Палітыкі патрабуюць спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў і прафсаюза РЭП

Звароты з патрабаваннямі спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў і лідараў прафсаюза РЭП перадалі 17 верасня ў Адміністрацыю прэзідэнта лідары руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў, а таксама сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі.

sledczy_kamitet.jpg


У адным са зваротаў адзначаецца, што ў пачатку жніўня Следчы камітэт правёў "беспрэцэдэнтную атаку на незалежныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі, што выявілася ў брутальных затрыманнях і распачынанні крымінальных спраў у дачыненні да журналістаў, вобшуках і канфіскацыі аргтэхнікі ў рэдакцыях. Супраць шэрагу журналістаў былі распачатыя крымінальныя справы", піша racyja.com са спасылкай на БелаПАН.
Палітыкі падкрэслілі, што "рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да незалежных СМІ і журналістаў груба парушае права на свабоду слова ў краіне, а таксама непазбежна вядзе да нарастання супрацьстаяння ўнутры грамадства, пазбаўляе Беларусь магчымасці эфектыўна рэагаваць на выклікі гібрыднай пагрозы”. Аўтары звароту патрабуюць неадкладна спыніць націск на незалежныя СМІ, журналістаў і блогераў.
 У другім звароце адзначаецца, што расследаванне крымінальнай справы і судовы працэс у дачыненні да лідараў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка праходзілі "з грубымі парушэннямі законнасці і не выявілі доказаў іх віны”. "Рашэнне, вынесенае ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП, закліканае зрабіць націск на кіраўніцтва прафсаюза, каб падарваць дзейнасць прафсаюза і прадухіліць яго актыўны ўдзел у жыцці грамадства. Такім чынам прысуд, вынесены судом, з’яўляецца парушэннем правоў чалавека і свабоды асацыяцыі, парушэннем нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязацельстваў Беларусі”, — гаворыцца ў дакуменце.
Рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў "непазбежна вядзе да нарастання супрацьстаяння ўнутры грамадства, дыскрэдытуе нашу краіну сярод дэмакратычнай міжнароднай супольнасці”, лічаць палітыкі. Яны патрабуюць перагледзець рашэнне суда і апраўдаць асуджаных, а таксама спыніць націск на незалежныя прафсаюзы і далейшы крымінальны пераслед лідараў прафсаюза РЭП.
Аналагічныя звароты будуць накіраваныя па пошце ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт.