Палітолаг Тышкевіч: Расія можа паставіць на «перамогу дэмакратыі» ў Беларусі, на «беларускага Пашыняна»

Беларускі палітолаг з Кіева Ігар Тышкевіч, эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні, заяўляе, што Масква пачала «загоннае паляванне» на Лукашэнку, сцвярджае, што Масква падтрымлівала беларускія пратэсты, і прагназуе, якія два варыянты развіцьця падзеяў Пуцін мог прапанаваць беларускаму кіраўніку. Прыводзім тэкст інтэрв'ю «Свабодзе».

d42c599a_0a2f_42c8_abe9_cc0fdccae5e3_w1023_r1_s.webp

— Напярэдадні гэтай, майскай, сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ўжо традыцыйна, асабліва ў расійскіх тэлеграм-каналах, нагняталася думка, што «Лукашэнка надакучыў, Лукашэнку зліваюць». Па-вашаму, ці ёсць для такой думкі нейкія рэальныя стратэгічныя падставы?

— Масква не злівае Лукашэнку. Масква ставіць Лукашэнку перад выбарам. Масква свядома звужае яго прастору для манеўру.

Ідзе такое загоннае паляванне, калі расстаўляюць сцяжкі, каб прымусіць звера бегчы ў тым накірунку, куды трэба паляўнічым. Заўважце, расійскія СМІ падкрэслівалі не афіцыйную версію Мінска ў інцыдэнце з самалётам, а казалі пра «бліскучую аперацыю беларускага КДБ». Па-другое, Расія нядаўна фармальна зняла з вышуку Ціханоўскую. Па-трэцяе, з'явіліся праблемы з пастаўкамі расійскай нафты ў Беларусь праз тое, што расійскія пастаўшчыкі нібыта баяцца амерыканскіх санкцый.

Усё гэта адбываецца на фоне палітычных правакацыяў супраць Украіны, бо ў чэрвені ў Мінску адбудзецца з'езд гэтай званай «рускай дыяспары», на які, хутчэй за ўсё, прыедуць дэлегацыі ДНР і ЛНР.

Таму Масква робіць усё, каб спаліць масты для магчымага адступлення Лукашэнкі, для разрыву адносінаў Мінска з Захадам, і адпаведна ставіць яму ўмовы. Альбо Лукашэнка пагаджаецца на расійскія планы ўваходжання ў беларускую эканоміку і расійскія прынцыпы палітычнай рэформы ў Беларусі.

Альбо — армянскі варыянт. Армянскі варыянт — гэта тое, што Расія рабіла ў ліпені-жніўні 2020 году, калі Масква фактычна падтрымлівала пратэсты ў Беларусі. І цяпер Расія можа паставіць на перамогу дэмакратыі ў Беларусі, на «беларускага Пашыняна». Пры гэтым дамовіўшыся з Захадам, што Масква захоўвае дамінуючую ролю ў Беларусі.

— Вы сказалі фразу, якая нярэдка гучыць, што «Расія падтрымлівала пратэсты». Але справы гавораць самі за сябе. Пуцін адным з першых адразу афіцыйна прызнаў Лукашэнку пераможцам выбараў, потым Масква паабяцала палітычную і нават вайсковую падтрымку...

— ...Трэба паглядзець расійскія афіцыйныя СМІ ў жнівеньскія дні. «Пераабуванне ў палёце» адбылося толькі паміж 17 і 30 жніўня. Але 12-16-га жніўня расійскія афіцыйныя СМІ яшчэ былі не на баку Лукашэнкі, гэтаму шмат доказаў. Так што ёсць нейкія абстрактныя палітычныя заявы, а ёсць рэальная праца СМІ, паліттэхнолагаў, у сацыяльных сетках, тэлеграм-каналах, праца здымачнай групы Расійскага тэлебачання і гэтак далей.

— Тым не менш Пуцін, які, відаць, усё ж важнейшая асоба ў Расіі, адразу прызнаў «перамогу» Лукашэнкі, потым паабяцаў пры неабходнасці ваенную падтрымку. Менавіта гэта, на думку многіх, тады і пераламала сітуацыю. Але маё пытанне наступнае — цяперашні ціск Крамля на Лукашэнку мае на мэце яго адхіліць ад улады альбо проста зрабіць больш згаворлівым?

— Расія спрабуе працаваць у бяспройгрышным фармаце. Я хачу нагадаць, што ў армянскіх падзеях Масква да апошняга падтрымлівала дзейнага прэм’ера Арменіі. Тады таксама казалася, што расійскія войскі гатовыя забяспечыць парадак у Арменіі. Але ў пэўны момант адбылася дамова Масквы з партнёрамі з ЕС і ЗША наконт таго, што Захад атрымае ў Арменіі дэмакратыю і перамогу гэтак званай «народнай рэвалюцыі», але ў замежнай палітыцы Арменія застаецца пад моцным уплывам Расійскай Федэрацыі.

Гэта той варыянт, які будзе прапаноўвацца Лукашэнку. Расіі важна, каб у Беларусі фармальна была дэмакратыя, розныя палітычныя партыі ў парламенце, дзе парламенцкая кааліцыя прызначае ўрад. Расіі важна стварыць такія палітычныя партыі, якія пад чырвона-зялёнымі ці бел-чырвона-белымі сцягамі будуць адстойваць інтарэсы Масквы ў Беларусі. Гэта тое, што хутчэй за ўсё, Пуцін прапаноўваў Лукашэнку, і даў яму час падумаць.

— Вы ўзгадалі пра згоду, якая (на вашую думку і думку іншых аналітыкаў) была дасягнутая паміж Расіяй і Захадам у армянскім пытанні, а раней — у малдаўскім пытанні. Напярэдадні сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Расіі Байдэна і Пуціна многія ставяць дылему, а ці магчыма дасягненне такога кансэнсусу паміж Масквой і Вашынгтонам па беларускім пытанні?

— Так, Расія ўжо два разы дамаўлялася з Захадам па постсавецкай прасторы — у Армэніі і Малдове — і ў абодвух выпадках расійскі ўплыў толькі ўзрастаў. Пры тым, што фармальна выконваліся дэмакратычныя працэдуры. Таму нішто не замінае Расіі дамовіцца па Беларусі у тым самы фармаце.

Я магу нагадаць восеньскую пастанову Бундэстагу па Беларусі. Там дэпутаты казалі пра выключную ролю Расійскай Фэдэрацыі і што Расія можа ў любым фармаце ўключыцца ў працу, але гэта пажадана аформіць праз механізм АБСЭ. Не бачу, каб за гэтыя месяцы нешта радыкальна змянілася, каб Еўропа не пайшла на такі «дагаварняк».

— Вы жывяце ва Ўкраіне, якая апошнім часам прымае вельмі рэзкія рашэнні ў дачыненні да беларускага рэжыму. Ці ёсьць згода па гэтым пытанні ва ўкраінскіх палітыкаў, чаму Кіеў дэманструе такую выразную пазіцыю?

— На жаль, украінскія палітыкі дагэтуль не абралі адназначнай стратэгіі, як ставіцца да Беларусі. Палітыка Кіева ідзе хутчэй у логіцы рэагавання на тое, што адбываецца ў Беларусі, і ў логіцы крокаў паводле просьбаў замежнапалітычных партнёраў Украіны. На жаль, самастойнай стратэгічнай палітыкі Ўкраіны, адказу на пытанне, якая Беларусь патрэбна Ўкраіне, пакуль няма. Вельмі спадзяюся, што гэтая стратэгія будзе распрацаваная.