Мінск, Астана ці... Антарктыда
Можна пагадзіцца з думкай Уладзіміра Макея, што наўрад ці што-небудзь
залежыць ад месца правядзення перамоваў аб міры: «Перамовы па Украіне
можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху.
Але...
Прапановай перанесці перамовы па Данбасе ў Астану Нурсултан Назарбаеў разбурае вобраз Беларусі як донара бяспекі.
Спачатку Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон аб рэінтэграцыі Данбаса, які абвяшчае Расію агрэсарам. У адказ РФ выступіла з рэзкай крытыкай Кіева, Масква лічыць, што гэты закон супярэчыць Мінскім пагадненням.
На тле гэтага абвастрэння адносін паміж Украінай і Расіяй і з’явілася заява Нурсултана Назарбаева. Падчас афіцыйнага візіту ў ЗША прэзідэнт Казахстана пасля перамоваў з Дональдам Трампам адзначыў, што «Мінск–1 застопарыўся, у тупіку», адчуваецца патрэба ў новым дыялогу, перамовы па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны могуць быць перанесеныя з Мінска ў іншае месца. Па словах Назарбаева, з падобнай прапановай выступіў кіраўнік амерыканскай дзяржавы Дональд Трамп. Потым Назарбаеў дадаў: «Увогуле, гэта першапачаткова павінна было адбывацца ў Казахстане. Я паездкі рабіў, каб сабраць усіх, каб сустрэліся там. Так дамовіліся, што ў гэтым напрамку будзем працаваць».
Сапраўды, Казахстан даўно прэтэндуе на тое, каб забраць у Мінску лаўры міратворца. У гэтай краіны большая міжнародная вага, лепшыя адносіны з краінамі Захаду. Там нядаўна прайшлі адносна паспяховыя перамовы па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту ў Сірыі.
Афіцыйныя прадстаўнікі Расіі і ФРГ выступілі з заявамі, што галоўнае цяпер — пошук механізмаў выканання мінскіх пагадненняў, а не перанос перамоваў у іншае месца. У такім жа духу выказаўся міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін. Бо з гледзішча ўкраінскага МЗС, пакуль Беларусь з’яўляецца цэнтрам урэгулявання сітуацыі на Данбасе, вайсковая пагроза з боку Расіі праз беларускую тэрыторыю бачыцца мінімальнай.
Але ўся праблема ў тым, што, сапраўды, Мінскія пагадненні ў тупіку. Яны з самага пачатку былі невыканальныя. Цяпер гэта становіцца яшчэ больш відавочным і для палітыкаў, і для незалежных экспертаў. Хаця з усіх бакоў гучаць заявы, што Мінскім пагадненням няма альтэрнатывы, гледзячы па ўсім, перамовы ў «нармандскім фармаце» (Расія, Украіна, Францыя, ФРГ) вычарпалі сябе. Патрэбныя новыя акторы.
Падаецца, цяпер усё большы акцэнт пераносіцца на перамовы паміж ЗША і Расіяй, якія вядуць спецпрадстаўнік Злучаных Штатаў Курт Волкер і памочнік прэзідэнта РФ Уладзіслаў Суркоў. Дарэчы, адзін раз яны сустрэліся ў Мінску. І пытанне пра ўвядзенне міратворчага вайсковага кантыненту ў раён Данбасу абмяркоўваецца менавіта на гэтых амерыкана-расійскіх перамовах.
Але, калі ў цэнтр перамоўнага працэсу па Украіне выходзяць ЗША, то ў іх іншыя прыярытэты, у тым ліку і наконт месца. І калі выбіраць паміж Мінскам і Астаной, то Вашынгтон хутчэй абярэ казахстанскую сталіцу. Бо ў ЗША добрыя адносіны з Казахстанам, пра што сведчыць цяперашні афіцыйны візіт Нурсултана Назарбаева ў Злучаныя Штаты.
А дачыненні Беларусі і ЗША знаходзяцца ў напалову замарожаным стане. Працягваюць існаваць амерыканскія эканамічныя санкцыі адносна нашай краіны, няхай на іх цяпер і ўведзены мараторый. ЗША не мае ў Мінску паўнавартаснай амбасады, тут няма амерыканскага пасла. Як можна праводзіць працяглыя перамовы ў такой краіне? І, здаецца, Нурсултан Назарбаеў ужо заручыўся падтрымкай Дональда Трампа.
Хачу нагадаць, што і ва Украіне апошнім часам усё гучней чуваць галасы пра тое, каб перанесці перамовы ў іншую краіну, бо Беларусь паводзіць сябе не па-сяброўску. Працягваецца і нават раскручваецца шпіёнскі скандал паміж дзяржавамі.
Што тычыцца самой Беларусі, то, зразумела, заява Нурсултана Назарбаева выклікала ў афіцыйнага Мінску вялікую трывогу. Бо яна падрывае саму аснову, на якой была пабудавана замежнапалітычная канцэпцыя беларускага кіраўніцтва ў апошнія чатыры гады.
Пасля Крыму, двух самітаў па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу (верасень і люты 2015 г.), ператварэння Мінску ў пляцоўку па вырашэнні канфлікту на Данбасе, у беларускіх уладных вярхах з’явіўся новы канцэпт, закліканы стаць стратэгіяй знешняй палітыкі Беларусі. Улады абвясцілі краіну як цэнтр сусветнага міратворчага працэсу, як донара або правайдэра бяспекі ў рэгіёне, як месца, пляцоўку для рэалізацыі ідэі «інтэграцыя інтэграцый», і ўвогуле, вырашэння ўсіх міжнародных канфліктаў.
Адносны дыпламатычны поспех моцна ўскружыў галаву беларускаму кіраўніцтву. Яно палічыла, што схапіла Бога за бараду, адарвалася ад рэальнасці і пачало жыць у сферы сваіх фантазій. За гэтыя два гады афіцыйны Мінск пачаў фантанаваць міратворчымі ініцыятывамі. Каго толькі ён ні збіраўся мірыць.
Мінск прапаноўваў ролю пасярэдніка па прымірэнні Расіі і Турцыі, калі туркі збілі расійскі самалёт. Беларусь выступіла з ідэяй міратворцы ва ўрэгуляванні армяна-азербайджанскага канфлікту.
У траўні 2016 года Лукашэнка пасля візіту ў Ватыкан да Папы агучыў сваю даўнюю ідэю аб сустрэчы ў Беларусі пантыфіка з патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы Кірылам. Але гэтага А. Лукашэнку здалося мала — і ён пайшоў далей. «Усё ў руках Госпада. Калі ён дабраславіць, то нашы вышэйшыя іерархі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага свету, і іудзеяў, і іншых канфесій», — заявіў беларускі лідар. І дадаў: «Запрасілі б святароў і еўрапейскіх, і ўкраінскіх, і расійскіх, і нашых. Селі б, пагаварылі, а потым усе разам перад мільёнамі паломнікаў памаліліся б у імя міру». Вось, аказваецца, дзе біблейская «зямля запаветная».
Выступаючы на адкрыцці сесіі ПА АБСЕ ў Мінску ў ліпені мінулага года, кіраўнік Беларусі ў чарговы раз высунуў ідэю перазапусціць Хельсінскі працэс, які паставіў бы тлустую кропку ў халоднай вайне і вызначыў мірнае ўрэгуляванне канфліктаў на еўрапейскім кантыненце. Ён прапанаваў у 2020 годзе правесці нараду на пляцоўцы АБСЕ, а затым саміт. І ключавы тэзіс яго выступу, у якім і закладзены ўвесь сэнс гэтай ідэі, гучыць так: «Мы гатовыя стаць стартавай пляцоўкай для пачатку гэтага працэсу».
Цікава тое, што не толькі ўлада апынуліся ў палоне гэтай новай беларускай міфалогіі. Здаецца, трошкі знесла дах і ў часткі незалежнага грамадства. Недзяржаўныя аналітычныя структуры падхапілі гэтую ідэю, і нават распрацавалі цэлую канцэпцыю, новую стратэгію беларускай дыпламатыі. З’явіўся слоган: Мінск — новая Жэнева, Хельсінкі–2.
Новая канцэпцыя замежнай палітыкі, новы вобраз Беларусі як міжнароднага міратворца і донара бяспекі дазволіла палепшыць замежнапалітычнае становішча краіны, нармалізаваць адносіны з ЕС. Еўрапейскі саюз зняў санкцыі з Беларусі, ЗША іх замарозілі.
Зразумела, не толькі тое, што Мінск стаў пляцоўкай для ўрэгулявання ўкраінскага крызісу, паўплывала на новы вобраз Беларусі. Гэта стала вынікам агульнай змены геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне пасля Крыму. Таксама важным стала тое, што Беларусь не падтрымала Расію ў яе канфлікце з Захадам і Украінай. Аднак Мінскія пагадненні па Данбасу сталі найбольш гучным чыннікам, які дазволіў міжнароднай супольнасці па-новаму глядзець на Беларусь.
Адсюль зразумела, чаму прапанова Нурсултана Назарбаева перанесці перамовы па Данбасу ў Астану, і тое, што гэтая ідэя нібыта падтрыманая ЗША, выклікала такую хуткую і негатыўную рэакцыю беларускага МЗС. Адразу ж пасля выступу прэзідэнта Казахстана прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі распаўсюдзіла заяву кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Уладзіміра Макея. Ён адзначыў: «Варта нагадаць, што не Беларусь напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоў па Украіне, а кіраўнікі краін «нармандскай чацвёркі» выказалі просьбу да Аляксандра Лукашэнкі прыняць у сябе ўдзельнікаў сустрэч па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту».
Насамрэч, гэта не зусім так. Беларускае кіраўніцтва зрабіла вялікія намаганні, каб перамовы праходзілі ў Мінску. У 2014 годзе Лукашэнка шмат разоў хваліўся, то ў яго ёсць план урэгулявання ўкраінскага крызісу, шчыраваў з прапановамі, тэлефанаваў прэзідэнтам Расіі і Украіны, зазываючы іх у беларускую сталіцу.
Асабліва забаўна выглядае тэзіс Макея, што, у адрозненне ад іншых, Беларусь за лаўрамі міратворца не гоніцца. На фоне тых шматлікіх міратворчых ініцыятываў, з якімі выступалі беларускія афіцыйныя асобы, і асабліва Лукашэнка, заява нашага міністра выглядае дзіўна.
Можна пагадзіцца з думкай Уладзіміра Макея, што наўрад ці што-небудзь залежыць ад месца правядзення перамоваў аб міры: «Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху. Але для з’яўлення гэтай упэўненасці трэба, каб усе залучаныя ў гэты канфлікт бакі, а таксама нібыта «іншыя», але вельмі зацікаўленыя дзяржавы, былі шчыра нацэлены на спыненне кровапраліцця».
Тым не менш, змаганне за месца перамоваў уступіла ў новую фазу. І першае, што цяпер варта было б зрабіць кіраўніцтву Беларусі, калі яно хоча захаваць ранейшы статус Мінска, — хутчэй вырашыць беларуска-ўкраінскі шпіёнскі скандал.