Як жорсткія санкцыі ЗША паўплывалі на палітыку апартэіда?
У 1985 годзе Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць Паўднёвай Афрыкі ў адказ на яе палітыку апартэіду — сістэму расавай сэгрэгацыі і дыскрымінацыі. Гэта была амаль татальная эканамічная блякада афрыканскай дзяржавы з боку ЗША і Вялікай Брытаніі. Наколькі гэта паспрыяла наступнаму прыходу палітвязьня Мандэлы да ўлады?
Санкцыі ЗША былі распрацаваныя, каб аказаць эканамічны і палітычны ціск на паўднёваафрыканскі ўрад, прымусіць яго рэфармаваць і ў канчатковым выніку ліквідаваць усю сістэму расавага прыгнёту.
Абмежаваньні, уведзеныя ў 1985 годзе, былі вельмі істотнымі. Яны ўключалі забарону на ўсе новыя інвэстыцыі ў Паўднёвай Афрыцы, спыненьне крэдытаў паўднёваафрыканскаму ўраду і дзяржаўным прадпрыемствам, забарону на продаж кампутараў і зьвязаных зь імі тэхналёгій ураду і яго агенцыям, а таксама абмежаваньні на імпарт паўднёвай-афрыканскіх тавараў, такія як жалеза, сталь, вугаль, тэкстыль і сельскагаспадарчай прадукцыі.
Па стане на 1979 год агульны аб'ём замежных інвестыцый у Паўднёвую Афрыку склаў 26,3 мільярда даляраў, зь якіх 80% належалі ЗША, Вялікай Брытаніі, Заходняй Нямеччыне, Швайцарыі, Францыі.
Санкцыі пагоршылі эканамічныя цяжкасьці Паўднёвай Афрыкі. Да сярэдзіны 1980-х гадоў эканоміка гэтай краіны і так ужо змагалася з нутранымі і вонкавымі фактарамі: зьніжэньнем коштаў на золата, ростам працоўных хваляваньняў і выбухам міжнароднага руху супраць апартэіду. Санкцыі ЗША разам з санкцыямі, раней уведзенымі іншымі заходнімі краінамі, яшчэ больш напружылі эканоміку Паўднёвай Афрыкі, чым перакрылі доступ да замежнага капіталу і тэхналёгій.
Магутным паказчыкам узьдзеяньня санкцый стаў фінансавы крызіс, які абрынуўся на Паўднёвую Афрыку ў 1985 годзе. Калі амэрыканскі Chase Manhattan Bank адмовіўся пралянгаваць крэдыты паўднёваафрыканскім пазычальнікам, іншыя міжнародныя банкі рушылі па яго прыкладу, што прывяло да масавага адтоку капіталу.
Адносна рашэньня не працягваць крэдыты ў канцы ліпеня 1985 года, кіраўнік Chase Manhattan Bank сказаў:
«Мы палічылі, што рызыка палітычных хваляваньняў і эканамічнай нестабільнасьці стала занадта высокай для нашых інвэстараў. Мы вырашылі выйсьці. Але гэта ніколі не было намерам спрыяць зьменам у Паўднёвай Афрыцы, рашэньне было прынята выключна з улікам таго, што было ў інтарэсах банка і яе актываў»
Гэта вымусіла ўрад Паўднёвай Афрыкі абвесьціць прыпыненьне запазычанасьці, яны спынілі пагашэньне больш чым 14 мільярдаў даляраў замежных пазыкаў. Непасрэдным наступствам стаў сур'ёзны крызіс ліквіднасьці, які яшчэ больш ускладніўся зьніжэньнем прамысловай вытворчасьці, ростам інфляцыі і ростам беспрацоўя.
Аднак хаця гэтыя эканамічныя наступствы і былі сапраўды значнымі, яны не сталі катастрафічнымі. Паўднёваафрыканскі ўрад на чале з Нацыянальнай партыяй прытрымліваўся стратэгіі эканамічнай самастойнасьці і імпартазамяшчэньня. Яны скіравалі гандаль на іншыя рынкі, перадусім Азію, і зьменшылі залежнасьць ад заходніх тэхналёгій.
Урад таксама меў значныя запасы золата, што дазволіла яму вытрымаць фінансавы шторм. Нягледзячы на санкцыі, эканоміка Паўднёвай Афрыкі не пацярпела крах. Замест гэтага яна увайшла у перыяд стагнацыі і рэцэсіі. Усё гэта далёка не адразу прымусілі зьмяніць палітыку апартэіду.
Рух звонку абапіраўся на падтрымку ўсярэдзіне
Усярэдзіне краіны санкцыі спрыялі ўзмацненьню нутранага супраціву апартэіду. Яны падбадзёрылі актывістаў барацьбы з рэжымам. Эканамічны спад у спалучэньні з узмацненьнем міжнароднай ізаляцыі прывёў да шэрагу працоўных страйкаў, пратэстаў і кампаній грамадзянскага непадпарадкаваньня. Гэтыя дзеяньні яшчэ больш дэстабілізавалі рэжым, што прымусіла ўрад узмацніць рэпрэсіўныя меры, што, у сваю чаргу, выклікала большы супраціў.
Санкцыі таксама прывялі да росту нязгоды ў белай супольнасьці Паўднёвай Афрыкі. Эканамічныя цяжкасьці закранулі бізнэс белых і сярэднюю клясу. Яны пачалі ўспрымаць рэжым апартэіду адказным за свой эканамічны дабрабыт. Шэраг буйных бізнэсоўцаў пачала заклікаць да дыялёгу з групамі супраць апартэіду.
Лёс эканомікі
Да 1985 года Паўднёвая Афрыка была ў стане эканамічнага росквіту. Гэта адбывалася ў асноўным дзякуючы мінэральным багацьцям і спрыяльным гандлёвым адносінам з заходнімі краінамі, у тым ліку са Злучанымі Штатамі.
Паводле ацэнак тагачаснага міністра фінансаў ПА, санкцыі каштавалі эканоміцы зьніжэньня сярэдніх тэмпаў росту з 5,5% гадавых да 3,5%.
З прыблізна 350-400 амэрыканскіх кампаній з наўпроставымі інвэстыцыямі ў Паўднёвай Афрыцы ў студзені 1984 года, сем сыйшлі з працы ў 1984 годзе і 39 у 1985 годзе. У 1986 годзе тэмпы павялічыліся: 40 пакінулі і 13 абвесьцілі аб сваім намеры сысьці, у тым ліку некаторыя з найбуйнейшых – Eastman Kodak, Coca-Cola, Exxon, General Motors і IBM. Да чэрвеня 1987 года яшчэ 39 пакінулі або заявілі аб сваім намеры сысьці. Да сярэдзіны 1988 года ў Паўднёвай Афрыцы засталося 136 амэрыканскія кампаніі.
Па разьліках Сусьветнага Банка, з 1986 года паўднёваафрыканская эканоміка расла, нягледзячы на санкцыі, але рабіла гэта павольней, чым сусьветная. Дзякуючы высокім коштам на золата ў гады санкцый таваразварот у даляравым выражэньні працягваў расьці. У 1985 годзе імпарт і экспарт складалі 13 і 18 мільярдаў даляраў адпаведна, у 1993 годзе – 23 і 29 мільярдаў даляраў адпаведна (прырост амаль удвая).
Але доля зьнешняга гандлю ў ВУП краіны зьнізілася, падаў узровень жыцьця і раслі падаткі. Паслья адмены абмежаваньняў Паўднёвая Афрыка вярнулася да тых самых тэмпаў эканамічнага росту, што і сьвет у цэлым. Пік эканамічнага разьвіцьця наступіў амаль праз 20 гадоў пасьля адмены санкцый: у 2011 годзе ВУП склаў рэкордныя 458 мільярдаў даляраў.
У канчатковым выніку ўрад пад кіраўніцтвам прэзідэнта Дэ Клерка пачаў рэформы ў пачатку 1990-х гадоў, якія прывялі да вызваленьня Нэльсана Мандэлы, адмены забароны яго партыі – АНК і іншых палітычных арганізацыяў і перамоваў аб мірным пераходзе да дэмакратычнай Паўднёвай Афрыкі.
У 1994 годзе былы палітвязень Мандэла перамог на першых дэмакратычных выбарах прэзідэнта сваёй краіны. Паўднёвая Афрыка стала прыкладам таго, як вонкавы ціск абапіраўся на магутны нутраны супраціў рэжыму. Страйкі, шматлікія акцыі непадпарадкаваньня рабілі сваю працу.
Ці мае падобную пэрспэктыву сёньняшні рух усярэдзіне нашай краіны – вялікае пытаньне з улікам штодзённых масавых рэпрэсій.