Ужо тры еўрапейскія авіякампаніі атрымалі дазвол на рэйсы ў Расію ў аблёт Беларусі

Гэта Lufthansa, AirFrance і Austrian Airlines.

07c0dd227acd.jpg

Авіяцыйныя ведамствы адобрылі цэлы шэраг рэйсаў па новых маршрутах з Заходняй Еўропы ў Расію. Так, у нямецкай авіякампаніі Lufthansa сказалі агенцтву ТАСС, што ў яе ёсць дазвол на сем пералётаў на тыдзень у падмаскоўны аэрапорт Дамадзедава і на чатыры рэйсы ў Пецярбургскі Пулкава. Таксама новы план палётаў ухвалілі і ў французскай AirFrance. Такі рэйс ужо вылецеў у Маскву з Парыжа, ён стаў першым за тры дні.

Да гэтага дазвол атрымала і Austrian Airlines. У той жа час у аўстрыйскай авіякампаніі сказалі, што яно дзейнічае толькі ў дачыненні да аднаго сённяшняга рэйса, і арганізацыя спадзяецца, што ў будучыні яна зможа арганізоўваць і іншыя падобныя перавозкі.

Тым часам часопіс Forbes са спасылкай на крыніцу паведамляе, што і расійскія авіякампаніі здзейснілі ўжо каля дзесяці рэйсаў у абыход Беларусі. З-за чаго менавіта было прынята такое рашэнне, суразмоўца выдання не ўдакладніў.

Паводле «Салідарнасці».