20 гадоў таму Аляксандр Лукашэнкі прыняў кіраванне Беларуссю

Цырымонія яго першай інаўгурацыі прайшла 20 ліпеня 1994 года.



lukashenko_inaug.jpg

На пасаду кіраўніка дзяржавы, акрамя Лукашэнкі, прэтэндавалі яшчэ пяць кандыдатаў — прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч, лідар Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк, спікер Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч, сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларусі Васіль Новікаў і старшыня Саюза аграрнікаў Аляксандр Дубко. У другі тур прайшлі Лукашэнка (44,82% галасоў) і Кебіч (17,33%). Па выніках другога тура Лукашэнка набраў 80% галасоў грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні, ці 56% галасоў усіх выбаршчыкаў Беларусі.

Перадвыбарная праграма будучага прэзідэнта была апублікаваная 14 чэрвеня 1994 у “Народнай газеце” пад назвай “Адвесці народ ад прорвы”.

Лукашэнка абяцаў стабілізаваць кошты, павысіць самастойнасць Нацбанка, скараціць выдаткі на ўтрыманне дзяржапарату, правесці структурную перабудову вытворчасці.

Пры гэтым ён заяўляў пра планы аднавіць кіравальнасць эканомікай: увесці рэжым прамога кіравання дзяржпрадпрыемствамі, размежаваць паўнамоцтвы мясцовых і рэспубліканскіх органаў улады ў сферы кіравання эканомікай.

Лукашэнка таксама абяцаў пазбегнуць рэзкага сацыяльнага расслаення грамадства шляхам прагрэсіўнага падаткаабкладання, праіндэксаваць працоўныя ўклады насельніцтва, усталяваць гарантаваныя грашовыя дапамогі для уразлівых слаёў грамадства, увесці сістэму дзяржаўных субсідый і льготнага крэдытавання будаўніцтва прыватнага жылля.

Кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь было абяцана забяспечыць “рэальную магчымасць думаць і гаварыць на той мове, на якой ён выхаваны”.

Раздзел перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, прысвечаны знешняй палітыцы, пачынаўся словамі: “Дзяржаўнасць Беларусі — не разменная манета, але і не ікона”. Будучы прэзідэнт, у прыватнасці, абяцаў дамагчыся аднаўлення “бяздарна знішчаных сувязяў” з постсавецкімі дзяржавам, асабліва з Расіяй і Украінай, павысіць міжнародны прэстыж Беларусі, падтрымліваць яе рэпутацыю як надзейнага і выгаднага партнёра.

“Людзі Беларусі! Я не абяцаю вам малочных рэк і кісельных берагоў. Не хачу хлусіць. Нам усім давядзецца расплачвацца за тое, што мы так доўга цярпелі неплацежаздольную палітыку даўно збанкрутаванага ўрада. Патрэбная будзе вялікая і цяжкая праца, якую ніхто, акрамя нас саміх, не зробіць. Адвесці дзяржаву і народ ад прорвы — вось першарадная задача прэзідэнта”, — заяўляў Лукашэнкі на выбарах 1994 года.

З тых часоў ён абіраўся кіраўніком Беларусі тройчы і, па афіцыйных дадзеных, нязменна набіраў абсалютную большасць галасоў. Так, па дадзеных ЦВК, у 2001 годзе за Лукашэнку прагаласавала 75,65% выбаршчыкаў, у 2006-м — 83%, у 2010-м — 79,65%. Між тым, ніводную з гэтых выбарчых кампаній назіральнікі ад АБСЕ не прызналі адпаведнай дэмакратычным стандартам.

За час кіравання Аляксандра Лукашэнкі Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь змянялася двойчы.

На рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года, які ініцыяваў кіраўнік дзяржавы, у Асноўны Закон былі ўнесены змены і дапаўненні, у адпаведнасці з якімі адлік пяцігадовага тэрміну прэзідэнцтва Лукашэнкі пачаўся нанова, а Вярхоўны савет быў ператвораны ў двухпалатны парламент — Нацыянальны сход. Прэзідэнт атрымаў права выдаваць указы і дэкрэты, якія пераважаюць па сваёй юрыдычнай сіле законы парламента. Акрамя таго, прэзідэнт атрымаў права прызначаць шэсць суддзяў Канстытуцыйнага суда і сябраў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

17 кастрычніка 2004 года ў Беларусі прайшоў яшчэ адзін рэферэндум, па выніках якога з Канстытуцыі было выключана палажэнне, якое абмяжоўвае знаходжанне на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі. Прадстаўнікі апазіцыі лічаць, што ўсе гэтыя змены ў Асноўны Закон былі ініцыяваныя Лукашэнкі з адной мэтай — усталяваць у краіне аднаасобную ўладу, нагадвае БелаПАН.

euroradio.fm