«Можа з'явіцца такое паняцце, як «беларускія акупанты»»

Нашто сілы АДКБ ляцяць у Казахстан? Эксперты разважаюць, каму гэта выгадна, што гэта дасць, і як адаб’ецца такое рашэнне на стасунках краін АДКБ з Казахстанам.

original_144206012022.png


Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) са структуры, якая існавала толькі на паперы, ператвараецца ў рэальную: было вырашана накіраваць кантынгент у Казахстан, дзе ўжо некалькі дзён праходзяць масавыя пратэсты. Што гэта азначае і да чаго можа прывесці? Еўрарадыё сабрала меркаванні беларускіх і расійскіх экспертаў.


«Гульня па-банку»

Адразу пасля з'яўлення навіны пра рашэнне АДКБ увесці міратворцаў у Казахстан палітычны аналітык Арцём Шрайбман апублікаваў невялікі, але ёмісты каментар:

«Увод войскаў АДКБ у Казахстан — гэта, вядома, гульня па-банку. Калі гэта не распужае пратэстоўцаў (паўстанцаў?), то будзе вялікая кроў. І пасля гэтага імідж постсавецкай інтэграцыі ў Казахстане, і так не самы добры дагэтуль, будзе падарваны, як ва Украіне, хто б ні перамог.

Дзіўна, колькі ўпэўненасці ў адваротным у тых, хто ўхваляе такое рашэнне. Гэта нават не кажучы пра рызыку атрымаць дадому плынь трунаў з хлопцамі, якія загінулі на абароне чужой нязграбнай аўтакратыі, што нідзе не бывае папулярным.

І ўсім жа гэтым пенсійным прэзідэнтам досыць гадоў, каб памятаць Афганістан. Няўжо так палохае праекцыя на сябе, што аж рука калоціцца?»


«Не зробіць добрага ўражання»

Расійскі палітолаг Кацярына Шульман у эфіры «Эхо Москвы» выказала сваю ацэнку сітуацыі:

«Я думаю, у мяне, як і ва ўсіх, выклікае пэўную збянтэжанасць тое, што кіраўнік Казахстана зрабіў тое, чаго не зрабілі ні Лукашэнка, ні Януковіч: паклікаў у сваю краіну замежныя войскі. І паклікаў такім чынам, што гэта легітымна. Калі я не памыляюся, у Кыргызстане быў запыт, але не было згоды. То-бок гэта першы выпадак, калі АДКБ праяўляе сябе як дзейная арганізацыя», — адзначыла Шульман.

Палітолаг дадала, што пад «псеўданімам» АДКБ у якасці баявой сілы будзе выступаць пераважна Расія.

«Гэта можа быць вельмі нядобра для рускага насельніцтва ў Казахстане. Вельмі не хацелася б, каб у вачах сваіх суседзяў яны выглядалі як памагатыя акупантаў. Як гэта глядзіцца? Народ паўстаў супраць тырана, а ён заклікаў замежных вайскоўцаў для таго, каб душыць гэтыя пратэсты. Вельмі лёгка ўявіць сітуацыю так — больш за тое, з пункту гледжання незадаволеных немагчыма ўявіць, як інтэрпрэтаваць яе інакш. Гэта можа напалохаць людзей, у якіх няма ні арганізацыі, ні правадыра, і яны могуць рассмактацца, гэта не неймаверны варыянт. Але тое, што гэта не зробіць ні на кога добрага ўражання, — увогуле, мабыць, зразумела».

nxk4y62m3j.jpg


«Што будуць рабіць казахскія вайскоўцы?»

Расійскі палітолаг Абас Галямаў адзначае, што без папярэдніх дамоўленасцяў з публічнымі просьбамі такога кшталту, як зрабіў прэзідэнт Казахстана, не звяртаюцца. «Значыць, калі ён не канчаткова звар'яцеў ад страху, дамоўленасці гэтыя ў яго ёсць», — разважае ён.

Лукашэнка, па словах Галямава, можа лёгка сваіх сілавікоў адправіць на задушэнне казахскіх пратэстаў — «проста на адных эмоцыях, на нянавісці да ўсякага роду апазіцыі». Пуціну, кажа ён, таксама «будзе складана ўстрымацца».

«Праблема толькі ў тым, што незразумела: а што ў гэтай сітуацыі казахскія вайскоўцы рабіць будуць. Назарбаеў сышоў, ім праз Такаева кроў ліць? Мяркуючы па іх сённяшніх паводзінах, яны ад гэтай перспектывы не ў захапленні. А тут гэты недапрэзідэнт яшчэ замежных акупантаў запрасіў, тыя братоў-казахаў мачыць пачалі. Тут жа ўжо нацыянальны фактар уключыцца, а ён — ох які моцны драйвер.

Карацей, ніхто цяпер не можа выключыць, што ў выпадку з'яўлення ў Казахстане сілавікоў славянскай знешнасці частка казахскіх Узброеных сіл і паліцыі пяройдзе на бок паўстанцаў. І тады гэта ўжо не проста прагулка будзе, а новы Афганістан», — дадаў палітолаг.


Дрэнна для Беларусі

Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч у сваім відэа, прысвечаным сітуацыі ў Казахстане, адзначае:

«У часе карабахскай вайны апошняй Пашынян ледзь не на каленях прасіў АДКБ адрэагаваць — рэакцыі не было. А цяпер, праз літаральна пару гадзін, прымаецца рашэнне АДКБ пра тое, што міратворчы кантынгент будзе накіроўвацца».

Як адзначае аналітык, на падставе «тэрарыстычнай пагрозы» ўводзяцца сілы хуткага рэагавання, а камандаванне імі павінна было быць аддадзена самім казахам. Але сітуацыя іншая.

«Але прэзідэнт Арменіі агучыў іншую версію: што ўводзяцца калектыўныя міратворчыя сілы. Яны ўводзяцца тады, калі ёсць два бакі. Другое: паколькі ёсць два бакі, яны не падпарадкоўваюцца ні аднаму з бакоў. Яны могуць у сілу свайго мандата не дапускаць сутыкненняў паміж бакамі. Што мы атрымліваем? Войскі АДКБ уводзяцца, але не пад казахскае камандаванне, а сумеснае (лічы, расійскае), яны не толькі не падпарадкоўваюцца Казахстану, але тэарэтычна могуць стаць паміж урадавымі сіламі і паўстанцамі і пасля гэтага на палітычным узроўні патрабаваць нейкіх перамоваў, дыялогу. І ключавое: Расійская Федэрацыя фактычна бярэ пад кантроль аб'екты крытычнай інфраструктуры Казахстана».

Увод у тым ліку беларускіх сіл у Казахстан, упэўнены Тышкевіч, будзе дрэнны і для самой Беларусі.

«Пасля сумнеўнай аперацыі будзе вельмі складана даказаць вонкавым палітыкам і аналітыкам хоць бы тэарэтычную магчымасць самастойнага прыняцця рашэнняў афіцыйным Мінскам у ваеннай сферы. Пры гэтым Беларусь уцягваецца ў фармат АДКБ цалкам», — адзначыў ён і дадаў, што можа з'явіцца такое паняцце, як «беларускія акупанты».