Мінск не хоча ў ЕС, яму б «дэпалітызаванага прагматызму»

Тры дні ў Мінску каля 80 экспертаў, дыпламатаў і чыноўнікаў рэфлексавалі на тэму Еўрасаюза і «Усходняга партнёрства».

Фота: Reuters

Фота: Reuters

Афіцыйны Мінск таксама прадставіў сваё бачанне далейшага развіцця праекта.

«Усходняе партнёрства» — гэта нешта выгаднае

— Беларусь не плануе стаць сябрам Еўрасаюзу, але гэта наш другі пасля Расіі гандлёвы партнёр, адпаведна, мы наўпрост зацікаўлены ў развіцці «Усходняга партнёрства», праект павінен быць прагматычным і канкрэтным для ўсіх зацікаўленых бакоў, — заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, адкрываючы другі дзень рэфлектыўнага форуму.
Краўчанка падкрэсліў, што «Усходняе партнёрства» — гэта не вуліца з аднабаковым рухам, і запэўніў, што прагматызм Беларусі зусім не ў тым, што краіна збіраецца «выціскаць рэсурсы з ЕС у гэты складаны час — нашу пазіцыю нельга так разглядаць».
— Але мы ўсе зацікаўлены ў бяспецы, росквіце, эканамічным развіцці і магчымасцях, якія з'яўляюцца для нашых людзей у адукацыі, бізнесе, — сказаў дыпламат.
Пры гэтым Алег Краўчанка намякнуў, што Беларусь — адзін з найважнейшых партнёраў Еўропы, бо «мы лічым заходнюю мяжу Беларусі самым бяспечным месцам ў Еўразвязе».
Беларусі, на думку намесніка міністра, не патрэбны дагавор аб асацыяцыі з ЕС, «нам патрэбны такі дакумент, як паміж Еўрасаюзам і Расіяй». І «нам трэба яго заключыць і падпісаць як мага хутчэй».
Паводле яго слоў, перамовы «хутка пачнуцца, спадзяемся, што ніхто не будзе палітызаваць гэты працэс».
Пазней у размове з журналістамі Алег Краўчанка сказаў, што пра дату пачатку перамоваў лепш пытацца ў ЕС.
— Канкрэтнай дамоўленасці пра пачатак перамоваў яшчэ няма, але я з аптымізмам гляджу на гэтую магчымасць, — сказаў ён.
Зараз, як адзначыў Краўчанка, Беларусь і ЕС знаходзяцца «на фінальнай стадыі ўзгаднення прыярытэтаў партнёрства, там ёсць некалькі тэхнічных момантаў, якія яшчэ патрабуюць часу для поўнага іх ўзгаднення паміж бакамі». Але фінал, на думку намесніка міністра, адбудзецца ўжо ў наступным годзе, дакумент аб прыярытэтах партнёрства можа быць падпісаны ў пачатку або першай палове 2018 года.
— Паміж намі з'явіцца дакумент, які змяшчае слова «партнёрства» паміж ЕС і Беларуссю. Гэта будзе ўпершыню, я думаю, у гісторыі нашых адносін, — сказаў Алег Краўчанка.
Паводле яго слоў, дакумент адкрывае доступ да фінансавых еўрапейскіх інструментаў у рамках «Усходняга партнёрства». Праўда, Краўчанка не захацеў назваць якія-небудзь з праектаў, прапанаваных еўрапейцам.
Намеснік міністра сказаў толькі, што Беларусь зацікаўлена «у транспартных і інфраструктурных праектах, якія будуць рэалізаваныя сумесна з ЕЗ», пры гэтым праекты, павінны будуць «растлумачваць людзям у Беларусі і ЕС, што «Усходняе партнёрства — гэта нешта выгаднае».
Што тычыцца апошняга саміту УП, які прайшоў у лістападзе ў Бруселі, то Алег Краўчанка, як і яго начальнік Уладзімір Макей, лічыць яго паспяховым: «назіраецца нейкая мадыфікацыя разумення «Усходняга партнёрства» і яго канструктыўная дэпалітызацыя».
— Ёсць разуменне таго, што калі ў ім будзе занадта шмат палітычных элементаў, гэта можа быць контрпрадуктыўна для самой сутнасці «Усходняга партнёрства» і для рэалізацыі канкрэтных праектаў. Мы зацікаўлены ва «Усходнім партнёрстве», яно будзе працягвацца. На наш погляд, яно будзе станавіцца ўсё больш прагматычным і ўсё больш зразумелым для нашых людзей, — рэзюмаваў Алег Краўчанка.

Менш рамантыкі

Амбасадар Эстоніі ў Беларусі Мэрыке Кокаеў (Эстонія цяпер старшынюе ў Савеце ЕС) гаворыць пра сваё «самае важнае ўражанне ад саміту ў Брусэлі»:
— Усходняе партнёрства — ужо спелы праект, менш рамантызму, больш канкрэтыкі, больш дакладнае бачанне і абмеркаванне праблемных пытанняў.
Мэрыке Кокаеў падкрэслівае, што праекту варта больш звяртацца да структураў грамадзянскай супольнасці, умацоўваць грамадзянскую супольнасць у краінах-сябрах УП і разумець важнасць сацыяльнага дыялогу.
— Трэба больш ўстойлівай увагі да праекту, патрэбна ўстойлівая падтрымка грамадзянскай супольнасці. Думаю, структуры грамадзянскай супольнасці ў краінах «Усходняга партнёрства» — гэта галоўныя бенефіцыяры ў рамках ініцыятывы на будучыя гады. Нашы прыярытэты павінны быць адлюстраваны і ў бюджэце «Усходняга партнёрства», — заявіла дыпламат.

Серыя рэфлексій для «Усходняга партнёрства»

Намеснік генеральнага сакратара Аўстра-Французскага цэнтра прымірэння ў Еўропе Фларан Марсьяк адзначае «інклюзіўны фармат форуму: больш за 70 удзельнікаў з Еўрасаюза, Расіі, краін «Усходняга партнёрства», Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы — гэта пан'еўрапейскі погляд, агульны, але з нацыянальнай перспектывай». Адна з мэтаў, па яго словах, «дастукацца да прадстаўнікоў улады з розных краін, паспрабаваць палепшыць адносіны паміж усімі бакамі дыялогу».
Фларан Марсьяк паведаміў, што цяперашні форум у Мінску — першы з «серыі такіх мерапрыемстваў з грамадскімі дыскусіямі, якія павінны запусціць рэфлексіі ў рамках «Усходняга партнёрства».
Арганізатарамі рэфлектыўна форуму «Еўрапейскі саюз і «Усходняе партнёрства»: падыходы да рэгіянальнага супрацоўніцтва» выступілі Аўстра-Французскі цэнтр прымірэння ў Еўропе (Вена), экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог» і Міжнародны цэнтр CIFE (Ніца / Берлін).
Форум праводзіўся ў рамках старшынства Рэспублікі Беларусь у Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве.
Паводле zautra.by