Кожны другі аўтамабіль, што экспартуецца з ЕС у трэція краіны, трапляе на расійскі рынак
Цяпер у Клайпедзе захраслі 2700 машынаў. У Мінфіне Літвы мяркуюць, што толькі 10 % з іх купленыя для выкарыстання ў Беларусі.
У міністэрстве фінансаў Літвы заявілі «Белсату», што бальшыня машынаў будзе рээкспартаваная ў Расію, а гэта – парушэнне санкцыяў.
Беларусы сутыкнуліся з праблемамі пасля 4 чэрвеня, калі набылі моц новыя правілы вывазу аўтамабіляў у нашую краіну. І пад гэтыя патрабаванні трапілі машыны, што былі купленыя загадзя і ў той момант плылі ў Клайпеду.
Літоўская мытня пачала патрабаваць, у прыватнасці, дэкларацыю вытворцы. Дакумент мае пацвярджаць, што пакупнік не парушыць санкцыяў, то бок машына не трапіць у Расію. Беларусы, якія купілі аўтамабілі, сцвярджаюць, што атрымаць такую дэкларацыю ад вытворцы немагчыма.
Аднак без гэтай паперы машыны беларускім грамадзянам не аддаюць.
У міністэрстве фінансаў Літвы сітуацыю тлумачаць тым, што багата аўтамабіляў, якія купляюць і вывозяць беларусы, потым прадаюць у Расію. Як заявілі «Белсату» ў ведамстве, мытня краіны «прымае ўзмоцненыя захады кантролю разам з рэгіянальнымі партнёрамі – Латвіяй, Эстоніяй, Польшчай і Фінляндыяй, – стала ацэньваючы рызыкі і забяспечваючы адзіны кантроль за выкананнем санкцыяў на вонкавай мяжы ЕС»:
«Разбор літоўскай мытні сведчыць, што кожны другі аўтамабіль, што экспартуецца з ЕС у трэція краіны, трапляе на расейскі рынак. Больш за палову аўтамабіляў, якія трапляюць у Расію, імпартуюцца з Беларусі. Нядаўняе даследаванне латвійскай мытні паказала такую ж тэндэнцыю абыходу санкцыяў: да 72 % аўтаў, экспартаваных з Латвіі ў Беларусь, трапляюць на расійскі рынак».
У Мінфіне Літвы адзначылі, што, нягледзячы на абмежаванні, пастаўкі аўтаў у Беларусь працягваюцца:
«Ад пачатку года праз літоўскія мытныя пасты ў Беларусь выпусцілі 52 тысячаў машынаў, а ад пачатку чэрвеня – 14 тысячаў».
Пры гэтым завезці аўтамабіль у нашую краіну можна іншымі маршрутамі, напрыклад, праз Турцыю ці Грузію, заўважылі ў міністэрстве.
Цяпер у Клайпедзе захраслі 2700 машынаў. У ведамстве мяркуюць, што толькі 10 % з іх купленыя для выкарыстання ў Беларусі:
«Паводле папярэдніх ацэнак мытных экспертаў, менш за 10 % аўтаў, што знаходзяцца на часовым захоўванні ў Клайпедзе і іншых пунктах часовага захоўвання, насамрэч могуць быць прызначаныя для асабістага выкарыстання на ўнутраным рынку Беларусі, а ўсе астатнія – для ўвозу ў ЕС або чакаюць заказчыкаў у Расіі».
У міністэрстве фінансаў Літвы сцвярджаюць, што некаторыя беларусы, якія абураюцца блакаваннем аўтаў, ужо апублікавалі абвесткі аб іх продажы:
«Праз сацыяльныя сеткі прадаюць тры, а часам і чатыры аўтамабілі, што ўжо прыбылі ў порт Клайпеды. У звязку з гэтым узнікае пытанне, ці сапраўды гэта аўтамабілі для асабістага выкарыстання».
Праз тое, што Літва не аддае машыны, была створаная петыцыя на адрас прэзідэнта і міністра фінансаў суседняй краіны, зварот падпісалі больш за тысячу асобаў. Аўтары просяць дазволіць забраць аўтамабілі, адзначаючы, што «разумеюць мэтазгоднасць санкцыяў».
У Мінфіне сцвярджаюць, што бальшыня падпісантаў – расійцы:
«Аналіз сацсетак паказвае, што бальшыня падпісантаў петыцыі рабілі гэта не аднойчы, а некалькі разоў або нават дзясяткі разоў з аднаго акаўнту, іншыя выкарыстоўвалі фальшывыя акаўнты. Акрамя таго, бальшыня падпісантаў насамрэч – грамадзяне Расіі, зацікаўленыя пакупнікі, якія чакаюць аўтамабілі».
Немагчымасць вывезці купленую машыну адзін беларус нават пачаў 8 верасня галадаванне. Напярэдадні яму стала блага.
«Пацямнела ў вачах, рэзка абмяклі рукі і ногі. Цяпер цяжка казаць. Лекары падазраюць сардэчны прыступ», – сказаў Рыгор Алексіевіч выданню «Новая газета. Балтия».