На чым грунтуецца ўлада Лукашэнкі

Дваццаць гадоў таму, 20 ліпеня 1994 года, адбылася інаўгурацыя першага прэзідэнта Беларусі, якім стаў дырэктар саўгаса «Гарадзец», дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання яшчэ 39-гадовы Аляксандр Лукашэнка.



1994_5.jpg

Мала хто мог на той час паверыць, што ён затрымаецца пры ўла­дзе на такі вялікі час, прычым канца кіраванню гэтага чалавека пакуль што нават не праглядаецца. Якім чынам удаецца Лукашэнку так доўга заставацца на вяршыні ўлады? «Новы Час» звярнуўся з гэтым пытаннем да вядомых у Беларусі асобаў і экспертаў.

Міхаіл Пастухоў, доктар юрыдычных навук, прафесар, суддзя першага складу Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь:

 

pastuhov.jpg

 

— Мне падаецца, што сістэма ўлады Лукашэнкі працягвае трымацца перш за ўсё на страху, які гэтая ўлада імкнецца распаўсюдзіць на ўсё грамадства і паказаць людзям, што любое незадавальненне будзе жорстка пакаранае. А таксама гэтая сістэма грунтуецца на псіхалогіі прызвычайвання, калі, магчыма, з прычыны свайго беларускага менталітэту людзі мяркуюць, што, відаць, так і мае быць. Маўляў, можа, будзе горай, калі прыйдзе нехта іншы.

Але рана ці позна любая ўлада мяняецца. І ў большасці грамадзян ужо прыйшло ўсведамленне, асэнсаванне, што перамены неабходныя, што гэтая сістэма ўлады вычарпала сябе, яна не дае падставаў для дынамічнага развіцця. Што патрэбны новыя людзі, новая каманда, якая магла б прасунуць Беларусь па эвалюцыйным шляху развіцця.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык:

klaskouski.jpg

— Насамрэч, сістэма Лукашэнкі аказалася вельмі моцнай, і больш моцнай за тое, як прарочылі крытыкі, што, маўляў, ён не пратрымаецца ва ўладзе больш за два гады. Тут ёсць некалькі складнікаў. У прыватнасці, гэта і папулізм Лукашэнкі, і даволі невысокі ўзровень запытаў масавага беларускага электарату. Адносны дабрабыт, даволі сціплы па еўрапейскіх стандартах, тым не менш, задавальняе большасць беларусаў. Пры тым, што застаюцца пэўныя сацыяльныя гарантыі, усеагульная працоўная занятасць. То бок, гэта такі рымейк савецкага жыцця, калі не трэба шмат думаць пра ўласную будучыню ды ўпірацца рогам.

Але самы галоўны чыннік — гэта велізарная эканамічная падтрымка Масквы. І разам з тым гэта велізарная небяспека не толькі для беларускага рэжыму, але і для будучыні самой Беларусі. Беларуская мадэль вымагае ўсё большага падсілкавання, расійская дапамога робіцца для яе наркотыкам, дозы павялічваюцца, і гэта вядзе да ўсё большай залежнасці ад Масквы, да пагрозы незалежнасці Беларусі, да тармажэння развіцця як эканамічнага, так і грамадскага. Па вялікім рахунку, гэта шлях у тупік. Але такім чынам Лукашэнка забяспечыў сабе даволі працяглы час кіравання і, верагодна, яшчэ пэўны час па інерцыі ён зможа ў рамках гэтай мадэлі ўтрымліваць сваю ўладу.

Пры ўдалым спалучэнні абставінаў, Лукашэнка можа кіраваць яшчэ доўга. Яму ўвесь час неверагодна шчасціла. Зараз, напрыклад, калі рэсурсы ў яго невялікія, рэйтынгу яму дадаў украінскі крызіс. Беларусы схапіліся за гэтую стабільнасць, ім ужо не патрэбна абяцаная тысяча долараў заробку да 2015 года. Ужо толькі за адну стабільнасць, за тое, што не льецца кроў у Беларусі, многія гатовы галасаваць за Лукашэнку.

У той жа час, паколькі Беларусь — гэта малая адкрытая эканоміка, сур’ёзныя эканамічныя страсенні ў Расіі могуць абваліць беларускую мадэль. Ці чарговы скандал з Масквою, калі тая перакрые кранік. Але Лукашэнка будзе рабіць усё магчымае, каб, пакуль ёсць магчымасць, прыстаканьвацца да расійскіх рэсурсаў і выязджаць за кошт інтэграцыйнай рыторыкі. Гэта шлях доўгатэрміновай дэградацыі беларускага грамадства, але тут галоўнае — любым чынам утрымаць уладу. У тым ліку і за кошт цывілізаваных еўрапейскіх перспектываў краіны.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савета ХІІ склікання:

shushkevich.jpg


— Улада Лукашэнкі грунтуецца на дыктатарскай аснове. Цягам першых двух гадоў была знішчана ўсялякая дэмакратыя. Спачатку былі манапалізаваны мас-медыя, потым знішчана ці адзяржаўлена мясцовае самакіраванне і гэтак далей. Засталася сістэма «я начальнік, а ты — дурань», якая дзейнічае і сёння.

Працягласць існавання цяперашняй улады і яе кіраўніка залежыць ад таго, як хутка адбудзецца «палацавы пераварот», ці ад таго, як хутка Лукашэнка абрыдне Пуціну, калі «не ўшурупіць», як яшчэ можна выяўляць сваю адданасць.

Валеры Карбалевіч, палітолаг, эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія»:

karbalevich.jpg

— У Лукашэнкі некалькі падпорак. Па-першае, гэта падтрымка з боку Расіі. Падтрымка фінансавая, эканамічная, палітычная, дыпламатычная, ваенная. Без такой дапамогі існая мадэль так доўга ўтрымацца не змагла б.

Па-другое, гэта падтрымка з боку грамадства. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што для недзе каля паловы насельніцтва існая сацыяльная мадэль дастаткова камфортная, прычым нават псіхалагічна і эканамічна. Той узровень жыцця, які існуе, іх цалкам задавальняе. А незадаволеныя, як правіла, проста з’язджалі за мяжу.

Па-трэцяе, гэта аўтарытарны рэжым. Рэпрэсіі ў дачыненні да ўсіх незадаволеных, нейтралізацыя, выдаленне, ліквідацыя ў розных варыянтах усялякай альтэрнатывы — усё гэта таксама даволі эфектыўна спрацавала.

І, нарэшце, асоба самога Аляксандра Лукашэнкі. Ягонае вострае палітычнае адчуванне, ягоная харызма.