Нібы пад капірку: што адказала Адміністрацыя прэзідэнта на звароты па «справе прафсаюзаў»?

Адміністрацыя прэзідэнта адказала на зварот актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова аб спыненні крымінальнага пераследу лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

Каля Адміністрацыі прэзідэнта. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Каля Адміністрацыі прэзідэнта. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Раніцай 24 жніўня, у дзень вынясення судом Савецкага раёна Мінска прысуду па «справе прафсаюзаў», да прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек. Яны перадалі у прыёмную звароты, у якіх адзначалі беспрэцэдэнтны ціск, які аказваецца на сябраў прафсаюза РЭП і прасілі спыніць крымінальны пераслед яго кіраўнікоў.
У адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян Рыгора Шлыка адзначана наступнае:
«Службовыя асобы Адміністрацыі Прэзідэнта не маюць права даваць ацэнку рашэнням, якія прымаюцца судамі, адмяняць іх ці пераглядваць, а ў адпаведнасці з артыкулам 110 Канстытуцыі РБ якое-небудзь умяшальніцтва ў дзейнасць суддзяў па адпраўленні правасуддзя недапушчальна і накладае адказнасць па закону».
Аналагічныя адказы, нібы напісаныя пад капірку, атрымалі і іншыя заяўнікі, у прыватнасці актывіст з Мазыра Уладзімір Неўмяржыцкі і жыхарка Мінска Мая Навумава.
Паводле spring96.org