Удзельнікаў Усебеларускага сходу ўнясуць у санкцыйны спіс

Усебеларускі народны сход, які плануе склікаць Аляксандр Лукашэнка, з'яўляецца "вышэйшай формай падману народа і здзеку над дэмакратыяй". Пра гэта гаворыцца ў заяве Народнага антыкрызіснага кіравання, піша Еўрарадыё

schod_0305_1.jpg


Сход прызначаны на 11-12 лютага 2021 года. У ім павінны прыняць удзел 2700 чалавек — менавіта столькі змяшчае зала палаца.
У заяве НАК, апублікаванай у яго тэлеграм-канале, адзначаецца, што сённяшняя беларуская ўлада нелегітымная: "У жніўні 2020-га пасля нахабнай фальсыфікацыі выбараў у Беларусі адбыўся сілавы захоп улады, а народ быў пазбаўлены права голасу, абмежаваны ў правах".
У сувязі з гэтым, НАК лічыць сход нелегітымным: "Акрамя ўласнай адстаўкі, любыя ініцыятывы нелегітымнай улады нелегітымныя". Правядзенне Усебларускага сходу называецца чарговай палітычнай маніпуляцыяй з мэтай надаць уладзе Лукашэнкі легітымнасць у вачах беларусаў і міжнароднай супольнасці.
НАК заяўляе, што будзе выступаць за ўнясенне ўдзельнікаў Усебеларускага сходу ў санкцыйныя спісы і ў базу Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў — "як людзей, якія груба парушаюць Канстытуцыю, правы і свабоды грамадзян Беларусі".