Палітолаг: Самым натуральным чальцом ЕС у гэтым рэгіёне з'яўляецца не Украіна, а Беларусь

Эстонскі гісторык і палітолаг, экс-дэпутат эстонскага парламента Аарнэ Веедла — пра аптымістычныя перспектывы Беларусі. Праўда, ёсць адно «але».

1688812550129475061_1200x6304567.jpg

— Я заўсёды лічыў, што Беларусь — натуральны кандыдат у члены Еўрапейскага саюза, — цытуе эстонскага палітолага «Салідарнасць» са спасылкай на эфір «Рацыі». — У Беларусі ёсць усё, каб уступаць у ЕС.

Вядома, гэты працэс не адбываецца за адзін дзень. Але ў вашай краіны значна больш магчымасцяў, чым, скажам, у Арменіі. Тут патрэбна геапалітычная дамова, асабліва з Масквой.

Пры гэтым Аарнэ Веедла, у адрозненне ад большасці экспертаў, прытрымліваецца непапулярнага меркавання пра стаўленне Расіі да Беларусі пасля змены ўлады.

— Думаю, што новых кіраўнікоў у Крамлі не асабліва будзе хваляваць тое, што Беларусь накіруецца ў ЕС. А, можа, нават наадварот.

Пуцін разбурыў сваю краіну. Дзесяцігоддзі яна будавала нафтагазавы саюз з Еўропай, што дало Расіі неймаверныя грошы, і Пуцін гэта разбурыў. Ён паставіў расійскую дзяржаву ў найскладанейшую сітуацыю. Таму новыя кіраўнікі павінны быць адкрытыя да новых рашэнняў.

Да таго, што Расія не можа плаціць ні за якія акупаваныя тэрыторыі, не можа ўтрымліваць і Беларусь. Гэта проста не трэба. Трэба шукаць новыя рашэнні.

Трэба развіваць адносіны з багатым Еўрапейскім саюзам у будучыні. І для гэтага, вядома, было б нядрэнна, калі б у ЕС былі нейкія дзяржавы, больш лаяльныя да Расіі.

Гэта было б выгадна, у тым ліку і для новага кіраўніцтва Крамля — каб Беларусь была ў складзе ЕС. Гэта маё перакананне.

Я бачу, што такая перспектыва ў Беларусі ёсць. Ведаю, што некаторыя не вераць у будучыню Беларусі. Але я прытрымліваюся супрацьлеглага меркавання і веру, што ў вашай краіны ёсць усе магчымасці і добрыя перспектывы.

Гэта не пра НАТО. Пра ваенныя саюзы гаварыць рана. Але мы ўсе бачым, як, напрыклад, Сербія магутна рухаецца ў бок ЕС. Будзьце ўпэўненыя, калі ў Расіі адбудуцца змены, і там з'явяцца больш рэалістычныя кіраўнікі, то Беларусь зможа накіравацца ў бок ЕС.

Паўтару, самым натуральным членам Еўрапейскага саюза ў гэтым рэгіёне з'яўляецца не Украіна, а Беларусь, — падкрэсліў эстонскі палітык.


Глядзіце таксама

Ён не бачыць канкрэтных варыянтаў звяржэння пуцінскага рэжыму, які будзе падтрымліваць Лукашэнку да апошняга.

— Пра якога Лукашэнку вы кажаце? У яго няма ніякіх перспектыў, ён нуль у палітычным сэнсе. Ён можа трымацца за сваё крэсла, але яго лёс вырашаны.

Так, мы бачым, што напэўна ў 2025 годзе ён у чарговы раз пойдзе на выбары, хоць цяпер і спрабуе ўсіх падмануць, паказваючы нейкіх фэйкавых пераемнікаў. І Масква маўчыць, мы не ведаем, што мае намер распачаць Крэмль, у тым ліку і з гэтымі выбарамі.

Але калі Лукашэнка сам пойдзе, то яму трэба легітымізаваць гэтыя выбары. І для гэтага можна ўсё, можна нават Калеснікаву выпусціць. Што заўгодна можна рабіць, каб легітымізаваць свае фэйкавыя выбары. Аднак трэба разумець, што фэйкавымі яны і застануцца.

Факт застаецца фактам: Лукашэнка — стары хворы чалавек, і ён, ці нават яго пераемнік, сыдуць праз пару гадоў.

І калі казаць пра тую перспектыву, што і Пуцін сыдзе, то, зразумела, што ў інтарэсах Беларусі, каб у далейшым дзяржава і народ прадстаўляла вельмі добры твар. Гэта не могуць быць нейкія старыя кадэбісты.

З боку Захаду ніхто не будзе нікога прызначаць прэзідэнтам Беларусі. Гэта фантазіі Пуціна кагосьці прызначаць, у Захаду такіх фантазій няма. Таму кажучы пра кардынальныя перамены, я маю на ўвазе час, калі ўсе гэтыя дыктатарскія рэжымы знікнуць.

Зразумела, што такія размытыя перспектывы не падабаюцца людзям. Рана казаць пра паразу Украіны. Бо ў Пуціна былі напалеонаўскія планы захапіць усю Украіну.

Зараз жа ўкраінскія войскі знаходзяцца ў Курскай вобласці. Так што пра перамогу Пуціна мы ніяк не можам казаць. Яго планы не рэалізаваліся, — патлумачыў Аарнэ Веедла.