Новыя выбары за 45-60 дзён. Офіс Святланы Ціханоўскай прапанаваў сваю канцэпцыю
Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў спіс таго, што трэба зрабіць, каб правесці ў Беларусі новыя свабодныя выбары. Дакумент, які ўключае 10 прынцыпаў, створаны на аснове рэкамендацый беларускіх экспертаў, якія маюць міжнародны досвед назірання за выбарамі.
Па беларускіх законах датэрміновыя выбары можна правесці ў выпадку добраахвотнай адстаўкі прэзідэнта, вызвалення або зрушэння прэзідэнта з пасады парламентам. Новыя выбары павінны прайсці мінімум праз 30 дзён, а максімум — праз 70 дзён пасля адкрыцця «вакансіі» прэзідэнта. У цяперашніх рэаліях падрыхтоўка да выбараў можа заняць ад 45 да 60 дзён.
З выбарамі ў Беларусі ёсць некалькі палітычных і тэхнічных праблем, адзначаюць у офісе Святланы Ціханоўскай. У Беларусі шмат гадоў жорстка душылі свабоду слова і сходаў. А непасрэдна на выбарах было вельмі шмат фальсіфікацый і парушэнняў накшталт нядопуску назіральнікаў. Але многія праблемы вырашацца самі сабой, калі будзе палітычная воля да правядзення сумленных выбараў.
Ёсць яшчэ адна добрая навіна: галоўнае пытанне не ў тым, як напісаныя Канстытуцыя і Выбарчы кодэкс. Праблема ў тым, як яны ўжываюцца. А значыць для вырашэння асноўных праблем дастаткова змяніць падзаконныя акты (палажэнні і інструкцыі ЦВК), а не цэлыя законы. Важны таксама давер да выбарчых органаў, а выбары павінны праводзіцца не для ўлады і не дзеля кандыдатаў, а для людзей.
Вось 10 прынцыпаў новых выбараў ад офіса Святланы Ціханоўскай:
1. Даць назіральнікам доступ да ўсіх этапаў выбараў: ад вылучэння сябраў выбарчых камісій да падліку галасоў.2. Павысіць прыярытэт мясцовых супольнасцяў (дваровых / дамавых) у складзе выбарчых камісій.3. Змяніць мэту работы камісій з пошуку несапраўдных подпісаў на пошук сапраўдных.4. Інтэрпрэтаваць сумніўныя выпадкі на карысць прэтэндэнтаў з выбаршчыкамі, якія аддалі подпісы ў іх падтрымку.5. Правяраць подпісы публічна.6. Распрацаваць больш дэталёвую форму пратаколаў для ўліку атрыманых, выдадзеных і запоўненых бюлетэняў на ўсіх этапах і для ўсіх формаў галасавання (датэрміновае, на хаце, на ўчастку).7. Абмежаваць датэрміновае галасаванне і дазволіць назіральнікам выконваць свае функцыі бесперашкодна і бесперапынку ў перыяд датэрміновага галасавання, і / або абсталяваць участкі неабходнымі сродкамі для кругласутачнай відэафіксацыі.8. Увесці правіла адкрытага і публічнага падліку галасоў: кожны бюлетэнь паказваецца ўсім сябрам камісіі і ўсім назіральнікам, пры гэтым на ўвесь голас агучваецца, за каго пададзены голас.9. Увесці правіла вывешваць пратаколы без прамаруджвання. І стварыць тэхнічнае рашэнне, каб усе пратаколы публікаваліся на сайце ЦВК.10. Не перашкаджаць назіральнікам праходзіць акрэдытацыю і назіраць за выбарамі. Усіх зарэгістраваных назіральнікаў дапусціць на ўчасткі з захаваннем ахоўных мер ад COVID-19. Даць ім магчымасць запісваць аўдыё і відэа на участках, не парушаючы пры гэтым тайну галасавання.
Офіс Святланы Ціханоўскай перакананы, што ўнясенне гэтых правілаў у палажэнні і інструкцыі новага ЦВК дазволіць правесці сумленныя і свабодныя выбары прэзідэнта Беларусі.