Паротнікаў: Беларускае паўстанне прайграла не Лукашэнку

На «Філіне» працягваецца дыскусія пра прычыны, па якіх рэвалюцыя 2020 года не змагла перамагчы. Сваё меркаванне з гэтай нагоды выказаў кіраўнік праекта «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Андрэй Паротнікаў. Фота: euroradio.fm

Андрэй Паротнікаў. Фота: euroradio.fm


— Няўжо пачаты ў 2020-м рэвалюцыйны працэс ужо не прывядзе да істотных наступстваў, да змены ўлады ў краіне?
— Я не лічу, што ў 2020 годзе мы былі сведкамі рэвалюцыйнага працэсу. Рэвалюцыя — гэта арганізаваны і кіруемы працэс з выразнай палітычнай праграмай.
— Што ж тады гэта было?
— Гэта было мірнае народнае паўстанне, справакаванае фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў (дзе адзін з удзельнікаў відавочна прайграў), а таксама масавымі рэпрэсіямі ўнутры краіны.
Гэта была стыхійная рэакцыя грамадства на відавочную палітычную несправядлівасць. Не бачу падстаў гаварыць пра тое, што гэта была рэвалюцыя. Гэта было тыповае паўстанне, якіх у гісторыі было вельмі шмат. Рэвалюцыя наперадзе. Калі? Я не гадаю на кававай гушчы.
— Ці згодныя вы з меркаваннем, што адной з галоўных прычын паразы пратэсту ў 2020-м стала адсутнасць сярод яго лідараў людзей з дастатковым палітычным досведам?
— З гэтым можна пагадзіцца. Можна нават сказаць, што сярод лідараў не было людзей з наогул палітычным досведам – досведам барацьбы за ўладу. Яго не было ні ў Ціханоўскай, ні ў Знака, ні ў многіх іншых.
Іншая справа, што трэба ўсведамляць, каму прайграла паўстанне. Паўстанне прайграла не Лукашэнку, паўстанне прайграла Пуціну.
Цалкам зразумела, што калі б Пуцін у дваццатых чысла жніўня не заявіў пра гатоўнасць адправіць войскі ў Беларусь, не заявіў, што сфармаваны рэзерв Расгвардыі для адпраўкі ў Беларусь, то ў кастрычніку ў нашай краіне быў бы прэзідэнт з іншым прозвішчам.
Па вялікім рахунку, Лукашэнка пацярпеў паразу ў той сітуацыі. Раней у яго быў імідж чалавека, які абапіраецца на падтрымку большасці беларусаў, ці, прынамсі, імідж чалавека, прымальнага для асноўнай масы насельніцтва. Цяпер відавочна, што гэта не так.
— Пры якіх умовах Пуцін мог прыняць беларускае паўстанне? Што павінны былі зрабіць лідары пратэсту?
— Пуцін мог бы прыняць гэтае паўстанне толькі пры ўмове, што ён сам яго і арганізаваў. Калі б яно было прарасійскім, зрэжысэраваным і кантралюемым Крамлём. Але гэтага не было, адпаведна, Пуцін паўстанне не падтрымаў.
Той факт, што прэзідэнт Расіі ў крытычнай сітуацыі, калі ён мог падтрымаць любы з двух бакоў і гэта мела б вырашальны ўплыў на зыход супрацьстаяння, выбраў Лукашэнку, сведчыць аб тым, што ўсе казкі пра крамлёўскі след у палітычных амбіцыях Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі з'яўляюцца пустой балбатнёй.
— Якія яшчэ фактары прывялі да паразы беларускага паўстання?
— Нагадаю, што шмат гадоў самым папулярным палітыкам у Беларусі быў Уладзімір Пуцін. Не замежны палітык, а палітык наогул. Яго падтрымка прывяла да кансалідацыі бюракратычнага і сілавога апаратаў вакол Аляксандра Лукашэнкі і стымулявала іх гатоўнасць ісці на крайнія меры.
— Сёння папулярнае меркаванне, што праз падзеі 2020 года, праз тое, што Лукашэнка аказаўся ў моцнай залежнасці ад Пуціна, Беларусь страціла фактычны суверэнітэт. Гучаць заявы нават пра акупацыю.
— Мяркую, што заявы пра страту суверэнітэту і акупацыю — поўнае глупства. У асноўным гэтая тэма педалюецца тымі дзеячамі, якія ўжо шмат гадоў знаходзяцца за мяжой, не вярталіся ў Беларусь (хоць у іх была такая магчымасць) і відавочна не плануюць вяртацца ў краіну ў будучыні (ні пры якіх умовах). Таксама гэтую думку рэтранслююць некаторыя замежныя назіральнікі, але з іх боку гэта, хутчэй за ўсё, з'яўляецца кан'юнктурай.
Што тычыцца ўзроўню цяперашняй залежнасці Беларусі ад Расіі, як ні парадаксальна, яна істотна не вырасла ў параўнанні з давыбарнымі часамі.
Так, з аднаго боку, відавочная слабасць Лукашэнкі, паколькі ён страціў грамадскую падтрымку.
Але, з іншага боку, Пуцін, які падтрымаў у жніўні 2020 года Лукашэнку, тым самым увогуле абавязаўся падтрымліваць яго і далей — з іміджавых меркаванняў кіраўнік Расіі не можа дапусціць краху свайго палітычнага пратэжэ.
— Як да народнага паўстання 2020 года будуць ставіцца ў Беларусі ў будучыні: яго наступствы ацэняць станоўча ці адмоўна?
— Лічу, што выключна станоўча. Думаю, у Мінску з'явіцца праспект 9-га жніўня, а імёнамі загінулых людзей будуць названыя вуліцы і плошчы.