўкраінскім бокам для забеспячэння бяспекі дыпламатычнай місіі ў Кіеве.

Міхаіл Канановіч, фота STALKERUA

Міхаіл Канановіч, фота STALKERUA


Падставай для ноты стаў інцыдэнт, які адбыўся сёння ля пасольства, паведамляе REFORM.by.

«07.07.2021 падчас правядзення санкцыянаванага мітынгу чальцамі беларускай дыяспары ля пасольства Беларусі радыкальнымі элементамі з ліку грамадзян Украіны быў учынены напад на ўдзельнікаў акцыі, у выніку якога шэраг асоб, у тым ліку прадстаўнікі Нацыянальнай гвардыі Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці: закрытая чэрапна-мазгавая траўма, закрытае пашкоджанне грудной клеткі, паражэнне слізістай вачэй і дыхальных шляхоў у выніку прымянення газавага балончыка. Двое ўдзельнікаў нападу — грамадзяне Украіны — былі затрыманыя», — гаворыцца ў паведамленні пасольства.

У дыпмісіі прааналізавалі акалічнасці інцыдэнту і зрабілі выснову аб яго «мэтанакіраваным і загадзя спланаваным характары».

Пасольства заявіла пратэст і настойвае на больш хуткім расследаванні з боку праваахоўных органаў. Інцыдэнту павінна быць дадзеная юрыдычная кваліфікацыя. Таксама дыпмісія патрабуе прыняць вычарпальныя меры па недапушчэнні падобных інцыдэнтаў.

«Беларускі бок разглядае дадзеныя абставіны як непасрэдную пагрозу бяспецы пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне і яго персаналу», — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, пасольства патрабуе прыняць меры па «спыненні рознага роду правакацыйнай і супрацьпраўнай антыбеларускай дзейнасці на тэрыторыі Украіны, правядзенне якой набыло рэгулярны, часцяком радыкальны характар».

Паводле інфармацыі Reform.by, сёння ля пасольства праводзілася акцыя ў падтрымку афіцыйных беларускіх улад, арганізаваная кіраўніком украінскага камсамола Міхаілам Канановічам. Ён таксама з’яўляецца кіраўніком арганізацыі «Сябры Валыні», якая пазіцыянуе сябе як арганізацыя этнічных беларусаў. Унесены ў базу «Міратворац».

Падчас акцыі адбыўся канфлікт з прадстаўнікамі ўкраінскіх правых рухаў. У выніку адбылася бойка. Цяпер вядзецца разбіральніцтва, ёсць затрыманыя.