Расійскі вайсковец асуджаны на 10 гадоў ва Украіне
Новаайдарскі раённы суд Луганскай вобласці Украіны прысудзіў узятага ў палон у Данбасе расійскага кантрактніка Віктара Агеева да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
Расіянін прызнаны ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацы і незаконным абароце зброі.
"Мы абскардзім дадзены прысуд і па пытаннях кваліфікацыі, і па меры пакарання. На наш погляд, з улікам змякчальных абставінаў, пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі, з'яўляецца празмерна суровым", — заявіў адвакат асуджанага Віктар Чэўгуз.
24 чэрвеня 2017 года яфрэйтар Агееў падчас бою ў складзе разведгрупы ЛНР трапіў у палон у сяла Жалабок. Акрамя расійскага яфрэйтара ў палон былі захопленыя яшчэ трое баявікоў ЛНР.
СМІ тады паведамлялі, што Агееў служыў у 22-й асобнай гвардзейскай брыгадзе спецназа ГРУ, якая базуецца ў Батайску. Былі апублікаваныя фатаграфіі яфрэйтара з сімволікай ГРУ, а таксама са зброяй у форме без апазнавальных знакаў. Гэтыя здымкі ён раней размясціў у сацсетках.
Між тым у расійскім Мінабароны заявілі, быццам Агееў звольніўся ў запас летам 2016 года пасля заканчэння тэрміновай службы. У сваю чаргу, у ЛНР яфрэйтара назвалі "добраахвотнікам".
Маці расіяніна Святлана Агеева папрасіла пасадзейнічаць у вызваленні сына партыю "Яблоко" і Уладзіміра Пуціна.
У апублікаваным 9 ліпеня інтэрв'ю ТСН Агееў прызнаў, што на Украіну прыбыў не па ўласнай ініцыятыве, а па загадзе камандавання. У сакавіку гэтага года, распавёў Агееў, ён падпісаў з Мінабароны кантракт і пайшоў служыць у вайсковую часць № 65246 у Новачаркаску. Там знаходзіцца полк сувязі і навучальны цэнтр расійскіх ВПС. Ужо праз чатыры дні кантрактніка адправілі ва Украіну.
Паводле graniru.org