
Як гэта адбывалася? Еўрарадыё звязалася з некаторымі з тых, хто паедзе (ці не паедзе — НЧ) на УНС у Мінск. Ініцыятывы ніхто з суразмоўцаў не праяўляў. Хтосьці даведаўся пра сваё вылучэнне ўжо 28 снежня — у той жа дзень, калі Лукашэнка агучыў дату форуму. Іншых абралі «без іх»: адзін з дэлегатаў знаходзіцца на каранціне праз COVID-19 і пра сваё вылучэнне даведаўся ад Еўрарадыё. А выбіралі дэлегатаў не зыходзячы з нейкага парадку дня або праграмы. Пра што гаварыць на сходзе, яны збіраюцца падумаць у найбліжэйшы месяц.
Дырэктару ВУ «Горкігаз» Аляксандру Белкіну, каб стаць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, рабіць нічога не давялося. Яго проста абралі на сумесным пасяджэнні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў (дэпутатам якога ёсць і Белкін).
— Каго вылучылі, значыць, таго вылучылі. Мы самі не праяўлялі ініцыятывы, — расказвае ён Еўрарадыё.
Пра што дэлегат збіраецца гаварыць на УНС?
— Парадак дня ў нас адзін: павінна быць у нас адзіная, моцная Беларусь. А праграмы яшчэ няма. Рэч у тым, што толькі 29 снежня [на наступны дзень пасля абвяшчэння даты УНС. — Еўрарадыё] выбралі дэлегатам. І канкрэтнай праграмы я не прадумваў.
Дэлегат адзначае, што пры фарміраванні парадку дня будзе абапірацца на запатрабаванні людзей. Хоць у асноўным яны датычацца жыццёвых спраў.
— Мы штомесяц збіраемся з людзьмі. Іх больш за ўсё цікавіць, вядома, жыццё на вёсцы. Там пытанняў шмат: і бытавыя, і дарожныя, і дабрабыт сем’яў. Кагосьці хтосьці крыўдзіць на працы. Усякае ёсць. Пытанні штодзённыя, нічога палітычнага. Дзесьці грошай не хапае бюджэтных, дапусцім, дарогі паправіць, рамонт жылля зрабіць, калі гэта камунальнае жыллё.
Начальнік філіяла ДЭУ №79 «Магілёўаўтадар» дэпутат аблсавета Уладзімір Зайцаў даведаўся пра сваё вылучэнне 28 снежня — у той жа дзень, калі Лукашэнка агучыў дату форуму. Пра канкрэтныя пытанні для VI Усебеларускага народнага сходу ён таксама гаварыць пакуль не гатовы.
— Я так разумею, мяне як дэпутата абласнога Савета прапанавалі жыхары акругі. Сам сябе я не прапаноўваў. Пытанні яшчэ рыхтуем. Яшчэ ў нас месяц наперадзе. Ёсць больш сур’ёзныя пытанні, але пакуль іх агучваць я не буду. Ёсць пытанні ад дэлегацыі, але гэта вельмі вялікія пытанні, якія трэба вырашаць, можа быць, дзесьці парламенту, дзесьці ўраду. Такія, гэта ўжо не людзей пытанні.
Яшчэ адзін вылучаны дэлегат — дырэктар ААТ «Сож-Агра» і дэпутат Краснагорскага сельсавета Святлана Кастрычка, пачуўшы ад Еўрарадыё пра тое, што яе абралі дэлегатам УНС, кажа, што дакладна нікуды не паедзе.
— Я не ведаю, мяне ніхто нікуды не запрашаў. Гэта раз. А па-другое, я далёка ад Мінска, на каранціне. Таму ніяк не магу. У мяне каранавірус.
Такім чынам, сярод дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу «чужых» не будзе. У асноўным туды трапляюць дэпутаты мясцовых Саветаў, абраныя ў 2018 годзе.
Звычайнаму чалавеку трапіць на УНС не так проста. Пра гэта ў праграме «Дыялог у жывым эфіры» тэлеканала «Мазыр» расказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад 42-й Мазырскай акругі Валянціна Назаранка:
— Кандыдат ад народа — гэта ж і працоўныя калектывы і грамадскія арганізацыі. Складана адказаць. Як ад народа? Ад нейкай арганізацыі павінен быць, а не ад вуліцы, не ад мікрараёна.