«Не вінаватая я! Ён сам прыйшоў!»
Аляксандр Лукашэнка назваў вінаватых у беларускай дэвальвацыі і эканамічным крызісе. Як заўсёды, крызіс да нас прыйшоў звонку, а вінаватымі аказаліся Расія, «народзец» і... ізноўку аўтамабілісты!
Як мы і прадказвалі, тэму эканамічнага крызіса беларускі кіраўнік пакінуў на вялікую прэс-канферэнцыю, якая праходзіць зараз у Палацы Рэспублікі. Аляксандр Рыгоравіч адразу ўзяў «быка за рогі».
Па ягоных словах, сітуацыя, якая склалася у беларускай эканоміцы, была ў вялікай ступені абумоўлена знешнімі прычынамі. Ён узгадаў вайну ва Украіне, «санкцыі і контарсанкцыі», якія атрымала і ўвяла ў дзеянне Расія ў выніку гэтай вайны, абвал расійскага рубля. Але вінаватай апынулася не толькі Расія. Па словах Лукашэнкі, гэта — агульная тэндэнцыя. Напрыклад, ён узгадаў і дэвальвацыю ва Украіне, і нават тое, што напачатку мінулага года «недзе на 30%» быў дэвальваваны казахстанскі тэнге. Хаця б, здавалася, увесь 2014-ы год мы прыўкрасна пражылі без увагі на казахскую дэвальвацыю.
Больш за тое, Аляксандр Рыгоравіч здзівіў нас тым, што сусветны эканамічны крызіс, па ягоных словах, «не скончыўся». Ён, па меркаванні кіраўніка Беларусі, працягваецца. Нягледзячы на тое, што Еўропа і Амерыка выйшлі з рэцэсіі.
Канешне ж, гучалі словы пра «псіхалагічны фактар». Адначасова Аляксандр Рыгоравіч папяняў СМІ, кажучы пра тое, што «грошы любяць цішыню». «Я намякаю вам (журналістам — аўт.): не трэба залішняга шуму на гэую тэму», — зазначыў ён. Такім чынам у дэвальвацыі аказаліся вінаватыя і журналісты, і эксперты, якія прадказвалі гэтую падзею ледзьве не ўвесь мінулы год.
«Калі вы пачнеце бегаць па абменніках, вы нас падштурхнёце да дэвальвацыі нацыянальнай валюты», — зазначыў Лукашэнка, ускосна маючы на ўвазе і беларускі народ. «Я папярэджваў вас, каб вы не бегалі па абменніках, ведаючы, што вы, як сапраўныя беларусы, мяне не паслухаецеся», — неяк іранічна сказаў ён.
І ізноўку вінаватымі апынуліся аўтамабілісты. Кіраўнік краіны, аказваецца, чытае прэсу. «Недзе, у адным выданні я прачытаў, што беларусы за мінулы год прывезлі з Расіі ажно 60.000 аўтамабіляў. Расіяне нават казалі, што запытвалі пашпарты, і беларусам прадавалі даражэйшыя машыны. Па 10 — 15 машын… Вось такія бедныя беларусы, на дарогах праціснуцца нельга», — адзначыў ён.
Вось і аказваецца, што вінаватымі ў дэвальвацыі аказаліся хто заўгодна, толькі не ўрад.
Пры сярэднім кошце машыны ў $10.000 гэтыя 60.000 машын — 600 міліёнаў долараў. Для аднаго чалавека гэтая сума, канешне, вельмі вялікая, але для краіны? Нават не для дзяржавы — для насельніцтва?
Па статыстыцы, за 2014 год (за весь год) беларусы набылі ў банках 10 міліярдаў 959 міліёнаў 88 тысяч долараў. Прадалі — 9 млрд. 574 млн. 910 тысячаў. Такім чынам, чыстая купля валюты за год склала амаль 1 міліярд 385 міліёнаў долараў. Значыць, $600 млн. — гэта не вельмі ўжо і шмат, гэта толькі палова таго, што ў беларускага народа было «на руках».
Прычым, па падліках партала interfax.by, за снежань мінулага года, калі на валютным рынку склалася крытычная сітуацыя з-за ажыятажнага попыту, жыхары краіны набылі валюты больш чым на 1,5 міліярда долараў, а здалі «толькі» 627 млн. долараў. Заўважым, што за крызісны месяц «народзец» здаў валюты на суму, супастаўляльную з «крызісным» набыццём аўто, у чым вінанваціць гэтае насельніцтва Аляксандр Рыгоравіч.
Эканаміст Барыс Жаліба адзначае: канешне, сітуацыя з набыццём аўто ў Расіі адыграла ў беларускім крызісе «істотную», але не «вырашальную» ролю. «Зразумела, што 600 млн. долараў для нас — сума істотная. Канешне, гэта адыграла сваю ролю ва ўзнікненні валютнага дэфіцыту і дэвальвацыі. Сапраўды, вывозілі ж, найперш, долары і еўра — наўрад ці нашыя грамадзяне мянялі беларускія рублі на расійскія. Таму гэтую цвердую валюту і вывозілі», — лічыць Жаліба.
Аднак галоўная прычына гэтага вывазу валюты, кажа эканаміст, заключаецца ў тым, што дэвальвацыя расійскага рубля ішла апераджальнымі тэмпамі за дэвальвацыю рубля беларускага . «У той час, як расійскі рубель падаў, курс нашага рубля трымалі, і трымалі штучна. Таму, зразумела, што тавары ў Расіі таннелі, а ў нас кошты трымаліся «на ўзроўні». Стала выгадна насельніцтву набываць машыны ў Расіі. У пэўны час можна было зэканоміць на машыне да пяці тысячаў долараў. І зразумела, што нашыя людзі паехалі туды па тэхніку, па тавары, па машыны. Я лічу, гэта нармальна: што чалавек хоча набыць танней», — адзначае Жаліба.
То бок, перадумовы для «вінаватых аўтамабілістаў» былі створаныя ўсё ж не самімі аўтамабілістамі, ці не так?