Святлана Ціханоўская: Увод войскаў — гэта заўсёды ўмяшанне ў справы іншай дзяржавы
Святлана Ціханоўская лічыць адпраўку войскаў у Казахстан умяшаннем у справы іншай дзяржавы і спадзяецца, што ўлады Казахстана вырашаць сітуацыю без новых ахвяр.
«Не трэба быць палітыкам або экспертам, каб разумець: увод войскаў — гэта заўсёды ўзброенае ўмяшанне ў справы іншай дзяржавы. Народ Беларусі ніколі не выступіў бы і не выступіць за тое, каб адправіць войска на падаўленне волі народа Казахстана», — цытуе Святлану Ціханоўскую REFORM.by.
Ціханоўская падкрэсліла, што толькі жыхары Казахстана маюць права вызначаць лёс сваёй краіны.
«Выхад на вуліцу — гэта нармальны, а ў аўтарытарных рэжымах — адзін з нешматлікіх даступных грамадзянам спосабаў выражэння сваёй грамадзянскай волі. Я спадзяюся, што пратэстоўцы і ўлады Казахстана знойдуць магчымасці пачаць дыялог і вырашыць сітуацыю, не дапушчаючы новых ахвяр», — заявіла Ціханоўская.
Нагадаем, Савет калектыўнай бяспекі АДКБ прыняў рашэнне аб накіраванні міратворчых сіл у Казахстан па запыце кіраўніцтва краіны. Беларусь заявіла, што ў поўным аб’ёме выканае свае саюзніцкія абавязацельствы і накіруе беларускіх вайскоўцаў у Казахстан.